Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за апошнія тры тыдні 25 шлюбаў, зроблены 13 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 26 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Вікторыя Ажгірэвіч, Кацярына Вынькова, Дар’я Андронава, Валерыя Недзень-Чэмка, Мілана Маскалевіч, Аляксей Манцывода, Іван Казлоўскі, Марк Траццяк, Уладзімір Астроў, Дар’я Войніч, Паліна Філіповіч, Карына Ярмак, Софія Крыванос, Мацвей Крыт, Ксенія Пячынская, Марк Паўловіч, Міхаіл Рудкоўскі, Віталія Кажамяка, Станіслаў Змачынскі, Раман Волкаў, Максім Саятэвіч, Дар’я Бруй, Глеб Коршук, Яраслаў Несцярук, Маргарыта Самасуд і Арсеній Бохан.  

Зямны  шлях закончыўся для 42-х чалавек.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. У Судніках агнём моцна пашкоджаны хлеў вяскоўца, а ў жыхара Засулля – хлеў знішчаны. Ноччу ў Слабадзе (Заямнаўскі сельсавет) пажар здарыўся ў адной з кватэр двухкватэрнага дома, у якой пражывае шматдзетная сям’я. На шчасце, ніхто не пацярпеў, толькі выгарала памяшканне кацельні, з якой і пайшло загаранне. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.  

Міліцыяй зарэгістравана 133 паведамленні аб правапарушэннях, па якіх узбуджана 17 крымінальных спраў, у 11-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. Невядомы трапіў у падвальнае памяшканне дома па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах, адкуль выкраў чатыры колы на дысках. З аўтамабіля БМВ-325, які знаходзіўся ў двары дома ў Вішняўцы, прапалі грошы. У Трылесе злодзей паквапіўся на зварачны апарат, які захоўваўся ў гаспадарчай пабудове. Шэсць вулляў зніклі з двара ў Ругайцы. У піцэрыі «Гарадок» нецвярозы хуліган папусціў шклянкай у аднаго з наведвальнікаў і нанёс яму цялесныя траўмы.  

Раённы аддзел Следчага камітэта паведаміў пра крывавую трагедыю, якая разыгралася ў Наваколасаве: у пад’ездзе дома нецвярозы гр. Б. з дапамогаю нажа пазбавіў жыцця мясцовага жыхара, а праз некаторы час у кватэры  дома параніў і яго 24-гадовага сына. Пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі, яго траўмы – небяспечныя для жыцця. Узбуджаны дзве крымінальныя справы: за забойства і замах на забойства. 

Суд абмежаваў на 1,5 года ў волі 33-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які ў магазіне заключыў дагавор на пакупку мабільнага тэлефона, але пры гэтым не меў намеру разлічвацца па крэдыце. 44-гадовы жыхар Наваколасава атрымаў два гады турэмнага зняволення агульнага рэжыму за выраб небяспечнага наркатычнага сродку і захоўванне яго па месцы жыхарства. Да яго прыменены меры прымусовага лячэння ад наркаманіі.

ДАІ выявіла 182 парушэнні правіл дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – дзевяць «бяспраўнікаў» і восем нецвярозых вадзіцеляў (два з іх – «паўторнікі», за што прадугледжана крымінальная адказнасць), 20 недысцыплінаваных пешаходаў. Адбылося 14 дарожна-транспартных здарэнняў, у адной з іх пацярпеў пяцікласнік-веласіпедыст. У раёне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дзіця –  галоўны пасажыр». 

«Хуткая» атрымала ў маі 403 выклікі, у тым ліку 26 –  да асоб з алкагольным ап’яненнем. Чатыры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *