Дрэвы ў нашай мясцовасці

Важное Год малой родины

У адным з лістападаўскіх нумароў газеты я ўжо расказваў  пра векавыя дрэвы ў п. Школьны нашага раёна, пра зварот у Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі з просьбай правесці абследаванне дрэў і вызначыць іх дакладны ўзрост. З нецярпеннем я чакаў, калі прыедуць супрацоўнікі інстытута з  экспедыцыяй.  Але часу не марнаваў,  сам вырашыў паспрабаваць вызначыць прыблізны ўзрост некаторых дрэў. З кніг і энцыклапедый даведаўся, як гэта можна зрабіць, не знішчаючы дрэва. Выканаўшы спецыяльныя вымярэнні і вылічэнні па формуле, я атрымаў наступныя вынікі: узрост ліп,  якія раслі на алеі, склаў 145, 150 і 137 гадоў. Узрост дрэў быў розны, але я разумеў, што на алею яны высаджваліся ў адзін год, і мае падлікі прыблізныя. А дыяметр ствала дрэва залежыць ад умоў, у якіх яно расце, колькасці вільгаці, урадлівасці глебы.

Як жа я ўзрадаваўся, калі ў канцы восені маме патэлефанавалі з інстытута і паведамілі, што едзе экспедыцыя ў п. Школьны. Вучоныя абследавалі асобныя дрэвы, якія дасягнулі найбольшых параметраў росту.  Супрацоўнікі інстытута ўзялі керны гэтых дрэў з дапамогай спецыяльнага інструмента – свердла Прэслера. Ён дазваляе ўзяць пробу драўніны да сярэдзіны ствала і  вызначыць дакладны ўзрост дрэва, не спілоўваючы яго.  Спецыялісты і мне перадалі кавалачак керна ліпы.

Па выніках даследавання ўзрост фрагмента парку, які захаваўся, складае 135 гадоў.  Спецыялістаў вельмі зацікавіў і векавы дуб. Акружнасць ствала дрэва на вышыні 1,3 м склала 715 см, вышыня – 26,2 м, узрост атрымаўся  каля 170 гадоў. Дакладны  ўзрост дрэва вызначыць было немагчыма ў сувязі з разбурэннем драўніны і ўтварэннем  дупла памерам 5х1,8х1,6 м.

Спецыялісты зрабілі вывад, што фарміраванне фрагмента парку,  які захаваўся ў п. Школьны, адносіцца да другой паловы ХIX стагоддзя. Дрэвы ліпы драбналістай, дуба чарэшчатага, вяза шурпатага, клёна вастралістага, лістоўніцы еўрапейскай дасягнулі выдатных параметраў росту і маюць батанічную, навуковую, гісторыка-культурную і эколага-асветніцкую каштоўнасць.

Вучоныя далі заключэнне, што  па выніках даследавання насаджэнне можа быць рэкамендавана да аб’яўлення яго батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Але для гэтага трэба яшчэ больш дакладна даследаваць усе дрэвы ў парку, сабраць неабходныя дакументы, выканаць шэраг працэдур, што патрабуе фінансавання.

Цяпер дуб чарэшчаты і ўчастак старога парку ў п. Школьны Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ўключаны ў базу «Рэдкія ўнікальныя дрэвы і насаджэнні на тэрыторыі Беларусі» (http://livemonuments.by/new/).

Мне вельмі спадабалася займацца гэтым даследаваннем.

Я задаволены яго вынікамі: убачыў, якія прыгожыя і разнастайныя дрэвы растуць у нашай мясцовасці, навучыўся вызначаць прыблізны ўзрост дрэў, зразумеў, што, захоўваючы дрэвы, мы не толькі зберагаем прыроду, але і захоўваем нашу гісторыю.

Мацвей Макарэвіч, вучань 4 «Д» класа СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *