Віноўніка ДТЗ чакае не толькі прыгавор

Ахова правапарадку Важное

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Інфармацыя аб дарожна-транспартных здарэннях з трагічным зыходам практычна не сыходзіць са старонак газет, інтэрнэт-парталаў і каналаў тэлебачання. За гэтымі навінамі – скалечаныя лёсы пацярпелых, сваякоў загінулых, а таксама саміх віноўнікаў аварый, паколькі для іх з’яўляюцца і прававыя наступствы – прыцягненне да крымінальнай адказнасці.

Крымінальная адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, смерць чалавека або нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, згодна з артыкулам 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае розныя віды пакаранняў – ад штрафу да пазбаўлення волі.

Пры гэтым заканадаўцам вызначана больш жорсткая адказнасць, калi згаданыя злачынствы ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў. Від адказнасці тут толькі адзін – пазбаўленне волі, а таксама пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

Толькі за апошнія два гады судом раёна разгледжана з вынясеннем прыгавору 12 крымінальных спраў гэтай катэгорыі. Сем асоб прызнаны вінаватымі ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць, а дзве – яшчэ і ў прычыненні цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў іншым асобам. Пяць асуджаных прызнаны вінаватымі ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Шасці асобам прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад сямі месяцаў да трох гадоў, чатыром – абмежаванне волі ад 2,5 года да 4 гадоў, дзвюм – выпраўленчыя работы тэрмінам на год кожнаму.

Акрамя таго, усім асуджаным прызначана дадатковае пакаранне – пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў.

Пакрыццё маральнай шкоды – яшчэ адна мера прававой адказнасці. Неабходна адзначыць, што ў адпаведнасці з законам маральная шкода спаганяецца з уладальніка крыніцы павышанай небяспекі, гэта значыць, з уладальніка аўтамабіля. Калі абвінавачваны не з’яўляўся ўладальнікам аўтамабіля, якім кіраваў у момант дарожна-транспартнага здарэння, то яго ўладальнік у рамках крымінальнага працэсу прызнаецца грамадзянскім адказчыкам.

І ў практыцы суда маюцца выпадкі, калі не абвінавачваны, а менавіта грамадзянскі адказчык выплачваў пацярпелым маральную шкоду, прычыненую ў выніку ДТЗ. Напрыклад, па дзвюх крымінальных справах, наступствам якіх была гібель людзей, з грамадзянскага адказчыка спагнана маральная шкода ў памеры 15-20 тысяч рублёў на карысць сваякоў загінулых.

Падводзячы вынік, варта адзначыць, што бяспека дарожнага руху з’яўляецца задачай не толькі дзяржаўных органаў і арганізацый, але і грамадства ў цэлым. Выхаванне пачуцця адказнасці за свае дзеянні ва ўсіх удзельнікаў дарожнага руху – вадзіцеляў транспартных сродкаў, веласіпедыстаў, пешаходаў, як і зніжэнне ўзроўню агрэсіўнасці на дарогах, узаемная культура, не менш важныя, чым веданне і выкананне правілаў дарожнага руху.

Людміла ШУЦЬКО, старшыня суда раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *