Курэнне спрыяе развіццю рака поласці рота

Важное Медыцына

Сусветная арганізацыя аховы здароўя штогод праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя некурэнню, каб прыцягнуць увагу да небяспекі для здароўя, якую нясе ўжыванне тытуню, і нагадаць пра курэнне як сацыяльную праблему грамадства.

Згодна з данымі Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, колькасць тых, хто курыць ва ўзросце 30–39 гадоў, складае 64,8 працэнта ў мужчын і 14,9 працэнта – у жанчын. Курцоў ва ўзросце 14–17 гадоў налічваецца 34,2 працэнта. 73 працэнты заўзятых курцоў паспрабавалі курыць да 17 гадоў, гэта значыць яшчэ ў перыяд навучання ў школе.

У склад тытунёвага дыму ўваходзяць каля 4000 розных кампанентаў, у тым ліку 755 вуглевадародаў, 920 гетэрацыклічных азоцістых злучэнняў, 22 нітразаміны, а таксама газавыя фракцыі незгарэлых часціц і смол.

Нікацін належыць да моцных раслінных ядаў. Яго смяротная доза, 80–120 мг, утрымліваецца ў адной цыгарэце. У арганізм пры скурванні цыгарэты паступае 2-4 мг. Чым часцей чалавек курыць, тым больш нікаціну трапляе. Нават пры скурванні адной пачкі цыгарэт за кароткі час можа наступіць цяжкае атручэнне і нават смерць.

Сярод тых, хто захварэў на рак лёгкага, курцы складаюць больш за 90 працэнтаў, а сярод астатніх многія з’яўляюцца пасіўнымі курцамі, гэта значыць з дзяцінства знаходзіліся сярод тых, хто курыць. Разам з тым надзвычай важна ведаць, якім чынам спыненне курэння зніжае рызыку захворвання на рак лёгкага: ужо праз 5 гадоў яна пачынае зніжацца, а праз 20 гадоў пасля спынення набліжаецца да такой, якая характэрна для некурцоў.

Курэнне і ўжыванне алкаголю з’яўляюцца фактарамі развіцця рака поласці рота ў 75 працэнтах выпадкаў. Рызыка ўзнікнення раку мачавога пузыра і ныркі сярод тых, хто курыць, вышэйшая ў 5-6 разоў (яна ўзрастае з павелічэннем колькасці цыгарэт, што выкурваюцца ў дзень, і працягласці курэння, а таксама ў тых, хто пачаў курыць у маладым узросце).

Па даных англійскіх і канадскіх даследчыкаў, рызыка раку прастаты павялічваецца прапарцыянальна працягласці курэння і ліку цыгарэт, што выкурваюцца ў дзень. Амерыканскія даследчыкі сцвярджаюць, што на 17 працэнтаў павялічваецца колькасць захворванняў на рак ныркі ў сувязі з курэннем (21 працэнт у мужчын і 11 працэнтаў у жанчын). Памяншэнне рызыкі развіцця раку ныркі на 30 працэнтаў адбываецца праз 10 гадоў пасля адмовы ад курэння.

Разумнае стаўленне да свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх можа засцерагчы ад такога сур’ёзнага захворвання, як рак. Курэнне прыводзіць да хуткага старэння і ранняй смерці, таму кідайце гэтую згубную звычку – і вы працягнеце сваю маладосць і дабавіце сабе 10-15 гадоў жыцця.

Паліна ВЫСОЦКАЯ, памочнік урача-валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *