Таццянін дзень

Важное Соцыум

У многіх працоўных калектывах ёсць працаўніцы, якія носяць гэтае імя. У ліку іх і Таццяна Базарэўская, начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг № 518 рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк».

Мы пачынаем размову з Таццянай Уладзіміраўнай з пытання хто ёй даў імя.

–       Мой тата. Калі я нарадзілася, мама прапанавала яму на выбар імёны Юлія і Таццяна. Ён выбраў апошняе. Калі таты не стала, мне было 17 гадоў. Я застаюся яму ўдзячная. Гэта спадчыннае імя, яго насіла маці маёй мамы. Бабуля жыла ў Зэльвенскім раёне, была простай працаўніцай у сельскай гаспадарцы. Яна маці траіх дзяцей.

–       Таццяна Уладзіміраўна, што акрамя імя перадалося вам па спадчыне ад бабулі?

–       І ад бабулі, і ад сваёй мамы Раісы Якаўлеўны я ўзяла такое каштоўнае правіла – разумець галоўнае прызначэнне жанчыны: аберагаць сваёй жаноцкай мудрасцю, цярпеннем, любоўю сямейны ачаг, быць добрай жонкай і маці. Менавіта ў сваёй сям’і я чэрпаю энергію, веру, аднаўляю  сілы. Сям’я – самая дарагая каштоўнасць у жыцці. У нас з мужам два сыны – Павел, яму 20 гадоў, і Аляксандр, яму 14 гадоў.

–       Думаю, што нельга абмінуць і значэнне вашых службовых абавязкаў. Што патрэбна мець, каб адпавядаць высокай пасадзе начальніка цэнтра банкаўскіх паслуг?

–       Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў банкаўскай сістэме я працую з 1996 года, а ў Стоўбцах – з 1997-га, апошнія пяць гадоў узначальваю калектыў. Для таго каб стаць дырэктарам, да гэтага патрэбна было шмат працаваць, набыць прафесіяналізм, вопыт, што дае ўпэўненасць у сваіх сілах. Да таго моманту, як была назначана начальнікам, я кіравала крэдытнай службай, актыўна займалася крэдытаваннем юрыдычных асоб, прадпрыемстваў Стаўбцоўскага раёна. У нас выдатны калектыў, мы заўсёды адзін аднаго падтрымліваем, з дабром прымаем усіх, хто ўліваецца да нас. Кліентам стараемся аказаць поўны спектр паслуг, пачуць іх патрэбнасці, каб яны пакідалі банк задаволеныя, з добрым настроем. Многія людзі звяртаюцца па крэдыт на спажывецкія патрэбы, на будаўніцтва жылля, хтосьці скарыстоўвае модныя гаджэты, такія як плацежнае кальцо банка, спартыўныя карткі. Важнай функцыяй нашага цэнтра з’яўляецца крэдытная падтрымка прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна для правядзення сельскагаспадарчых кампаній. Актыўна падтрымліваем малы і сярэдні бізнес, нядаўна створаныя прадпрыемствы могуць звяртацца ў наш банк па крэдытаванне, ажыццяўляць міжнародныя плацяжы. Нашы кліенты могуць карыстацца пакетамі паслуг банка, партнёрскай праграмай для бізнесу «ШиреКруг», а таксама актыўна размяшчаць сродкі на дэпазітах банка, такім чынам зарабляючы грошы.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *