Брыгада пастаралася для жыхароў Кнотаўшчыны

Главное Эканомiка

Гэтымі днямі энергетыкі фактычна выйшлі на завяршальную стадыю па рэканструкцыі размеркавальных сетак 0,4-10 кВ у вёсцы Кнотаўшчына.

Электраманцёры (злева направа) Аляксандр Макарэвіч, Дзмітрый Паплаўскі і Міхаіл Янушка займаюцца ўстаноўкай энергазберагальных ліхтароў

Завітаўшы на аб’ект, бачым на нешырокай вясковай вуліцы прыкметнае ажыўленне, чуем гул тэхнікі. Працуюць аўтавышка і трактар. Майстар Стаўбцоўскага РЭС Сяргей Стома тлумачыць:

– Работы вядзём сумесна з падраднай арганізацыяй – будаўніча-мантажным упраўленнем № 5. Аб’ёмы вялікія, таму стараемся своечасова ажыццяўляць допуск будаўнікоў. Наша функцыя заключаецца і ў тым, каб весці назіранне за выкананнем работ на лініях.

Згодна з праектам, на аб’екце заменена каля 1,5 км ліній 0,4 кВ. Лініі знаходзяцца ў эксплуатацыі больш за тры дзясяткі гадоў і, відавочна, сваё ўжо адслужылі. На змену драўляным апорам устаноўлены бетонныя, зманціраваны ізаляваны провад. «З’явіліся дзве падстанцыі замест адной КТП», – звяртае ўвагу майстар на істотныя нюансы ў электразабеспячэнні Кнотаўшчыны.

Вяскоўцы, пакуль не закончана рэканструкцыя, з разуменнем ставяцца да пэўных нязручнасцяў. Яны ведаюць, што пасля здачы аб’екта ў эксплуатацыю іх чакае шмат дадатковых бонусаў. Так, надзейнасць электразабеспячэння дазволіць устанаўліваць у дамах электрапліты і карыстацца рознымі сучаснымі энерганасычанымі прыборамі. Акрамя таго, раней на ўсю вёску былі чатыры светлавыя кропкі. Цяпер жа вулічныя ліхтары – праз апору. Яны, да таго ж, святлодыёдныя,  а значыць – яркія і энергазберагальныя.

– Асноўны фронт работ ужо выкананы. У 2020 годзе ў жыхароў Кнотаўшчыны будзе новае асвятленне, – запэўнівае вопытны майстар.

У энергетыцы, а менавіта ў Стаўбцоўскім РЭС, Сяргей Стома шчыруе амаль 30 гадоў. Усе аб’екты ў зоне свайго абслугоўвання ён ведае дасканала. Заглядаючы на перспектыву, Сяргей Міхайлавіч зазначае, што рэканструкцыі сетак чакаюць у першую чаргу ў Жыгалках, Вязаўцы, Белькаўшчыне.

– Калектыў брыгады склаўся добры, працаздольны, – падключаецца да размовы брыгадзір Аляксандр Кулініч, таксама далёка не навічок у энергетыцы.

У брыгадзе працуюць электраманцёры Аляксандр Макарэвіч, Дзмітрый Паплаўскі, Сяргей Шпакоўскі і Міхаіл Янушка. У кожнага ёсць вопыт работы, і гэта пацвярджаецца трэцяй кваліфікацыйнай групай. Дзмітрый Паплаўскі з’яўляецца ў брыгадзе яшчэ і грамадскім інспектарам у пытаннях аховы працы. Міхаіл Янушка сумяшчае абавязкі электраманцёра і вадзіцеля.

На аб’екце сустракаем машыніста аўтавышкі Віктара Мазуркевіча, які задзейнічаны на дэмантажы старых правадоў. У яго работа – на вышыні, таму, напэўна, і настрой заўсёды аптымістычны. Сваю працу машыніст любіць, даражыць ёю, таму тэхніку падтрымлівае ў рабочым стане.

У галоўнага інжынера Стаўбцоўскага РЭС Дзмітрыя Бычкевіча няма пытанняў да работы брыгады. Абавязкі кіраўніка на аб’екце спраўна выконвае майстар Сяргей Стома. У недалёкім мінулым і сам Дзмітрый Бычкевіч быў майстрам. У 2011 годзе пачынаў на ўчастку ў Дзераўной, апошнім часам працаваў майстрам кабельных ліній. З мая бягучага года прызначаны галоўным інжынерам. Значыць, у Дзмітрыя Вікенцьевіча ёсць магчымасць і рэалізаваць свой патэнцыял, і зарэкамендаваць сябе на гэтай адказнай пасадзе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *