
Сёлета ў вытворча-майстарскім участку «Акінчыцы» Стаўбцоўскага лясгаса будзе ажыццёўлена мадэрнізацыя пелетнай вытворчасці.
– Вывучаем тэхнічныя характарыстыкі сучаснага пелетнага абсталявання і рыхтуемся да тэндара для яго закупкі, – зазначае начальнік ВМУ Генадзь Клімовіч.
Як вядома, на ўчастку выпускаецца 250-300 тон пелетаў у месяц, а пасля мадэрнізацыі іх выпуск фактычна падвоіцца. На даны момант уся пелетная прадукцыя лясгаса запатрабавана замежнымі спажыўцамі.
За межы рэспублікі пастаўляецца ў пераважнай большасці і асноўная прадукцыя ўчастка — абразныя піламатэрыялы, выпушчаныя на новай лініі славенскай фірмы MEBOR. Каб павялічыць яе дабаўлены кошт, напрыканцы мінулага года былі ўведзены ў эксплуатацыю дзве сушыльныя камеры, кожная – аб’ёмам 126 м3. Увогуле вытворцы завяршылі 2019 год без страт, маючы стабільны даход і перспектыву.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара