24 снежня ў Засульскай сярэдняй школе ў рамках рэалізацыі праекта «ШАГ» – «Школа Актыўнага Грамадзяніна» – адбылася сустрэча «Традыцыі маёй краіны», на якой прысутнічалі знакаміты выпускнік Засульскай сярэдняй школы, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Валянцін Татарыцкі і намеснік начальніка арганізацыйна-прававой работы і кадраў камітэта Людміла Мішчук. У форме адкрытага мікрафона адбылася размова з навучэнцамі 8–11 класаў.

На пачатку размовы прысутныя абмеркавалі праект «Традыцыі суверэннай Беларусі», які быў падрыхтаваны Беларускім тэлеграфным агенцтвам да 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Увага была звернута на Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, святкаванне Дня Незалежнасці, Дня Перамогі, падтрымку дзяцінства. Высокія тэхналогіі дапамагаюць у адукацыйнай прасторы, што важна ў наш час. Успомнілі традыцыі, звязаныя з моладдзю: навагодні баль для моладзі, рэспубліканскі баль выпускнікоў, акцыю «Нашы дзеці». Валянцін Баляслававіч сказаў, што традыцыі суверэннай Беларусі – гэта фундамент дзяржаўнасці, таму з маленства неабходна фарміраваць патрыятызм, працалюбства, павагу да гістарычнай і культурнай спадчыны нашай краіны.
Падчас сустрэчы навучэнцы распавядалі пра свае дасягненні, прыслухоўваліся да парад Валянціна Баляслававіча, задавалі пытанні. Трэба адзначыць, што ў Засульскай сярэдняй школе захоўваюцца і развіваюцца добрыя традыцыі, пра якія быў паказаны відэафільм.
У рамках акцыі «Нашы дзеці» ад Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь школе быў уручаны каштоўны падарунак – акустычная сістэма і набор пяркусіі для навучэнцаў пачатковай школы.
У сваю чаргу госці таксама атрымалі сувеніры, выкананыя рукамі навучэнцаў, і святочнае музычнае віншаванне ад выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах «Ноткі». Валянцін Татарыцкі пажадаў светлай будучыні, упэўненасці ў правільным выбары шляху, раскрыцці талентаў.
Марына КУТАС, фота аўтара