Справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі прайшоў у Стоўбцах

Соцыум

Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння У. І. Леніна, які з гэтым лозунгам павёў партыю новага тыпу на штурм старога свету.

Непазнавальна змяніўся свет. Але камуністычная партыя існуе, імкнецца быць бліжэй да народа, яго праблем і патрэб.

І на справаздачна-выбарным сходзе Стаўбцоўскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі адчуваўся менавіта такі рашучы настрой. Справаздачны даклад сакратара раённага камітэта кампартыі Ніны Дубовік быў хутчэй гутаркай, звернутай ледзьве не да кожнага з прысутных, дзе найбольш знаходзіліся пахвальныя словы. За ўклад у агульную справу, актыўную жыццёвую пазіцыю, старанне.

Ніна Уладзіміраўна адзначыла напрамкі дзейнасці партарганізацыі. Галоўнае ў мінулым годзе – падрыхтоўка і ўдзел у выбарах народных дэпутатаў. Камуністы ўваходзілі ў склад акруговых выбарчых камісій, вялі агітацыю за дастойных кандыдатаў, былі назіральнікамі падчас галасавання. Наперадзе выбары Прэзідэнта, і тут члены партыі гатовы праявіць сваю цвёрдую грамадзянскую пазіцыю.

Сакратар раённай партыйнай арганізацыі прывяла канкрэтныя прыклады дапамогі ветэранам з боку камуністаў. Члены партыі ўдзельнічаюць у шмат якіх мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Поўнасцю ініцыятыва мясцовых камуністаў ажыццяўляецца ў акультурванні крынічкі ў вёсцы Дудкі, возера ў Рудні Пільнянскай.

Член партыі ля руля службы, установы – гэта гарантыя арганізаваных дзеянняў. Прыкладам можа служыць шчыраванне старшыні Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча. Аляксандр Іванавіч трымаў справаздачу і як сакратар пярвічнай партыйнай арганізацыі сельсавета. Менавіта ў Налібацкім сельсавеце праводзяцца штогод не адно, а два-тры святы вёсак.

Традыцыйна важная роля камуністаў у выхаванні маладога пакалення. Аб гэтым гаварыў са спасылкай на практыку работы ў Шашкоўскай школе настаўнік гісторыі Міхаіл Сурко.

Увогуле ж на тэму маладосці можна глядзець значна шырэй. Апладысментамі суправаджаліся словы Аляксандра Камейшы, маладога прадстаўніка торфабрыкетнага завода «Нёман»: «Пабываў у Расіі. Зразумеў, што лепшай зямлі, чым родная, няма. Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. І мая жонка кажа, што ўступіць у партыю, а там і дзеці…»

Малады энтузіязм і жыццёвы вопыт ветэранаў – у спалучэнні сіла калектываў, суполак, і тым больш партыі.

Аб усім гэтым расказваецца ў газеце «Прамень». Як і аб шматграннай рабоце грамадскіх аб’яднанняў. Рэдактар Нэлі Астрэйка заклікала паведамляць пра ўсё важнае і цікавае, каб аператыўна знаёміць чытачоў, жыхароў раёна з навінамі, падзеямі на Стаўбцоўшчыне. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль сканцэнтравала ўвагу на пытаннях адзінства дзеянняў у соцыуме.

Шмат карысных рэкамендацый далі прысутным прадстаўнікі абласнога камітэта кампартыі У. У. Цюхай і М. М. Худая.

Адбыліся выбары кіруючых органаў раённай арганізацыі Кампартыі. Сакратаром РК КПБ на наступны тэрмін выбрана Ніна Уладзіміраўна Дубовік.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Марыны КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *