«Лячыць» грамадскія праблемы

Важное Медыцына

Ва УАЗ «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца» вядзецца работа супраць карупцыі, па рэсацыялізацыі абавязаных асоб. Ёсць і іншыя напрацоўкі ў вырашэнні ідэалагічна-выхаваўчых задач сучаснага грамадства.

Імі галоўны ўрач бальніцы Святлана Глебка падзялілася з удзельнікамі абласнога семінара-калегіі, які праходзіў напрыканцы 2019 года на базе нашага раёна. Падрыхтаваная відэапрэзентацыя стала наглядным дапаможнікам для работнікаў ідэалагічнай сферы Мінскай вобласці. Непадробленую цікавасць выклікаў стэнд «Ідэалагічная работа», на якім акрамя рознабаковай інфармацыі па тэме знайшлося месца і дзяржаўнай атрыбутыцы, Дзяржаўнаму гімну Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага стэнда ў бальніцы ёсць і Дошка гонару, якая служыць адным са спосабаў маральнага стымулявання работнікаў.

У апошнія гады стаўбцоўская бальніца стала паспяховай установай, дзе кожнаму пацыенту прапануецца даступная высокакваліфікаваная медыцынская дапамога, дзе ўкараняюцца новыя метады лячэння і віды медыцынскай дапамогі, дзе асвоена інфарматызацыя і электронны дакументаабарот. Нагадаем, што летась, акурат у 80-годдзе з дня заснавання, у бальніцы адкрылася сучаснае прыёмнае аддзяленне, з’явіўся свой музей і быў адкрыты мемарыяльны камень.

У бальніцы непадробленую цікавасць выклікаў гэты стэнд

Напэўна, лагічна і тое, што ў бальніцы, дзе працуе больш за 860 чалавек, на высокім узроўні пастаўлена і ідэалагічная работа. Яна праводзіцца ў цеснай сувязі з раённым выканаўчым камітэтам паводле асноўных напрамкаў дзяржаўнай ідэалагічнай палітыкі. Рэалізуюць гэтыя напрамкі свае інфармацыйна-прапагандысцкія групы падчас адзіных дзён інфармавання, камісія па супрацьдзеянні карупцыі, а таксама пярвічныя грамадскія арганізацыі ветэранаў, Беларускага саюза жанчын, РГА «Белая Русь», БРСМ. Актыўна працуе пярвічная прафсаюзная арганізацыя, якая ў тым ліку дапамагае замацоўваць маладыя кадры, культываваць сярод медработнікаў здаровыя традыцыі.

Адметна і тое, што бальніца, з’яўляючыся адным з  суб’ектаў прафілактыкі, удзельнічае ў рэалізацыі Закона «Аб прафілактыцы», Дэкрэта № 18 і іншых нарматыўна-прававых актаў. Да прыкладу, на даны момант бальніцай працаўладкаваны тры абавязаныя асобы, з кожнай вядзецца карпатлівая работа па вяртанні ў соцыум.

Красамоўную ацэнку ідэалагічнай рабоце ў Стаўбцоўскай ЦРБ даў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Бандарэнка: «У бальніцы работа гэтая прыкметная. Адчуваецца, што кіраўнік установы валодае ідэалагічнымі пытаннямі, і гэта, несумненна, надае ім адпаведную статуснасць».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *