Сярод тых, у каго адабраны дзеці, – шматдзетныя маці

Важное Соцыум

На адным з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх у тым ліку былі разгледжаны прамежкавыя вынікі выканання індывідуальнага плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх 2005, 2007 і 2013 гадоў нараджэння, якія ўжо больш за месяц знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячым сацыяльным прытулку.

Усе трое – дзеці з адной сям’і. Іх маці ў прысутнасці членаў камісіі і прадстаўнікоў сельгаставарыства, куды яна была працаўладкавана, зададзена шэраг пытанняў. Прайшоў месяц пасля адабрання дзяцей, а сітуацыя ў сям’і не змянілася. Шматдзетная маці заўважана ва ўжыванні алкагольных напіткаў. Дапускае прагулы. Наймальнік прапанаваў ёй больш высокааплатную работу, ад якой яна адмовілася: «Даход мне няважны». Разам з тым пры ўмове нармальных адносін да працоўных абавязкаў гаспадарка гатова выдзеліць гэтай сям’і службовае жыллё (маці зарэгістравана ў Валожынскім раёне, аднак яна нават не стала на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў).

– Усе раённыя службы працуюць з сям’ёй, але ў маці няма жадання вярнуць дзяцей, – падвяла вынік старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая.

На шчасце, ёсць і іншыя прыклады, калі бацькі літаральна з першага дня пасля адабрання дзяцей уключаюцца ў выкананне індывідуальнага плана.

Пра вынікі і праблемы ў рэалізацыі Дэкрэта № 18 на Стаўбцоўшчыне ў 2019 годзе мы гутарым з намеснікам старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталляй Хвасько. 

– У мінулым годзе з васьмі сем’яў раёна, ці ў дзевяці бацькоў, былі адабраны 18 дзяцей. Гэта менш, чым у 2018 годзе (тады размова ішла пра адабранне 20 дзяцей з 12 сем’яў), аднак трывожыць прысутнасць у гэтым спісе шматдзетных сем’яў. У адной з іх – пяцёра дзяцей, і гэта значыць, што бацькі не да канца асэнсоўваюць сваю адказнасць за іх жыццё, – звяртае ўвагу Наталля Хвасько.

– Сярод адабраных дзяцей ёсць малышы, з якімі маці знаходзіліся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў?

– Двое сярод іх маюць узрост да трох гадоў. Аднаму – крыху больш за два гады. Другое – увогуле немаўля. Маці яго пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да дваіх старэйшых дзяцей. Неаднойчы была судзімая, вяла амаральны лад жыцця… Ёй былі створаны ўсе ўмовы для таго, каб змяніць сваё жыццё,  пачаць кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне нованароджанага дзіцяці. Пасля адабрання яно змешчана ў прыёмную сям’ю на тэрыторыі раёна. Маці магла яго наведваць… На даны момант яна заключана пад варту за парушэнне ўмоў адбывання пакарання, і судом раёна прынята рашэнне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў…

– Наталля Міхайлаўна, як вы ацэньваеце работу з нядобранадзейнымі сем’ямі суб’ектаў прафілактыкі?

– Работа ў рамках Дэкрэта № 18 вядзецца вялікая з кожнай сям’ёй – згодна з індывідуальным планам абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Як правіла, асноўнае ў ім – гэта лячэнне ад алкагольнай залежнасці, стварэнне бяспечных умоў для пражывання дзяцей (часцей за ўсё – рамонт пячнога ацяплення). У план уносяцца дапаўненні ў сувязі з працаўладкаваннем бацькоў і іншымі абставінамі.

На даны момант у работу са шматдзетнай маці, абавязанай асобай, актыўна ўключыўся Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат. Відавочная зацікаўленасць самога кіраўніка ўстановы і – ёсць вынік. Пад кантролем дома-інтэрната і дзякуючы аказанай матэрыяльнай дапамозе маці прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Яна праяўляе клопат пра дзяцей, цікавіцца імі. Прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр» таксама працуе з маці, абавязанай асобай, але апошняя  ад гэтай дапамогі… уцякае.

– Як часта вы запрашаеце такіх бацькоў на пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх?

– Прыкладна раз у два месяцы на пасяджэнні камісіі разглядаюцца прамежкавыя вынікі рэалізацыі планаў, што дае магчымасць своечасова прымаць меры па стабілізацыі сямейнай сітуацыі. На ўвасабленне плана адводзіцца не больш за шэсць месяцаў, і важна, каб за гэты тэрмін удалося вярнуць дзяцей у біялагічную сям’ю. Усе разумеюць, што ім ніхто бацькоў не заменіць. Разам з тым некаторыя бацькі не адкрываюць дзверы, не адказваюць на званкі, не з’яўляюцца на камісію…

– Каго можна адзначыць у рабоце з абавязанымі асобамі?      

– Са станоўчага боку вылучаюцца ў гэтай рабоце ААТ «Каганец», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Засульская сярэдняя школа, Мікалаеўшчынскі ВПК і іншыя ўстановы адукацыі, наркалагічны кабінет Стаўбцоўскай ЦРБ. Дзякуючы сумесным  намаганням летась былі зняты з уліку 13 дзяцей, восем з іх – у сувязі з вяртаннем у біялагічную сям’ю. Некаторыя з гэтых сем’яў мы наведалі падчас навагодняй акцыі «Шчаслівае дзяцінства» і яшчэ раз пераканаліся, што там адсутнічаюць крытэрыі сямейнай нядобранадзейнасці.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *