«Тут — паветра, раздолле, як я без іх буду?…» Даведаліся, як жывуць сучасныя хутаране

Главное Год малой родины

Паміж Новым Свержанем і Сінявай, на мяжы двух сельсаветаў – Навасвержанскага і Вішнявецкага, схаваўся ад людскіх вачэй хутар. Акружаны старым лесам і ўжо новымі, амаль паўвекавымі пасадкамі, ён працягвае жыць з сучасным імем – вуліца Хутарская. 

Вуліца Хутарская Новага Свержаня

Бацькаў хутар

– Скажыце пра хутар Лапкоўскіх – і ўсе старэйшыя жыхары Новага Свержаня будуць яго ведаць. Мой бацька працаваў будаўніком у тадышнім калгасе «Краіна Саветаў» (цяпер – ААТ «Вішнявецкі-агра». – Заўвага рэдакцыі), мама хадзіла на паляводчую брыгаду, – так пачынаецца маё знаёмства з карэннай хутаранкай Валянцінай Паплаўскай.

Дзякуючы бацьку Валянціны Мікалаеўны хутар не знік у той час, калі вялося ўзбуйненне населеных пунктаў. Хутаранам давалі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва дамоў у Новым Свержані. На хутары тады было каля 40 хат, яны «закручваліся» аж да самай Сінявы (гэтага прыпынку электрычкі тады не існавала), і многія гэтую магчымасць выкарысталі. Але не Мікалай Лапкоўскі.

– Бацька казаў: тут – паветра, раздолле, як я без іх буду?.. – прыгадвае Валянціна Мікалаеўна. Расказвае яна і пра тое, як доўга чакалі электрыфікацыі хутара. – Бацька ўжо дамовіўся аб будаўніцтве лініі з тадышнім старшынёй калгаса Мірашнічэнкам, але той неўзабаве пайшоў з жыцця. Справа адклалася… Калі мама памірала, яшчэ не было электрычнасці…

На гэтым хутары ў сям’і Лапкоўскіх нарадзілася пяцёра дзяцей. Валянціна – самая малодшая.

– Хадзіла ў школу ў Новы Свержань. Закончыла восем класаў і хацела ехаць вучыцца. Але не хапала да шаснаццаці, ды і не было за што. Год працавала на лесазаводзе – укладвала паркет. Купіла сабе туфлі, а астатняе з заробленага прынесла маме, – успамінае жанчына.

Свой хутар яна не забывала ніколі. З Мінска, дзе пражыла і прарабіла сорак гадоў поварам, спяшалася сюды на выхадныя. Летам – падчас водпуску. А ў 2010 годзе вярнулася на хутар жыць.

Валянціна Паплаўская развяла курэй, якія нясуць зялёныя яйкі

Чатыры дамы, паміж імі – мяжа

Бацькоўская хата Валянціны Паплаўскай ды дачны дом па суседстве – вось і ўся вуліца Хутарская Новага Свержаня. Справа ад яе, праз дарогу, – яшчэ два дачныя дамы (адзін з іх, як нам паведаміла Валянціна Мікалаеўна, належыць вядомаму беларускаму прафесару-філолагу Мікалаю Прыгодзічу), і яны цяпер уваходзяць у склад іншага, Вішнявецкага, сельсавета.

– Ніякіх межаў паміж намі няма. Сябруем. П’ём чай з зёлак, што сабралі ў лесе. І першыя грыбы ў нас растуць не дзе-небудзь, а адразу за домам, – заўважае карэнная хутаранка.

Перайшоўшы ўмоўную мяжу, крочым у напрамку Сінявы. Здаецца, што елкі ды сосны імкнуцца абняць дачныя дамы сваімі кашлатымі галінамі. Ні знаку не засталося ад колішніх селішчаў. «Пазарасталі, – тлумачыць мая спадарожніца і паказвае ў бок, дзе за лесам віднеецца поле. – Яшчэ не так даўно там былі рэшткі глінянага склепа. Калгас сеяў і зраўняў іх».

Хутарскі вартаўнік

Сігналы шчасця, а не інтэрнэту

Так склалася, што жыццё звяло Валянціну Паплаўскую са стаўбчанінам Аляксандрам Рыпінскім. У яго памерла жонка, у яе – муж. Сышліся немаладыя людзі.

– Прыйшоў я ў прымы, – пры сустрэчы аджартоўваецца Аляксандр Кліменцьевіч і адразу зацягвае «прымацкую».

Высвятляецца, што ён ведае шмат старых песень. Калісьці спяваў у саўгасным хоры (родам ён з Зэльвенскага раёна), браў удзел у армейскай самадзейнасці. І спадарожніца Валянціна таксама нарадзілася з пявучай душой. Выйдуць яны на ганак і заспяваюць разам. Іх песня, як сігнал шчасця, нясецца рэхам у звонкае наваколле…

Затое сюды, у глыбіню лясной казкі, сігналы інтэрнэту не далятаюць. У Валянціны Мікалаеўны ўнучка вучыцца ў Польшчы, і сучаснай сувязі якраз і не хапае. «Камп’ютар, каб не стаяў без справы, аддалі дзецям», – дзеляцца мае суразмоўнікі.

На хутары яны гадавалі аднаго з унукаў. Хлопчыку было цікава назіраць за козамі, індакачкамі, гусямі, іншай жыўнасцю, якую тады трымалі бабуля і дзядуля. Дзядуля адрэкамендаваў малога: «Антону Сяргеевічу ўжо 11, ён навучаецца ў сталічнай школе».

Дарэчы, Аляксандр Кліменцьевіч даведаўся пра існаванне хутара ля Новага Свержаня тады, калі пазнаёміўся з Валянцінай Мікалаеўнай, хоць усё сваё працоўнае жыццё быў звязаны з адным з мясцовых прадпрыемстваў – райаграсэрвісам. Прайшоў на ім шлях ад вадзіцеля да інжынера.

Старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан праводзіць сярод хутаран пажарна-прафілактычную работу

Сапраўднае жыццё

Адлегласць ад хутара да вёскі Новы Свержань складае дзесьці 1,5 км. Дарога ідзе паўз лес. Кіруючыся па ёй, старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан тлумачыць:

– У гэтым куточку Новага Свержаня часцей даводзіцца бываць зімой, калі трэба чысціць дарогу ад снегу.

Сёлетняя зіма – бясснежная, але ў старшыні сельвыканкама ёсць неабходнасць пабываць у домаўладанні, каб правесці яго супрацьпажарны агляд.

Печка ў хутаран напалена.  «Выкінулі ўсё старое і зрабілі печку па-новаму. Дровы набылі на лесазаводзе. Ёсць і апавяшчальнік», – адказвае на пытанні гаспадыня.

Увогуле над сваім домам яны папрацавалі. Узнялі яго. Жылы пакой абшылі вагонкай. Устанавілі душавую кабіну, хоць унутраны рамонт яшчэ не завершаны. З жыўнасці на падворку засталіся толькі куры. Затое якія!.. Валянціна Мікалаеўна дзякуючы дамашняму інкубатару вывела ўласную пароду. Эксперыментальная курыца нясе ёй не залатыя, але і не зусім звычайныя яйкі – зялёнага колеру. Гаспадары хвалююцца, каб куніца не зрабіла  чарговы раз падкоп пад куратнік або каб ястраб не ўчыніў на сакатух свой дзёрзкі напад…

У навасвержанскі магазін або ў амбулаторыю хутаране едуць на блакітным «Масквічы». «Такі аўтамабіль ці не адзіны ў раёне», – гаворыць Аляксандр Рыпінскі пра сваё старэнькае аўто.

…Нягледзячы на цяжкасці, жыццё на хутары прываблівае сваім каларытам. Паспрабаваўшы яго, як і матчынай ласкі, немагчыма забыць, змяніць на штосьці іншае, нават і больш зручнае, камфортнае. Тут жыццё – сапраўднае. І верыцца, што і ў будучым нехта абавязкова захоча прыйсці на змену, застацца на хутары, каб працягнуць свой і яго лёс. Магчыма, Антон Сяргеевіч?..

Гэты «Масквіч» замяняе аўталаўку

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *