Зіма яшчэ не наступіла, а вясна ўжо набліжаецца

Сельская гаспадарка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Ужо сярэдзіна студзеня, а зіма пакуль не спяшаецца ўступаць у свае правы. Па-ранейшаму трымаецца плюсавая тэмпература, што выклікае ў хлебаробаў некаторую трывогу за лёс будучага ўраджаю. Нават ветэраны раслінаводчай галіны за ўвесь час сваёй работы не памятаюць такога цёплага зімовага надвор’я.

– І сапраўды, ёсць верагоднасць таго, што гэты год будзе эпіфітатыўным па ўсіх магчымых захворваннях сельскагаспадарчых культур і развіцці на іх розных шкоднікаў, – расказвае начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Клаўшун. – І калі нізкіх тэмператур мы так і не дачакаемся, то трэба будзе рыхтавацца да таго, каб мець павялічаны запас сродкаў абароны раслін. Гэта дадатковыя затраты, але ў адваротным выпадку наступствы могуць быць непрадказальнымі. Увогуле ж такая цёплая зіма пакуль спрыяе азімым культурам. Мы аб’ехалі палеткі. Вегетацыі раслін цяпер практычна не назіраецца, ёсць толькі адзінкавыя выпадкі.

– Будзем спадзявацца на лепшае. А што ўжо зроблена і робіцца ў гаспадарках раёна для таго, каб выканаць пастаўленыя перад хлебаробамі задачы?

– Узнята зябліва. Назапашваюцца арганічныя ўгнаенні, частка з іх унесена ў глебу з восені. Вядзецца закупка азотных тукаў. Насення збожжавых і зернебабовых культур засыпана дастаткова, усё яно пачышчана і адпавядае пасяўному стандарту. Як і ў мінулыя гады, будзе закуплена пэўная колькасць эліты. Завяршаецца ачыстка насення траў.

– Асаблівы клопат у сельгаставарыствах гэтымі днямі аб тэхніцы, якая будзе задзейнічана на вясенняй пасяўной. Як справы ў даным напрамку?

– Так. У майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў работы ідуць поўным ходам. Як і ў папярэднія гады, да пачатку веснавых палявых работ уся тэхніка будзе пастаўлена на лінейку гатоўнасці. Зразумела, ёсць некаторыя складанасці, але рамонтнікі стараюцца. Дапамогу гаспадаркам аказваюць райаграсэрвіс і Мінскаблаграсэрвіс. У гэтыя абслуговыя арганізацыі здадзены ў рамонт глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. У першую чаргу трэба будзе падрыхтаваць для падкормкі азімых культур мінеральнымі ўгнаеннямі машыны, у прыватнасці маркі «Раса». Праводзіцца рамонт і тэхабслугоўванне трактароў.

– Мікалай Мікалаевіч, а якія перад работнікамі раслінаводчай галіны сёлета пастаўлены задачы?

– Планы даволі сур’ёзныя, але пераважную большасць з намечанага выканаць аграрыям цалкам па сіле. Запланавана намалаціць 80,5 тысячы тон збожжа ў свірнавай вазе. З улікам зерня кукурузы, а гэта прыкладана 7,5 тысячы тон, лічба рэальная. З выкананнем задання па намалотах масланасення рапсу, а запланавана атрымаць 8 тысяч тон у свірнавай вазе, будзе некалькі цяжэй. Але нічога немагчымага няма. Трэба прыкладаць намаганні і імкнуцца павялічваць ураджайнасць, давесці сярэднераённую да 20 цэнтнераў масланасення з гектара. Накапаць 132 тысячы тон цукровых буракаў таксама можна. Галоўнае – прытрымлівацца тэхналогіі, і вынік не прымусіць сябе чакаць.

Складаней будзе з выкананнем плана па нарыхтоўцы сенажу. Закласці 145 тысяч тон данага віду корму і прыбавіць 20 тысяч тон да мінулагодняга паказчыка – даволі праблематычна. У тых гаспадарках, якія мэтанакіравана займаліся перазалужэннем, асаблівых праблем не ўзнікне. Дэфіцыт травяных кармоў адчуюць тыя, хто ў папярэднія гады ў даным напрамку не пастараўся. Трохі выправіць сітуацыю можна будзе за кошт пасеваў аднагадовых траў – проса і пайзы. На збожжасянаж – пасеяць яравое трыцікале ў сумесі з зернебабовымі культурамі. Кампенсаваць недабор сенажу дапаможа кукуруза, сёлета плошчы пад гэтую культуру павялічацца, яна размесціцца прыкладна на 10 тысячах гектараў.

Аграрыі раёна актыўна рыхтуюцца да веснавой пасяўной кампаніі і поўныя рашучасці правесці яе своечасова і якасна, каб справіцца з пастаўленымі задачамі і нарыхтаваць для грамадскай жывёлы дастатковую колькасць рознага віду кармоў, бо ад гэтага напрамую залежаць вынікі работы жывёлаводаў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *