“Ад патэфона да савецкага тэлевізара”. На Стаўбцоўшчыне працуе ўнікальная выстава

Главное Культура

У сярэдзіне снежня на базе Старасвержанскага цэнтра культуры пачала сваю работу выстава «Тысячы экранных гісторый», якая адразу знайшла сваіх гледачоў і стала адной з самых яскравых у Стаўбцоўскім раёне. У чым жа яе ўнікальнасць і незвычайнасць, даведаліся ў метадыста выставачнай залы цэнтра культуры Кірыла Бакуліна.

– Кірыл, раскажыце, як з’явілася ідэя арганізаваць такую выставу?

– Гэтая ідэя рэалізавалася дзякуючы Іосіфу Куземку, калекцыянеру, які даў большую частку артэфактаў для выставы: тэлевізары, патэфоны, радыёпрыёмнікі. Яна стваралася і з дапамогай загадчыцы бібліятэкі Старасвержанскага цэнтра культуры Алены Гарановіч. Алена Ігараўна прапанавала некалькі лямпавых радыёл, да якіх можна дакрануцца і праслухаць пласцінку. Распрацоўка канцэпцыі і дадатковых матэрыялаў не заняла шмат часу, таму што выстава дастаткова простая. Ніякіх прыбудоў не трэба было рабіць, прастора была падрыхтавана амаль за тыдзень.

– Якія прадметы прадстаўлены на выставе, што ёсць незвычайнага?

– Кожны прадмет мае вялікую каштоўнасць для асэнсавання жыцця людзей у сярэдзіне ХХ ст. Выстава ўключае некалькі тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, радыёкропак, радыёл, патэфонаў. Кожны прадмет па-свойму ўнікальны і адносіцца да пэўнага перыяду ў гісторыі. Трэба адзначыць, што палова з іх працуе. Адзіная праблема ў тым, што радыёчастоты не супадаюць з тымі, якія існуюць цяпер. З найбольш цікавых прадметаў на выставе – лямпавая радыёла «Фестываль», патэфон ПТ-3 1934 г., лямпавая радыёла «Звязда-54», радыёла «Масквіч» і добра знаёмы даросламу пакаленню тэлевізар «Нёман-1959».

– Для каго выстава «Тысячы экранных гісторый» можа быць цікавай?

– Абсалютна для ўсіх. За час дзейнасці выставы мы заўважылі, што да нас прыходзяць людзі розных узроставых груп. Дзецям і моладзі яна цікавая, таму што яны раней такога ніколі не бачылі, а для старэйшага пакалення гэта вяртанне ў мінулае. Уваход на выставу свабодны. Можна заказаць і экскурсію. У нас ёсць што паглядзець, і нам ёсць пра што расказаць, бо прадметы сапраўды незвычайныя. Працаваць выстава будзе яшчэ тыдзень, да 31 студзеня.

– Чаго можна чакаць далей?

– Цяпер у нас выставы будуць праходзіць кожны адзін-два месяцы без перапынку. Планы нашы маштабныя, а амбіцыі, як у моладзі, высокія. Будзем старацца прывозіць у раён тое, чаго раней людзі яшчэ тут не бачылі. Хутчэй за ўсё, у нас будзе менш народнай творчасці, а больш таго, з чым стаўбчане яшчэ не знаёмы. У наступным месяцы арганізуем дзве выставы, адна пакуль пад сакрэтам, а другая будзе прысвечана 70-годдзю ААТ «Агранёманскі». Шмат ідэй у нас і да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ужо цяпер, сумесна з філіялам  музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» і  некаторымі калекцыянерамі, мы збіраем матэрыялы і распрацоўваем вялікую святочную выставу.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *