Лампада

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

Да Узнясення Гасподняга, якое ў гэтым годзе адзначаецца 29 мая, праваслаўны свет вітае адзін аднаго пасхальным прывітаннем «Хрыстос Уваскрэсе!». У гэтыя светлыя пасхальныя дні ў нашым горадзе прайшла духоўна-асветніцкая праграма «Радасць Слова». Ініцыятарам выступіла Выдавецтва Беларускага Экзархата. Раённы выканаўчы камітэт заўсёды арганізацыйна падтрымлівае духоўна-асветніцкія праграмы ў нашым горадзе. Вялікую работу правёў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, спланаваўшы ва ўстановах адукацыі раёна духоўна-асветніцкія сустрэчы. Сваю лепту ў правядзенне праграмы ўнеслі работнікі культуры – мерапрыемствы праграмы прайшлі ў раённым Цэнтры культуры і раённай дзіцячай бібліятэцы.

Ля рэстарана «Нёман» на працягу пяці дзён працавала выстава-кірмаш. Менавіта тут 7 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё праграмы з удзелам свяшчэнства, прадстаўнікоў мясцовай улады. Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуліся благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, прадстаўнік выдавецтва Беларускага Экзархата сястра Іна.

Як адзначалася ў выступленнях, міласць Божая да жыхароў нашага горада і раёна, што ў гэтыя пасхальныя светлыя дні ёсць магчымасць далучыцца да Слова, якое жывіць душу. Ля іконы святой праведнай Монікі – заступініцы сям’і, бацькоў і дзяцей, айцом Аляксандрам і айцом Георгіем быў адслужаны малебен.

 Выдавецтва Беларускага Экзархата прадставіла багаты выбар духоўна-асветніцкай, адукацыйнай літаратуры як для дзяцей, так і для дарослых. Такой жа багатай была выстава відэапрадукцыі. Для ўдзельнікаў выставы вялікі інтарэс уяўлялі факсімільныя выданні кніжных шэдэўраў сярэдневяковай духоўнай культуры Беларусі. Была прадстаўлена першакніга Беларусі «Полацкае Евангелле» ХІІ стагоддзя, напісаная ад рукі. А таксама –  «Слуцкае Евангелле» ХVІ стагоддзя і «Жыціе блажэннай Ефрасінні, ігуменні манастыра ў градзе Полацку» ХІІ стагоддзя. За выданне рукапіснага Слуцкага Евангелля Выдавецтва Беларускага Экзархата ўдастоена спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На ўрачыстым закрыцці праграмы «Радасць Слова» ў раённым Цэнтры культуры Выдавецтва Беларускага Экзархата перадало ў дар факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля Свята-Аннінскаму храму, які ў жніўні 2015 года адзначыць свой 190-гадовы юбілей. Падзячныя пісьмы за выдатную арганізацыю духоўна-асветніцкай выставы «Радасць Слова»  ўручаны старшыні райвыканкама Уладзіміру Місько, намесніку старшыні райвыканкама Сяргею Шэсцелю, намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлане Жыбуль, благачыннаму протаіерэю Аляксандру Марцінчыку. У дар раённай дзіцячай бібліятэцы быў перададзены камплект кніг Выдавецтва Беларускага Экзархата.

У духоўна-аветніцкай выставе прыняў удзел Свята-Ксеньеўскі жаночы манастыр, які знаходзіцца ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна. Святая абіцель заснавана ў 2002 годзе. Гісторыя ўзнікнення яе звязана з адной сям’ёй, якая згубіла ў аўтамабільнай катастрофе дзіця. Дзяўчынка Ксенія пахавана на могілках у вёсцы Барань. Гэтае гора прывяло яе бацькоў да Бога. Яны сталі збіраць сродкі для ўзвядзення храма. Ля могілак у лясным масіве быў пабудаваны прыгожы храм у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Пазней тут рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы быў заснаваны жаночы Свята-Ксеньеўскі манастыр. За гэтае дзесягоддзе святая абіцель разбудавалася і працягвае будавацца і ўпрыгожвацца. Бясконцы паток паломнікаў наведвае манастыр, каб знайсці тут суцяшэнне сваёй душы, папрасіць малітваў святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, якая лічыцца заступніцай сям’і. Просяць яе дапамогі ў правільным выбары спадарожніка ці спадарожніцы жыцця і ва ўсіх іншых сямейных патрэбах.

І вось гэты манастыр прыехаў да нас у Стоўбцы. Многія з наведвальнікаў выставы мелі магчымасць падаць запіскі аб здароўі і спачыне сваіх родных і блізкіх. Ніводная наша ахвяра ў Бога не застаецца  незаўважанай. А святая блажэнная Ксенія хутка чуе нашы просьбы і дапамагае нам данесці іх да Бога.

– Манастыр пастаянна развіваецца, – расказвае інакіня Марыя. – Цяпер мы будуем храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Удзельнікі выставы ў Стоўбцах маглі набыць «цаглінкі» для будаўніцтва гэтай святыні. Імёны малітвенна будуць памінацца на богаслужэннях, пакуль будзе будавацца храм і пакуль будзе стаяць абіцель. З удзелам уладыкі Веніяміна асвечана новая царква святога велікамучаніка Георгія Пабеданосца. У хуткім часе плануецца пачаць будаваць прыдзел да асноўнага храма абіцелі – Ксеньеўскага. Заселены новы сястрынскі корпус. Цяпер узводзіцца агароджа ўсёй тэрыторыі манастыра і сястрынскага корпуса асобна. Улады перадалі ў карыстанне абіцелі сельскі клуб. Там абсталявана трапеза для паломнікаў. Будуецца каплічка св. Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана ля святой купелі. За апошнія гады ў абіцелі з’явілася шмат часціц святых мошчаў. Мы адчуваем пастаянную прысутнасць святой Ксеніі Пецярбургскай, яна малітвенна дапамагае нам, ёсць многа падзей, якія інакш як цудам Божым нельга назваць.І самі паломнікі адчуваюць благадатны стан, наведваючы манастыр. Восенню да нас прыязджала група дзяцей з мінскай нядзельнай школы. Яны акунуліся ў святой крыніцы. У гэты дзень выпаў першы снег. Дзеці выйшлі сфатаграфавацца ля крыніцы. Калі зрабілі фотаздымкі, убачылі: над самой купеллю ў дымцы стаіць блажэнная Ксенія Пецярбургская, з кіёчкам, якою мы яе бачым на некаторых іконах. Вось так відавочна Ксенія блажэнная з’явілася дзецям. Гэты і многія іншыя выпадкі ўмацоўваюць нас у веры, пераконваюць, што святыя ўгоднікі Божыя чуюць нас, просяць за нас Бога. 6 чэрвеня ў нашай абіцелі будзе прастольнае свята. З’едуцца паломнікі з многіх гарадоў і вёсак. Запрашаем і стаўбчан наведаць наш манастыр. Святыя абіцелі – асобае месца прысутнасці Божай. Ніхто не паедзе адсюль не суцешаным, не сагрэтым любоўю Божай, не прасветленым Светам незямным. Абіцель знаходзіцца за 35 кіламетраў ад Барысава. Аб манастыры падрабязней раскажуць сайты: sestry.by і kseniamonastyr.by.

Дзякуючы такім духоўна-асветніцкім праграмам, якія сталі традыцыйнымі, нам бліжэй становяцца святыні Беларусі, якія займаюць важкую нішу ў жыцці і гісторыі нашай Айчыны.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

У ВУЧНЁЎСКАЙ АЎДЫТОРЫІ    

У рамках духоўна-асветніцкай праграмы «Радасць Слова» ва ўстановах адукацыі і культуры раёна для вучнёўскай моладзі  праведзены выхаваўчыя мерапрыемствы.

У сучасны момант актуальнасць набывае  ўзмацненне прафілактычнай работы супраць наркаманіі. Гэта можна рабіць і сродкамі мастацтва, што паказаў спектакль «Пункт звароту» на сцэне раённага Цэнтра культуры. Пастаноўку падрыхтаваў Камерны драматычны тэатр г. Мінска пад кіраўніцтвам рэжысёра Наталлі Башавай. Спектакль выклікаў вялікі інтарэс старшакласнікаў гарадскіх школ.

У гэты ж дзень для іх спецыялістамі кніжнага аддзела Выдавецтва Беларускага Экзархата ў раённай дзіцячай бібліятэцы была праведзена прэзентацыя навінак дзіцячай і юнацкай літаратуры. Кнігі выдатна паліграфічна выкананы і ўяўляюць сабою клад мудрасці, дабрыні, закліканы выхоўваць у дзяцей і падлеткаў хрысціянскія дабрадзейнасці.

У дзіцячай бібліятэцы прайшла яшчэ адна яркая сустрэча  вучняў – з аўтарам кніг для дзяцей, галоўным рэдактарам духоўна-асветніцкай газеты «Воскресение» Аленай Міхаленка.

На сустрэчу з вучнямі СШ № 2 г. Стоўбцы прыехаў прафесар Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Іван Саблін. У сваёй лекцыі са слайдамі выкладчык акцэнтаваў увагу на абароне духоўна-маральных каштоўнасцяў Вялікай Перамогі. Гэтая сустрэча мела вялікае значэнне для патрыятычнага выхавання маладога пакалення, таму што была праведзена з правільнымі акцэнтамі. Лектар на прыкладах пераконваў у тым, што толькі патрыёт гатовы на абарону іншага чалавека, на абарону сваёй Айчыны. Гэтыя якасці патрэбна выхаваць у чалавеку. Сустрэча была карыснай і ў плане прафарыентацыі напярэдадні ўступнай кампаніі. Іван Саблін пазнаёміў з Ваеннай акадэміяй. Расказаў, што ў праграме навучання ёсць абавязковы курс па захаванні духоўна-маральных каштоўнасцяў, які праводзіцца сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Не менш важная праблема – дэмаграфічная – таксама стала прадметам размовы з маладым пакаленнем. У СШ № 3 былі запрошаны старшакласнікі гарадскіх школ на сустрэчу з супрацоўнікам Цэнтра абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў Беларускай Праваслаўнай Царквы, кандыдатам медыцынскіх навук Галінай Жыгуновай.

На закрыцці праграмы «Радасць Слова»  выдатны канцэрт для стаўбчан  даў лаўрэат міжнародных конкурсаў  мужчынскі вакальны ансамбль «Благавест» пад кіраўніцтвам Сяргея Аграновіча.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПАДЗЯЧНЫ МАЛЕБЕН

Дзень Перамогі над фашысцкай Германіяй ужо даўно стаў адным з самых любімых святаў нашага народа. У яго гонар 9 Мая ў Стаўбцоўскім Свята-Аннінскім храме быў адслужаны падзячны малебен.

Кожны веруючы чалавек ведае, што Бог здзяйсняе цуды. Вось і ў той далёкі час Ён здзейсніў выратаванне нашай краіны і ўсёй Еўропы ад «карычневай чумы», а знакам гэтаму было заканчэнне Другой сусветнай вайны.

Таму кожны год мы, праваслаўныя, у Дзень Перамогі, малітвенна ўспамінаючы загінуўшых, разам з тым прыносім Богу сваю ўдзячнасць, праслаўляючы гэтую падзею, каб мы – наследнікі слаўных перамог, не забывалі аб ёй. Узнясенне падзячнай малітвы аб краіне, аб Вялікай Перамозе –  выражэнне нашай сардэчнай удзячнасці Богу і наш абавязак перад памяццю загінуўшых.

На малебне чытаецца асобая малітва, якая была напісана ў гонар збаўлення царквы і краіны ад ворага.

Як сказаў Свяцейшы Патрыярх  усяе Русі Кірыл, ніводзін грэх і ні адно забойства не праходзяць міма Бога, усё, што мы здзяйсняем у час нашага жыцця, запісваецца ў Бажэственную кнігу. Гасподзь праводзіць нас праз часовыя выпрабаванні, не жадаючы бачыць вечных пакут.

Пасля малебна на заўпакойнай ліціі паміналі ўсіх воінаў, якія паклалі сваё жыццё за мір і дабрабыт краіны і ўсяго народа ў цэлым, а таксама ўсіх ад ран і голаду загінуўшых, у палоне і на горкіх работах нявінна замучаных, у блакаду загінуўшых і ўсіх, хто дзеля Перамогі папрацаваў.

Благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр МАРЦІНЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *