У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падвялі вынікі работы

Главное Медыцына

У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адбыўся галоўны сход года – справаздачны, які падвёў вынікі работы за 2019 год і паставіў задачы на новы, 2020-ы.

Добрым словам калегі згадалі былога галоўнага санітарнага ўрача раёна Ігара Кунцэвіча, які напрыканцы года развітаўся з  калектывам (ён узначальваў яго без малога 10 гадоў) перад сваім новым назначэннем – на пасаду галоўнага ўрача цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна сталіцы.

Са справаздачным дакладам выступіла в. а. галоўнага санітарнага ўрача раёна, загадчыца аддзела гігіены Алена Лойка. Прамоўца адзначыла, што задачы, пастаўленыя перад прафілактычнай медыцынай на 2019 год, выкананы: дзякуючы зладжаным дзеянням спецыялістаў сумесна з райвыканкамам і зацікаўленымі арганізацыямі на тэрыторыі нашага раёна за справаздачны перыяд удалося захаваць стабільную і кіруемую санітарную і эпідэміялагічную абстаноўку.

Прамоўца зрабіла глыбокі аналіз работы свайго аддзела гігіены, дзейнасць якога накіравана на паляпшэнне паказчыкаў, якія характарызуюць якасць асяроддзя пражывання жыхароў раёна. Былі прааналізаваны санітарны стан падкантрольных аб’ектаў, навядзенне парадку на роднай зямлі, бяспека харчовай сыравіны і прадукцыі, якасць пітной вады і паветра, гігіенічныя ўмовы навучання падрастаючага пакалення, умовы працы і быту на вытворчых прадпрыемствах, правядзенне прафілактычнай работы сярод насельніцтва па прапагандзе здаровага ладу жыцця. На падставе аналізу, атрыманых вынікаў маніторынгу пастаўлены задачы перад спецыялістамі на новы вытворчы год.

Кампетэнтна і прафесіянальна з трыбуны сходу зрабіла аналіз кантролю за ўзроўнем інфекцыйнай і паразітарнай захваральнасці загадчыца аддзела эпідэміялогіі Ірына Пятровіч. Па многіх паказчыках інфекцыйная захваральнасць у раёне ў мінулым годзе была ніжэйшай за сярэднеабласны паказчык (па рэгістрацыі выпадкаў ВІЧ-інфекцыі,  вострых кішэчных інфекцый, энтэрабіёзу). А вось выпадкаў туберкулёзу зарэгістравана больш, чым у мінулым годзе (9). Быў зроблены акцэнт на неабходнасці ўзмацнення работы з тымі, хто адмаўляецца ад прафілактычных прышчэпак. Эпідэміёлагі занепакоены таксама ростам выпадкаў шаленства сярод жывёлы. У мінулым годзе зарэгістраваны 17 лабараторна пацверджаных выпадкаў. Ва ўстановы аховы здароўя звярнуліся 155 чалавек. У два разы больш, чым у мінулым годзе, зарэгістравана выпадкаў хваробы Лайма (16 за год) у выніку ўкусаў кляшчоў. А ўсяго ў мінулым годзе ў медыцынскія ўстановы з укусамі кляшчоў звярнуліся 207 чалавек, з іх 66 дзяцей. Спецыялісты прафілактычнай медыцыны ставяць перад сабой задачу на бягучы год працягваць маніторынг колькаснага і відавога складу этнамафаўны ў раёне з прыняццем мер па папярэджанні размнажэння і распаўсюджання пераносчыкаў небяспечных інфекцый, своечасова праводзіць акарыцыдныя апрацоўкі ў зонах высокай рызыкі нападзення іксодавых кляшчоў на людзей, узмацніць інфармацыйна-асветніцкую работу сярод насельніцтва, у тым ліку і ва ўстановах адукацыі раёна.

Загадчыца лабараторнага аддзела ўрач-бактэрыёлаг Кацярына Лабун зрабіла аналіз работы лабараторыі па праведзеных пробах харчовай прадукцыі, пітной вады і іншых лабараторных даследаваннях.

Сур’ёзная атмасфера справаздачнага сходу з аналізам спраў напрыканцы нарады атрымала святочную афарбоўку. Па традыцыі былі ўшанаваны граматамі, падзякамі райвыканкама і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі работнікі за асабістую актыўнасць, ініцыятывы ў пэўных напрамках дзейнасці. Акрамя грамат яны атрымалі шыкоўныя букеты кветак. Члены калектыву падзякавалі адзін аднаму за спрыяльную, з падтрымкай адзін аднаго, атмасферу рабочых будняў і заручыліся ў такім жа духу несці калектыўную адказнасць за выкананне пастаўленых задач і ў новым вытворчым годзе.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *