У Засульскім дзіцячым садзе ствараюць беларускія куточкі

Адукацыя Важное

Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – у ліку актуальных задач нашага часу. Асваенне свету дзіцем дашкольнага ўзросту ажыццяўляецца ў працэсе пазнавальнага развіцця, асноўная мэта якога – далучэнне дзіцяці да вопыту, назапашанага чалавецтвам. Музеі задавальняюць пазнавальныя і адукацыйныя патрэбнасці дзяцей. У дзяржаўнай установе адукацыі  «Засульскі дзіцячы сад» у кожнай групе ёсць міні-музей пад агульнай назвай  «Беларускі куток».

Людміла Кулішова разам з дзецьмі гутараць пра лялькі

У групе інтэграванага навучання і выхавання (ад 4 да 6 гадоў) у беларускім кутку вывучаюцца сучаснае і мінулае. Выхавацель дашкольнай адукацыі Жанна Шэйман знаёміць дзяцей з беларускімі народнымі вырабамі і промысламі: ганчарствам, саломапляценнем, ткацтвам, бондарствам. Развіццё нацыянальнай самасвядомасці дашкольнікаў адбываецца праз знаёмства з беларускай сімволікай. Жанна Аляксандраўна расказвае дзецям пра знакамітых людзей  нашай краіны (напрыклад, пра касманаўтаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка, пісьменнікаў Якуба Коласа і Янку Купалу), знакамітыя мясціны, архітэктурныя помнікі (Хатынь, Нясвіжскі і Мірскі замкі), прыродныя сімвалы Беларусі (сасну, зубра, бусла, кветку канюшыны, васілёк). Адбываецца знаёмства дзяцей з прафесіямі праз дыдактычныя гульні.

Бацькі актыўна дапамагаюць напаўняць музей. Напрыклад, зрабілі генеалагічнае дрэва. Міні-музей уключае столік, пакрыты льняным палатном. На ім размешчаны збаны, маслабойка, газавая лямпа і інш. Побач са столікам – калаўрот, кросны, беларускія лялькі. Апошнія адыгрываюць немалаважную ролю пры вывучэнні беларускага адзення. Дзецям падабаецца вымаўляць беларускія назвы «кашуля», «сукенка», «спадніца», «капялюш», «лапці». У музеі яны спасцігаюць мінулае, вучацца параўноўваць яго з сучасным. Развіваюцца мова, разумовыя здольнасці. Музей вельмі дапамагае пры правядзенні заняткаў па тэме тыдня «Беларуская народная творчасць». Выхавацель падводзіць дзяцей да экспанатаў і расказвае пра іх. У планах –  зрабіць беларускую сцяну, каб былі акенцы, бярвёны, калыска.

Жанна Шэйман расказвае пра беларускія рамёствы

Як паведаміла выхавацель дашкольнай адукацыі рознаўзроставай групы (ад 2 да 4 гадоў) Людміла Кулішова, беларускі куток быў створаны для таго, каб дзеці разумелі, што яны жывуць у Беларусі. Педагог фарміруе ў выхаванцаў уяўленні пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі, рамёствы, славутыя мясціны. Калі адукацыйны працэс праходзіць па тэме тыдня «Казкі», то музей дапамагае  раскрыць гэтую тэму. Дзеці павінны ведаць яшчэ з малодшага ўзросту, што ёсць не толькі рускія казкі, але і беларускія. Выхаванцы вельмі любяць укладваць лялек спаць: калі адкрываецца куфэрак, то беларускія казкі будуць сніцца лялькам. Працуюць дзеці і з генеалагічным дрэвам. Па магчымасці музей дапаўняецца літаратурай, рамёствамі. Некаторыя элементы робяцца сваімі рукамі.

Галоўная задача дашкольнай установы – сфарміраваць усебакова развітую асобу, і патрыятычнае выхаванне – гэта адзін з напрамкаў у фарміраванні такой асобы.

Марына КУТАС, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *