«Міліцэйскі веснік». Пагутарылі з Аляксандрам Каратышом пра новую пасаду, калектыў і патрабаванні да працы

Главное Міліцэйскі веснік Спецвыпускі «Праменя»

Напрыканцы 2019 года начальнікам райаддзела міліцыі Стаўбцоўскага райвыканкама назначаны Аляксандр Каратыш. З 10 студзеня 2020 года ён фактычна выконвае свае абавязкі.

Для Аляксандра Каратыша гэта новае месца службы, але пасада – добра знаёмая. Да назначэння ў Стоўбцы ён узначальваў Вілейскі райаддзел міліцыі.

Дасведчаны ў пытаннях праваахоўнай дзейнасці, новы начальнік міліцыі цяпер знаёміцца з горадам і сельскімі населенымі пунктамі раёна, яго людзьмі. Завітаў Аляксандр Мікалаевіч і ў рэдакцыю «Праменя». Пацікавіўся формамі ўзаемадзеяння рэдакцыі і райаддзела міліцыі, праблемамі раёна, а таксама з ахвотай адказаў на нашы пытанні, у тым ліку і не зусім службовага характару.

– Аляксандр Мікалаевіч, якія ўражанні? Як прынялі вас Стоўбцы?

– Летам мінулага года я быў на Стаўбцоўшчыне (браў удзел у спартакіядзе кіруючага саставу органаў унутраных спраў Мінскай вобласці, яна праходзіла на турбазе «Высокі бераг»), але не мог і падумаць, што ў гэтым раёне мне прыйдзецца працаваць. Напрыканцы года, 13 снежня, кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных спраў  Мінаблвыканкама адклікала з водпуску і паведаміла пра новае назначэнне…

– А вы чалавек ваенны і, натуральна, гатовы да ўсяго?

– Так. У Вілейцы я прапрацаваў амаль усё сваё працоўнае жыццё. Гэта мой родны горад. Служыў на розных пасадах. Пачынаў следчым. Быў намеснікам начальніка РАУС – начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, начальнікам папярэдняга следства. Узначаліў Вілейскі РАУС у жніўні 2010 года.

– Цяпер вам ёсць з чым параўноўваць…

– Што для мяне цалкам новае ў службовай сферы, дык гэта рэгістрацыйна-экзаменацыйная дзейнасць. У Вілейскім РАУС няма МРЭА ДАІ, як у Стаўбцоўскім РАУС. Яшчэ – раней не даводзілася сутыкацца з такой структурай, як міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. У Стоўбцах такая інспекцыя дзейнічае, і непасрэдна кантактуе з райаддзелам міліцыі.

Праз Стаўбцоўскі раён праходзяць еўрапейская дарога М1/Е30, чыгуначныя шляхі, якія забяспечваюць зручны доступ да сталіцы рэспублікі і іншых гарадоў. Шмат садаводчых таварыстваў… Гэтую спецыфіку нельга не ўлічваць у праваахоўнай дзейнасці.

– Ужо адбылося ваша знаёмства з калектывам міліцыі…

– Калектыў працаздольны, асабовы састаў падрыхтаваны да выканання службовых задач. Па-іншаму і быць не магло ў калектыве, які доўгі час узначальваў І. А. Мамайка (Іван Мамайка абраны дэпутатам парламента. – Заўвага рэдакцыі). У рабочым парадку з кожным супрацоўнікам будзем шукаць агульную мову, узаемаразуменне.

– Якія актуальныя патрабаванні вылучаны з вашага боку?

– Самыя важныя патрабаванні тыя, якія прад’яўлены да работы міліцыі з боку кіраўніка краіны, Міністэрства ўнутраных спраў, – і на іх выкананне пераарыентаваны ўвесь асабовы састаў. У рэчышчы сучасных працэсаў у грамадстве больш увагі нададзена прафілактычнай рабоце з грамадзянамі, недапушчэнню ўчынення імі правапарушэнняў і злачынстваў.

Прыярытэты – у якаснай рабоце з адміністрацыйнымі матэрыяламі, у раскрыцці злачынстваў. Раскрыць тое ці іншае злачынства ўдаецца не заўсёды, але працаваць неабходна так, каб грамадзяне бачылі работу міліцыі, давяралі ёй і не гублялі веры ў справядлівасць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *