Выведуць на творчую арбіту — якім будзе помнік Якубу Коласу ў Стоўбцах

Главное Год малой родины Культура

На якім этапе знаходзіцца праца над скульптурнай кампазіцыяй, што будзе ўстаноўлена ў стаўбцоўскім скверы? У якім вобразе паўстане класік нацыянальнай літаратуры? Аб гэтым даведалася карэспандэнт МЛЫН.BY у майстэрні мастака Івана Міско, дзе ствараецца рабочая мадэль скульптуры.

Помнікі Якубу Коласу ёсць у Мінску, а таксама ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, дзе ў сельскай школцы настаўнічаў класік. Бюсты народнага паэта Беларусі ўстаноўлены ў Ташкенце, дзе паэт жыў у эвакуацыі падчас вайны, і нават у Кітаі — на тэрыторыі Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў. А вось на малой радзіме Коласа помніка няма.

Міністэрства культуры летась аб’явіла конкурс. На разгляд журы паступіла амаль два дзясяткі эскізаў помніка. У выніку перамог праект творчай групы Івана Міско, Сяргея Логвіна і Уладзіміра Піпіна. Лейтматывам кампазіцыі стала вядомая паэма «Новая зямля», на стварэнне якой паэта натхніла родная Стаўбцоўшчына.

— У руках у Якуба Коласа — рукапіс. Ён быццам чытае вершаваныя радкі. А старонкі гэтага рукапісу, як птушкі, разлятаюцца па ўсім свеце, несучы людзям прыгажосць і веліч паэтычнага слова, — тлумачыць канцэпцыю вобраза скульптар Іван Міско.

Майстар прызнаецца: работа над праектам ідзе нялёгка — пастаянная змена рашэнняў, ідэй, кампазіцыйных варыянтаў. У першапачатковай конкурснай мадэлі помніка паэт сядзеў на лаўцы, што нагадвала і хвалі ракі Нёман, і маляўнічы кавалак дрэва. Зараз гэта прыгожая лаўка, выгнутая паўкругам.

— Лаўка — і арбіта творчая, і радуга яркага таленту паэта: яна сімвалізуе ўзлёт, лёгкасць, уздым, — тлумачыць ідэю скульптар.

Лаўка ўпрыгожана лістамі дуба — Колас вельмі любіў гэтае дрэва. Прыгледзеўшыся, можна ўлавіць контуры хлебных каласоў. А яшчэ там — класічныя радкі: «Мой родны кут, як ты мне мілы… Забыць цябе не маю сілы…»

Іван Міско ўжо тройчы пабываў у скверы на вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах, дзе будзе ўстаноўлены помнік. Майстру было важна ўбачыць ландшафт, каб зразумець маштаб і дакладна прывязаць скульптуру да мясцовасці. Бронзавая фігура Песняра ў вышыню перавысіць тры метры. Пакуль жа скульптар з калегамі стварае рабочую мадэль з пластыліну памерам усяго каля 50 сантыметраў. Да канчатковага кампазіцыйнага рашэння не прыйшлі. Напрыклад, мастакі ўсё яшчэ ў пошуку ідэальнай кашулі.

— Мы шукаем правільную касаваротку. Якіх толькі аўтэнтычных кашуль мне не прыносілі для лепкі: і з тэатра Янкі Купалы, і з Акадэміі мастацтваў — усе не тое… Хадзілі ў музей Якуба Коласа, але і там нічога не падабралі. Магчыма, замовім пашыў. Фасон адзення патрэбнага нам перыяду знайшлі ў кніжках. Не вызначыліся пакуль і з абуткам, — кажа Іван Акімавіч.

Скульптары паказалі мадэль будучага помніка сыну Коласа — Міхаілу Міцкевічу, каб пачуць яго меркаванне.

— Міхаілу Канстанцінавічу скульптура спадабалася, ён, дарэчы, быў і ў складзе журы рэспубліканскага творчага конкурсу. Параіў галаву паэта злёгку нахіліць уніз, заўважыўшы, што не трэба лішняга пафасу, велічнасці — бацька быў сціплы, ніколі не зазнаваўся. Сын паэта падзяліўся з намі і рэдкімі партрэтнымі фатаграфіямі, дзе профіль Коласа відаць буйным планам, гэта дапаможа ў лепцы твару. Вобраз Коласа ў маладосці — стройнага, з акуратнай бародкай, вядомы не кожнаму, таму наша задача — нівеліраваць узрост, вылепіць паэта маладым, але пры гэтым вельмі пазнавальным, — заўважае Іван Міско.

Дзень, калі адліты ў бронзе Якуб Колас з’явіцца на сваёй малой радзіме, стане знакавым. Чакаюць яго і жыхары Стаўбцоўшчыны, і ўсе аматары паэтычнага слова. Гэта стане вельмі патрэбным радком ва ўдзячнай памяці нашчадкаў пра вялікага паэта.

Дадакова

Канчатковы варыянт будучай скульптурнай кампазіцыі павінны зацвердзіць у лютым. Паводле ўмоў конкурсу, прыкладны кошт помніка з улікам матэрыялаў не будзе перавышаць 200 тысяч рублёў. Заказчык — Стаўбцоўскі райвыканкам. Адкрыюць рахунак і для добраахвотных ахвяраванняў на стварэнне будучага помніка. Калі фінансавае пытанне вырашыцца, можна будзе падыходзіць да павелічэння рабочай мадэлі і пачынаць ліццё з бронзы.

Алена Пашкевіч

Фота: Святлана Курэйчык



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *