На пошце з 1 студзеня 2020 года змяніліся ўмовы прыёму некаторых плацяжоў праз сістэму АРЫП – з іх спаганяецца камісія.
Адразу скажам, што аплата жыллёва-камунальных паслуг і хатняга тэлефона ажыццяўляецца ва ўсіх аперацыйных вокнах па ранейшых правілах, без камісіі. Бескамісійнымі засталіся і плацяжы ў бюджэт, на дабрачынныя рахункі, а таксама плацяжы для ўдзельнікаў вайны (пры прад’яўленні адпаведнага дакумента).
Начальнік Стаўбцоўскага ўчастка паштовай сувязі Марына Петух растлумачыла сутнасць уведзеных РУП “Белпошта” патрабаванняў:
— На аб’ектах паштовай сувязі пры прыёме абмежаванага спісу плацяжоў праз аперацыйныя вокны шляхам АРЫП ажыццяўляецца дадатковая плата ў памеры 60 капеек за кожную аперацыю на карысць вытворцы паслуг.
Да прыкладу, хочаш у паштовым “акне” заплаціць за крэдыт – рыхтуй грошы на камісію. Падобны прынцып работы з кліентамі – не навінка, ён дзейнічае і ў банках.
Разам з тым, на пошце ёсць магчымасць аплаты любых паслуг наяўнымі або банкаўскай карткай без камісіі – праз плацёжна-даведачны тэрмінал.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ