За ўзор – сям’я Коласа

Главное Год малой родины

У дзень рэгістрацыі шлюбу Віталь і Ганна Каратыш паехалі на фотасесію ў філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Філіял музея ажыццяўляе такую новую паслугу, як адраджэнне народных традыцый, у тым ліку і вясельных.

Схаваўшыся ад дажджу і пранізлівага ветру ва ўтульным памяшканні офіса філіяла ў Акінчыцах, маладыя і госці слухалі экскурсавода Софію Міцкевіч. Софія Пятроўна, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла захаванню спадчыны Якуба Коласа, шмат цікавага расказала пра сям’ю Міцкевічаў.

Мала  хто з прысутных ведаў, што будучы народны паэт Беларусі нарадзіўся ў сям’і, дзе было дзевяць дзяцей – пяць сыноў і чацвёра дачок. А наогул у Міхала Казіміравіча і Ганны Юр’еўны Міцкевічаў, лесніка радзівілаўскіх уладанняў і дамашняй гаспадыні, нарадзіліся 13 дзяцей. Які мірны дух, простая, дружалюбная, жартаўлівая абстаноўка панавала ў гэтай беларускай вясковай сям’і, яскрава апавядае паэма «Новая зямля», дзе шмат аўтабіяграфічнага ў аўтара. Дзяцей выхоўвалі ў зберажэнні спрадвечных хрысціянскіх традыцый, у павазе да старэйшага пакалення, у паслухмянасці, працалюбстве, любові да прыроды і гісторыі роднага краю. Усе яны сталі дастойнымі людзьмі сваёй краіны, падоўжылі славу роду ў новых пакаленнях.

Маладыя з вялікай радасцю сфатаграфаваліся ля экспазіцый музея. Дамовіліся, што маладая сям’я зноў наведае музей, але толькі з папаўненнем, і зробіць фотаздымак свайго першынца, ля калыскі песняра.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *