
У Стоўбцах на даны момант ідзе ўстанаўленне граніц зямельнага ўчастка для будаўніцтва 100-кватэрнага жылога дома. У ім атрымаюць кватэры сем’і, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яго нумар згодна з генеральным планам забудовы горада – 40.
Дом будзе складацца з двух будынкаў, і сёлета яго ўзвядзе пад ключ генеральны падрадчык – Пухавіцкая ПМК-14. Акрамя таго, у 2020 годзе чакаецца здача ў эксплуатацыю 70-кватэрнага жылога дома па вуліцы Міру ў г. Стоўбцы (яго нумар згодна з генеральным планам забудовы – 43), які будуе Салігорскі домабудаўнічы камбінат.
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. Мы запыталі: «Якіх яшчэ новабудоўляў і значных праектаў чакаць жыхарам раёна ў 2020 годзе?»
– Вядзецца работа па праектаванні ў Стоўбцах новай, чацвёртай, школы. Гэта адзін з самых рэзанансных праектаў сацыяльнай накіраванасці, рэалізацыі якога чакаюць жыхары райцэнтра, – нагадвае Аляксандр Цывака. – У Стоўбцах прадугледжана рэканструкцыя аўтастанцыі з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі – і гэты праект праходзіць на даны момант экспертызу. У бягучым годзе працягнуцца работы па рэканструкцыі з элементамі мадэрнізацыі Стаўбцоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Для патрэб горада будуецца кацельня на мясцовых відах паліва магутнасцю 24 МВт.
– Што плануецца для стварэння ў горадзе новых рабочых месцаў?
– Сярод буйных праектаў, рэалізацыя якіх забяспечыць нашаму гораду перспектыву, – будаўніцтва цэха забою жывёлы ў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Плануецца, што ў бягучым годзе на камбінаце пачнуцца будаўнічыя работы. Цэх дасць магчымасць адкрываць новыя рабочыя месцы і асвойваць новыя рынкі збыту. Вялікія надзеі дае філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, дзе працягваецца рэалізацыя інавацыйнага праекта па будаўніцтве цэха чыгуннага ліцця.
– Як плануецца развіваць у 2020 годзе райцэнтр, яго інфраструктуру?
– На даны момант праходзяць экалагічную экспертызу два аб’екты горадабудаўніцтва, якія дадуць магчымасць забудовы Стоўбцаў шматкватэрнымі і індывідуальнымі жылымі дамамі. Адзін з іх звязаны з развіццём мікрараёна жылой забудовы №№ 6 і 7 у межах вуліц Міру і Маторабудаўнікоў (там плануецца ўзвядзенне ў перыяд да 2025 года 14 шматкватэрных дамоў, з іх два ўжо праектуюцца). Другі аб’ект горадабудаўніцтва датычыць развіцця мікрараёна Паўночны-1, у адносінах да якога сёлета будзе ажыццёўлена праектаванне сетак электра- і водазабеспячэння, а таксама дарог у гравійным выкананні. У новым мікрараёне будзе створана каля 200 зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і выдачы тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
У горадзе працягнецца азеляненне, у прыватнасці вуліц Набярэжнай, Машынабудаўнікоў. Летась на Стаўбцоўшчыне было высаджана 13 тысяч дрэў і кустоў, у тым ліку 8 тысяч – у райцэнтры.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ