Будні Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

ПУЦЁЎКА  НА ПРАЦОЎНЫ СЕМЕСТР

Старт трэцяму працоўнаму семестру, які сёлета азнаменаваны 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў дадзены ў Мінску, на плошчы Дзяржаўнага сцяга.

Удзел у цырымоніі, арганізаванай Цэнтральным камітэтам БРСМ, прыняла і дэлегацыя нашага раёна. У яе склад увайшлі школьнікі Шашкоўскай школы на чале з камандзірам атрада Сяргеем  Болсунам, а таксама  в. а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Са сцягам БРСМ, экіпіраваным у аднолькавыя беласнежныя курткі з надпісам «Студатрад», юным стаўбчанам выпаў гонар быць сярод прадстаўнікоў Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Самы хвалюючы момант  – уручэнне першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Ігарам Бузоўскім пуцёвак на права адкрыцця новага працоўнага семестра ў абласцях і раёнах Беларусі.

«Каля 400 рабят-валанцёраў у складзе 30 атрадаў будуць працаваць на узвядзенні спартыўных збудаванняў, гасцініц. Студатрадаўцы накіруюцца на Беларускую атамную станцыю, будаўніцтву якой нададзены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Для ўдзелу ў ёй ужо набрана больш за 90 працэнтаў удзельнікаў. Ім прыйшлося вытрымаць конкурс, даказаць, што яны – лепшыя», – падкрэсліў падчас цырымоніі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь  Віктар Якжык.  У сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі кожнаму студэнцкаму атраду прысвоена імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.       

Расказваючы пра перспектывы працоўнага семестра ў нашым раёне, Анастасія Калодзінская звярнула ўвагу, што трэці працоўны семестр на Стаўбцоўшчыне будзе ўключаць у сябе работу педагагічных і сельгасатрадаў, а таксама індывідуальнае працаўладкаванне школьнікаў падчас летніх канікулаў на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПЕРШЫ – У БАЦЬКОЎ, «ЮБІЛЕЙНЫ» – У СТОЎБЦАХ

Напрыканцы красавіка ў Стоўбцах зафіксавана адметная падзея: у ЗАГСе зарэгістраваны «юбілейны», соты па ліку, стаўбчанін з пачатку бягучага года. І, важна падкрэсліць, што мы ў гэтым, дэмаграфічным, плане амаль на месяц «апярэджваем» самі сябе ў параўнанні з леташнімі вынікамі.

Гонар стаць»юбілейным» стаўбчанінам выпаў Мацвею Крыту, першынцу ў маладой сям’і стаўбчан. Здаецца, яшчэ не так даўно яго бацькі пераступалі парог нашай установы ў якасці маладых, а сёння прыйшлі па іншы дакумент – пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Назваўшы свайго сына Мацвеем, яны выбралі яму адно з самых папулярных на Стаўбцоўшчыне хлапечых імёнаў. Ды, думаю, маладых бацькоў, што так пяшчотна трымаюць на руках цуд – сваё першае немаўля, цешаць менавіта бацькоўскія пачуцці.

Радуе і тое, што ў цэлым на Стаўбцоўшчыне з пачатку года ўжо зарэгістраваны 153 нараджэнні. Нашы сем’і папаўняюцца, разрастаюцца новымі «галінкамі» на радаводным дрэве. 21 дзіця з нованароджаных – трэцяе ў сям’і, пяць нованароджаных – чацвёртае ў сям’і дзіця. Прыемна паведаміць усім жыхарам раёна, што на свет з’явілася шчаслівая двойня – у сям’і стаўбчан Хрысціны і Максіма Вагулісаў.

Так складваецца, што сёлета найбольш нараджаецца ў нас дзяўчынак, будучых прадаўжальніц роду. Са 153-х дзяцей 83 – менавіта яны.

У кожнага дзіцяці – уласнае прыгожае імя. Для сваіх дачушак бацькі часцей выбіраюць такія імёны, як Анастасія, Ганна, Вікторыя, Софія, Дар’я, Ксенія, Мілана, Дамініка, Кацярына, Надзея, Паліна, Яна. У хлапечай «камандзе», акрамя папулярнага імені Мацвей, чуюцца таксама Максім, Данііл, Андрэй, Арсеній, Арцём, Ягор, Міхаіл, Мікіта, Яраслаў…

Няхай  нашы сем’і  ўзбагачаюцца самым вялікім багаццем – дзеткамі!

Надзея КАРТУЗАВА,начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама

 

ПАСЕКА З НОВЫМІ ВУЛЛЯМІ

Ажыўлена гэтай веснавой парой на пасецы Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. Сёлетняя вясна ранняя, і пчолкі даўно зрабілі свой першы вылет.

– Для іх падрыхтавана 20 новых вулляў, – расказвае старшы пчаляр лясгаса Міхаіл Каўгарэня і, падводзячы вынікі зімоўкі, падкрэслівае, што гібелі пчол на пасецы не дапушчана. Пчолак добра падкармілі і своечасова, яшчэ з восені, пралячылі. Каб атрымаць добры ўраджай і сёлета, лесаводы рыхтуюцца да вывазу пчолак бліжэй да меданосаў. На гэты конт ёсць дамоўленасць з аграномамі ААТ «Агранёманскі» і «Каганец», прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр». Свежага мёду чакаюць ужо ў чэрвені.

Летась на лясгасаўскай пасецы, якая налічвае 300 пчаласем’яў, атрымалі 2 тоны 726 кг мёду. Увесь ён быў рэалізаваны. Планы на бягучы год – атрымаць па 15 кг мёду на пчоласям’ю. Не адзін дзясятак гадоў на пасецы шчыруюць вопытныя спецыялісты ў саставе сямейных дынастый – муж і жонка Міхаіл і Валянціна Каўгарэні (Акінчыцкае лясніцтва), муж і жонка Васіль і Алена Парашчукі (Кляцішчанскае), а таксама патомны знаўца пчалярскай справы, лесавод-старажыл Мікалай Лецка (Старынскае лясніцтва).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

ФАЦЭЛІЯ – ВЫДАТНЫ СІДЭРАТ

У сялянскай фермерскай гаспадарцы сёлета пасеяна 20 гектараў фацэліі. У нашым раёне толькі фермер Уладзімір Радзевіч высявае гэтую культуру на сваіх палетках.  

– Лепшага сідэрата, каб аздаравіць глебу, не знайсці, – адзначае Уладзімір Уладзіміравіч. – Яна таксама выдатны папярэднік пад бульбу і іншыя агароднінныя культуры, бо назапашвае ў глебе азот і гумус.

Дарэчы, трымае фермер і пчальнік, а фацэлія – прызнаны сярод пчаляроў меданос.

У цесным супрацоўніцтве

На палетках гаспадаркі сёлета задзейнічаны новы трактар «Джон -дзір». Гэтую магутную тэхніку, а таксама дзве сеялкі і глебаапрацоўчы агрэгат набыла і перадала на баланс фермерскай гаспадаркі нямецкая фірма BASF. З дапамогаю трактара і сельгасмашын выконваюцца розныя работы не толькі на палях фермера, а і аграцэнтра, які створаны і праводзіць доследы па ахове раслін на землях фермерскай гаспадаркі. У такім цесным супрацоўніцтве ёсць агульная зацікаўленасць.

 

ПАЗНАННЕ НЕ АБМЕЖАВАНА ЎЗРОСТАМ

Усё больш актуальным становіцца прадастаўленне адукацыйных паслуг людзям пенсіённага ўзросту.

У нашым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для іх з красавіка пачаў працаваць гурток «Пазнанне». Два разы на месяц – па суботах, дляпенсіянераў праводзяцца заняткі па авалодванні камп’ютарнай граматай. Гэта дасць магчымасць пенсіянерам набыць навыкі карыстання персанальным камп’ютарам.

У многіх з іх дзеці жывуць у іншых гарадах, а то і ў іншых краінах. З дапамогай сеткі інтэрнэту яны могуць мець зносіны з роднымі, блізкімі, сябрамі. Камп’ютар дасць магчымасць і для павышэння кругагляду, набыцця ведаў. Гурток будзе садзейнічаць сацыяльнай адаптацыі пажылых людзей у сучасным інфармацыйным асяроддзі.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання запрашае людзей пенсіённага ўзросту стаць членамі гуртка «Пазнанне». Тэлефануйце па нумары 5-54-99.

Зінаіда КАТЛАШЭЎСКАЯ,спецыяліст аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі

 

ДЭПУТАТ ВІДЗЁНУСІМ ПА ЯГО СПРАВАХ

Больш за два дзясяткі прычэпаў з розным друзам вывезена сёлетняй вясной падчас ачысткі могілак у Новым Свержані.

На могілках выразана кустоўе, спілаваны аварыйныя дрэвы, ды і так набралася пасля зімы рознага хламу. У цэлым зроблены вялікі аб’ём работы пад кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама Анатоля Богдана і дэпутата сельскага Савета, начальніка аддзела тэхсэрвісу і рамонту райаграсэрвіса Аляксандра Пахадні.   

– Райаграсэрвіс, адно з нашых мясцовых прадпрыемстваў, выдзеліла тэхніку і рабочых для навядзення парадку на могілках, – заўважае старшыня сельвыканкама. – Другое наша прадпрыемства –  лесазавод – у выглядзе шэфскай дапамогі прадаставіла рабочага для абкошвання могілак.

Каб у сезон не даваць зарастаць травой шматлікім вуліцам і завулкам Новага Свержаня, сельвыканкам, як і ў мінулыя гады, заключыў дагавор з раённым камбінатам бытавога абслугоўвання на аказанне паслугі па скошванні. Паслуга гэтая актуальная ў першую чаргу адносна пустых дамоў,  пустак у межах населенага пункта.

На вуліцах Новага Свержаня апошнім часам можна  заўважыць і работнікаў аб’яднання камунальных службаў. Яны ініцыіруюць заключэнне дагавору на вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў з домаўладальнікамі, якія яшчэ не заключылі яго, а таксама вядуць работу сярод тых, хто своечасова не аплачвае паслугу, ходзіць у даўжніках. Варта  чарговы раз нагадаць пра норму закона, згодна з якой паслуга па зборы і абясшкоджванні бытавых адходаў адносіцца да абавязковых і, адпаведна, АКС мае права падаць дакументы ў суд на таго, хто адмаўляецца ад заключэння дагавору ў добраахвотным парадку ці  своечасова не аплачвае паслугу.         

Без удзелу суда, між іншым, не вырашаецца і лёс закінутых пустых дамоў, якія ганьбяць імідж і самага дагледжанага населенага пункта, асабліва калі гэты нічыйны дом стаіць у цэнтры, на ажыўленай вуліцы і т. п. Суд ужо паставіў кропку ў лёсе аднаго такога дома ў Новым Свержані, на які не знайшліся спадчыннікі. «Гэты нічыйны дом будзем прадаваць праз аўкцыён», –  зазначае Анатоль Богдан. Яшчэ адзін дом унесены ў рэгістр пустых дамоў і, калі яго  спадчыннікі не аб’явяцца, то і ён пяройдзе пасля рашэння суда ў камунальную ўласнасць.

Падтрымліваць парадак вакол сваіх дамоў, своечасова абкошваць прылеглую тэрыторыю – гэта абавязак кожнага з нас. Санітарныя правілы патрабуюць ад нас і клопату аб рамонце і пафарбоўцы фасада жылога дома, агароджы. Добры гаспадар аздабляе сваю сядзібу кветкамі. Цяпер самы час гэта рабіць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *