Самыя прыгожыя, самыя шчаслівыя

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

Яркай падзеяй, сапраўдным фестывалем стаў занальны конкурс «Шматдзетная сям’я года Міншчыны»,  праведзены ў Стоўбцах. Арганізатарам яго выступіў раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У конкурсе прынялі ўдзел шматдзетныя сем’і з пяці раёнаў – Дзяржынскага, Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Стаўбцоўскага.

Яшчэ да таго, як прыгожыя, вясёлыя сем’і выйшлі на сцэну для выканання конкурсных заданняў, у фае раённага Цэнтра культуры яны прадставілі свае прэзентацыйныя выставы і правялі майстар-класы. Можна было акунуцца ў свет захапленняў сям’і, палюбавацца  прыгожымі мастацкімі вырабамі – плёнам фантазіі і талентаў бацькоў і дзяцей.

У журы занальнага конкурсу ўвайшлі намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Трубчык, намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Шэсцель, старшыня Стаўбцоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Жанна Лысая, старшыня раённай арганізацыі абласнога грамадскага аб’яднання «Шматдзетная сям’я» Алена Асаёнак, начальнікі ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзяржынскага, Капыльскага, Нясвіжскага, Уздзенскага райвыканкамаў Міхаіл Смольскі, Валянціна Козіч, Ірына Чамярэўская, Надзея Цупа, дырэктар Клецкага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зоя Уласевіч, старшыня Мінскага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Галіна Пронька.

Выступленні сем’яў былі яркімі, прыгожымі, яны падарылі шмат прыемных мінут гледачам і журы, якое здорава азадачылі: выбраць лепшую сям’ю было няпроста.

Стаўбцоўшчынупрадстаўляла сям’я Дзмітрыя і Надзеі Булашаў і іх трое дзетак. Надзея Вацлаваўна працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Дзмітрый Міхайлавіч –  шліфоўшчыкам на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Шасцікласніца Ганна і пяцікласніца Марыя вучацца ў гімназіі № 1, Цімафей наведвае дзіцячы сад № 4.

Капыль прадставіла сям’я Віктара і Галіны Бушылаў з чатырма дзецьмі – васьмікласніцай Хрысцінай, шасцікласнікам Максімам, дашкольнікамі Мацвеем і Марыяй.

З Клецка паўдзельнічаць у конкурсе прыехала сям’я Аляксандра і Іны Балцянковых. Іх  дзеці – навучэнка Клецкага ліцэя Карына, курсант Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Арцём,  дашкольнік Данііл.

Нясвіжчыну прадстаўляла сям’я Алега і Вольгі Барташэвічаў. Дзеці – блізняты сямікласніцы Ангеліна і Карына і дашкольнік Дзмітрый – былі ім слаўнымі памочнікамі.

З Дзяржынска на конкурс прыехала сям’я Уладзіміра і Святланы Шыдлоўскіх. Іх дзеці – шасцікласніца Валерыя, першакласніца Ксенія і дашкольнік Антон.

Арганізатары конкурсу падрыхтавалі для гледачоў відэасюжэты, у якіх далі магчымасць убачыць канкурсантаў у звычнай дамашняй абстаноўцы, пачуць аб размеркаванні абавязкаў, аб марах, захапленнях. Кожнай сям’і ў конкурснай праграме, якая ўключала некалькі этапаў, патрэбна было раскрыць таленты і даказаць, што іх сям’я самая-самая. Візітная картка ў многім вызначыла сімпатыі гледачоў і журы. Потым сем’і прадстаўлялі сацыяльны праект здаровага ладу жыцця і расказвалі аб поспехах і дасягненнях у выхаванні і навучанні сваіх дзяцей.

Выступленне кожнай сям’і было як асобны спектакль. Ва ўсіх сем’ях дзеці наведваюць розныя студыі –  харэаграфічныя гурткі, займаюцца вакалам ці спяваюць у ансамблях, іграюць на музычных інструментах, раскрываюць таленты ў аб’яднаннях выяўленчага мастацтва, тэатральных, рэалізоўваюць сябе ў спартыўных секцыях… Канешне ж, сцэна дала ім магчымасць паказаць сябе. Яны прыклалі ўсе свае сілы, каб спадабацца публіцы і журы. Дзеці разумелі, што ад іх старанняў у многім будзе залежаць вынік конкурсу. Іх натхняла тое, што разам былі мамы і таты. І гэты саюз сэрцаў і душ асвятляў залу і саграваў усіх. І сапраўды, сям’я – адзіны арганізм. Прысутныя ў зале маглі акунуцца ў свет кожнай сям’і, перажыць разам з бацькамі і дзецьмі прыгожыя моманты, нарэшце, парадавацца таму, якія маладыя прыгожыя і моцныя сем’і жывуць сярод нас.

Конкурс спаўна выканаў сваю задачу – падтрымку прэстыжу шматдзетнай сям’і ў нашым грамадстве, павышэнне яе статусу і аўтарытэту, умацаванне маральных і духоўных асноў. Газетная плошча не дазваляе падрабязна расказаць пра кожную з гэтых сем’яў – мы абмежаваны рамкамі рэпартажу. Бясспрэчна, што пра кожную з іх можна было б пісаць асобны нарыс.

Конкурс прайшоў у  сапраўды сямейнай атмасферы любові, радасці, цеплыні. У гэтым  вялікая заслуга вядучых. У ролі канферансье выступілі супрацоўнік раённага Цэнтра культуры Віталь Ігнаценка і дырэктар Стаўбцоўскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Ранцюк. Для ўсіх прысутных стала прыемным сюрпрызам сольнае выкананне Дзіянай Ранцюк, членам народнай эстраднай студыі «Арыенцір» раённага Цэнтра культуры, песні «Погода в доме». Для іміджу маладога кіраўніка тэрытарыяльнага цэнтра яе талент зрабіў такі плюс, што журы разглядвае варыянт запрасіць Дзіяну Генадзьеўну вядучай на абласны конкурс «Шматдзетная сям’я года Міншчыны».

Журы прыняло рашэнне, што ў абласным этапе конкурсу прыме ўдзел сям’я Алега і Вольгі Барташэвічаў са Снова  Нясвіжскага раёна.

Арганізатары конкурсу ўдзячныя спонсарам, якія дапамаглі ў арганізацыі гэтага значнага і яркага мерапрыемства. У ліку іх – філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, раённая арганізацыя ГА «Белая Русь». Вялікую падтрымку  ў арганізацыі і правядзенні конкурсу аказаў раённы выканаўчы камітэт. Канкурсанты атрымалі падарункі, былі сагрэты ўвагай, цеплынёю сэрцаў і сімпатыямі гледачоў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: сям’я Булашаў са Стоўбцаў; 1 — сям’я Барташэвічаў з Нясвіжскага раёна, 2 — сям’я Шыдлоўскіх з Дзяржынскага раёна, 3 — сям’я Бушылаў з Капыля, 4 — сям’я Балцянковых з Клецкага раёна.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *