«Альбуцкі куфэрак». Ганна Стасянок знайшла сябе ў вязанні

Альбуцкі куфэрак Важное Спецвыпускі «Праменя»

Ганна Стасянок навучылася вязаць з дзяцінства, з дзевяці гадоў. На ўроках працоўнага навучання настаўніца прывіла любоў да гэтага занятку. Гэта былі першыя ўрокі – вязанне пруткамі, кручком. Калі выйшла замуж, у водпуску па доглядзе дзіцяці шмат вязала: і касцюмы, і сукенкі. Падчас працы намеснікам дырэктара ДЮСШ стала не так шмат часу, і жанчына пакінула гэты від рукадзелля. Цяпер Ганна Адольеўна на пенсіі і вырашыла працягнуць сваё захапленне. Яна вяжа і цацкі, і адзенне.

Псіхолагі называюць вязанне ёгай для мозга. Чаму ж так? А ўсё проста. Як лічыць Ганна Стасянок, калі пачынаеш вязаць, то супакойваешся, не нервуешся. У кожную цацку ўкладваюцца энергія, часцінка сябе. Натхненне жанчына чэрпае ў прасторах інтэрнэту, аднак і сама прыдумвае нешта новае.

Пры стварэнні рэчы ўсё залежыць ад таго, якая яна. Напрыклад, калі гэта сукенка з ірландскімі карункамі, то патрэбна дастаткова часу, асабліва пры працы са стужкамі. Калі гэта цацка, то ў асноўным яе звязаць можна за два дні.

Колеры для сваіх вырабаў Ганна Адольеўна выбірае зыходзячы са свайго ўспрымання, як падказвае душа. Калі жанчына вяжа, то яна адчувае натхненне, быццам стварае цуда. Ганна Стасянок поўнасцю аддае сябе атмасферы вязання. На даны момант самымі цяжкімі для яе застаюцца ірландскія карункі. Жанчына хоча асвоіць гэтую тэхніку.

Сярод сакрэтаў вязання Ганна Адольеўна адзначыла натхненне і ўяўленне. Як мастак малюе пэндзлікам, выкарыстоўваючы розныя фарбы ў патрэбным месцы і ствараючы пэўны вобраз, так і рука-дзельніца прадумвае свой вобраз. Пры стварэнні цацак яна хоча перадаць і ўсмешку, і сумны настрой.

У сваёй рабоце Ганна Стасянок выкарыстоўвае наборы кручкоў, пруткоў, для цацак – напаўняльнікі (халафайбер), ніткі. Матэрыялы жанчына выбірае адказна: калі цацка для дзяцей, то яна звяртае ўвагу на гіпаалергеннасць, добрае мыццё, каб не змяняла форму. Пры вязанні дзіцячага адзення выкарыстоўвае дзіцячую пражу, дарослага адзення – баваўняную тканіну або лён. Ганна Адольеўна вельмі важна, каб адзенне не скачвалася.

Самым удалым вырабам жанчына лічыць мішак, свінак, некаторыя элементы адзення. Самым цяжкім было вырабіць сукенку. Аднак Ганна Стасянок знаходзіць у сабе сілы, пагружаецца ў свет медытацыі.

Многія задумваюцца аб тым, як можна навучыцца гэтаму рукадзеллю. Адказ у Ганны Адольеўны просты: павінны быць жаданне, натхненне, вялікая ўседлівасць і цярпенне.

Гутарыла Марына КУТАС, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *