Выніковы медыцынскі савет прайшоў у цэнтральнай раённай бальніцы

Главное Медыцына

На выніковы медыцынскі савет у цэнтральнай раённай бальніцы сабраліся прадстаўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў, спецыялісты ўстановы, каб абмеркаваць вынікі 2019 года і работу ў бягучым годзе. Сфера аховы здароўя – складаная галіна, пры гэтым важная для кожнага з нас, і мае патрэбу ў пастаяннай увазе як мясцовых улад, так і дзяржавы. Дзейнасць кожнай медыцынскай установы ацэньваецца згодна з зацверджанай мадэллю канечных вынікаў па 35 паказчыках, якія ахопліваюць напрамкі работы ўсіх службаў.

У дакладзе-прэзентацыі галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Глебка былі адзначаны не толькі станоўчыя тэндэнцыі, але і закрануты надзённыя праблемы. За статыстыкай, лічбамі стаіць працаёмкая, нялёгкая работа медыкаў і абслуговага персаналу. Медыцынская дапамога насельніцтву нашага раёна аказваецца цэнтральнай раённай бальніцай на 259 ложкаў, Дзераўнянскай участковай бальніцай – на 25 ложкаў, Рубяжэвіцкай участковай бальніцай – на 20 ложкаў, Дзераўнянскай бальніцай сястрынскага догляду – на 35 ложкаў, амбулаторна-паліклінічнымі ўстановамі – на 900 наведванняў у змену, у тым ліку 10 амбулаторыямі, 14 фельчарска-акушэрскімі пунктамі. Пры амбулаторна-паліклінічных установах разгорнуты дзённыя стацыянары на 28 ложкаў. Раённая бальніца ўключае міжраённае скурна-венералагічнае аддзяленне, міжраённую лабараторыю серадыягностыкі і інфекцыйных захворванняў, аддзяленне пералівання крыві. Працуюць 131 урач, 363 сярэднія медыцынскія работнікі і 371 чалавек медыцынскага і іншага  персаналу. У гэтай камандзе калектыў медыкаў забяспечыў выкананне ўзятых на год абавязацельстваў: з 35 кантрольных паказчыкаў не выкананы толькі шэсць, папярэдні каэфіцыент комплекснай ацэнкі складае 1,44, гэта пакуль адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці, па папярэдніх даных. У 2018 годзе стаўбцоўская бальніца ў аглядзе сярод раённых бальніц заняла першае месца ў Мінскай вобласці і другое – у рэспубліцы.

Нягледзячы на такі вынік, як у справаздачным дакладзе, так і ў выступленнях раённага анколага Анастасіі Цярэшка, раённага кардыёлага Вольгі Вяроўка, загадчыцы Дзераўнянскай участковай бальніцы Людмілы Грыгаровіч канцэнтравалася ўвага на тых момантах, дзе ёсць недапрацоўкі. Медыкі гатовы ўдасканальваць лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы, метады і формы максімальнага ахопу дыспансерызацыяй усіх жыхароў раёна. Калектыў непакоіць статыстыка па запушчаных выпадках анкалагічных захворванняў. На сучасны момант ёсць пазітыўныя паказчыкі лячэння анкалогіі пры выяўленні злаякасных утварэнняў на ранняй стадыі, што дае шанцы выратаваць жыццё чалавека. У нашым раёне смяротнасць ад новаўтварэнняў на другім месцы пасля хвароб кровазвароту. Галоўным урачом пастаўлена задача не толькі перад анколагам, якая лічыцца адной з лепшых у вобласці (сведчанне гэтаму – наданне Анастасіі Цярэшка статусу галоўнага няштатнага спецыяліста па анкалогіі Мінскага аблвыканкама), але і перад усімі ўрачамі розных спецыяльнасцяў – не ўпусціць анкалогію ні ў аднаго пацыента. З гэтай мэтай ажыццяўляюцца і скрынінгавыя праграмы.

Медыкі разумеюць першаступеннае значэнне працаваць больш на прафілактыку, чым на лячэнне. Задачы прафілактычнай медыцыны ў цесным супрацоўніцтве з медыцынскімі работнікамі агучыла на медсавеце в. а. галоўнага санітарнага ўрача Алена Лойка.

Куратар стаўбцоўскай бальніцы намеснік галоўнага ўрача Клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці Таццяна Басалай у сваім выступленні аб’явіла аб паспяховым завяршэнні вытворчага года стаўбцоўскімі медыкамі, узятыя імі абавязацельствы выкананы. Было сказана, што медыкі стаўбцоўскай бальніцы ўмеюць не толькі працаваць, але і прадстаўляць сваю работу на высокім узроўні. Бальніца з’яўляецца узорам па стварэнні належных умоў працы для медперсаналу і абслугоўвання пацыентаў. Прамоўца зрабіла акцэнт: дарагога каштуе тое, што кіраўніцтва і калектыў не толькі аб’ектыўна ацэньваюць сітуацыю, аналітычна агучваюць праблемы, але і бачаць, як патрэбна ісці да іх вырашэння.

Па традыцыі на выніковым медсавеце медыцынскія работнікі і спецыялісты абслуговага персаналу атрымалі ўзнагароды. У зале было ўтульна ад кветак, усмешак, апладысментаў і праяўлення радасці за калег. Можна было палюбавацца, які прыгожы калектыў медыцынскіх работнікаў раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *