Прызванне – быць для вучня мамай

Адукацыя Важное

Першага лютага – вечар сустрэчы выпускнікоў. У гэты дзень знаёмыя школьныя калідоры пераносяць нас у дзяцінства. І мы спяшаемся да тых, хто дакладна падтрымае наша шматгалосае «А памятаеш?!.».

Як і 20 гадоў таму, калі я стала першакласніцай, у Навасвержанскай сярэдняй школе мяне сустракае настаўніца пачатковых класаў Алена Пятроўна Тапеха. Нібы нічога і не змянілася за дзесяцігоддзі, хіба што сёння ўжо расказваеш не  пра свае дзіцячыя (самыя важныя!) навіны, а, наадварот, цікавішся ў педагога, як яму працуецца з пачаткоўцамі, у чым сэнс прафесіі, ці змяніліся дзеці, бацькі…

Час распытаць пра тое, што ў школьныя гады падавалася само сабой.

Алена Тапеха праводзіць урок пісьма ў сваім першым классе

 «Арыенцір» 

– Ваш выпуск, Віка, у мяне трэці, – прыгадвае Алена Пятроўна. – Тады, у 1999-м, мне і вам пашанцавала: наш клас стаў адзінай у раёне пляцоўкай для ўкаранення мадэлі школьна-сямейнага выхавання «Арыенцір». Ідэя заключалася ў тым, каб згуртаваць дзяцей, бацькоў і настаўніка. У нас было шмат чаго агульнага пасля ўрокаў, па-за сценамі класа. Паходы, святы, конкурсы! Панавала творчая атмасфера… Штомесяц збіраліся на сходы (бацькоўскія сустрэчы) і разам планавалі паездкі ў тэатр, цырк. Калі выбару не было, гатовы былі ехаць нават на электрычцы…

Фармат такой супольнай працы выкарыстоўваю і сёння. У нашай школе існуе добрая традыцыя – праводзіць Тыдзень пачатковай школы, падчас якога мы прапануем шэраг актыўнасцяў як для дзяцей, так і для бацькоў.

Мы – гэта моцная каманда настаўнікаў пачатковых класаў  (Марына Іосіфаўна Кураш, Жанна Іосіфаўна Шарапа, Марына Васільеўна Уласік), якая сфарміравалася за многія гады сумеснай працы. З калегамі дзелімся вопытам і напрацоўкамі ў межах метадычнага аб’яднання.

Дзеці 

– Вы былі лепшымі, – усміхаецца Алена Пятроўна, але хутка прызнае, што такое меркаванне ўсё ж стэрэатыпнае: – Дзеці – яны заўсёды непасрэдныя, са сваімі радасцямі і страхамі. Безумоўна, інтэрнэт, гаджэты робяць іх больш прагматычнымі і дасведчанымі. Аднак першакласнікі па-ранейшаму ідуць на ўрокі з цацкамі, таму на вучэбны працэс прыходзіцца настройваць не толькі дзіця, але і ляльку.

Спосабы выхавання застаюцца нязменнымі: дзіця павінна расці ў дабрыні. Маё непарушнае правіла: звяртацца да вучняў па імені. За гэтым строга сачу і такім чынам навучаю паважліва ставіцца адзін да аднаго, «перафарматую» магчымую жорсткасць ці негатыўны настрой маленькага чалавека. Менавіта ў гэтым узросце – калі дзіця не ўмее хлусіць, шчыра выказваецца – важна ўплываць на будучую асобу.

Бацькі

– Настаўніцай стала ў 19 гадоў. Натуральна, баялася і вучняў, і бацькоў, – прыгадвае Алена Пятроўна. – Тады думала: калі стану старэйшай за бацькоў сваіх навучэнцаў, то праблем будзе менш і вырашаць іх стане прасцей… Час і вопыт паказалі: паспяховая камунікацыя, паразуменне не залежаць ад узросту.

Мне падабаецца ініцыятыўнасць, актыўнасць сучасных бацькоў. Знаёмлюся з сям’ёй кожнага свайго вучня, і не толькі з татам і мамай. Адметная традыцыя – ладзіць разам з першакласнікамі дзень падзякі бабулям і дзядулям. Менавіта яны часта прыходзяць у школу, каб забраць свайго ўнука ці ўнучку пасля ўрокаў.

Здараецца, што мне разам з сацыяльным педагогам даводзіцца ісці ў сям’ю вучня ў экстранным выпадку. Напрыклад, калі дамашнія выклікалі міліцыю. Школа запрашае бацькоў на савет прафілактыкі. Цудоўна разумею, што дарослага чалавека не перавыхаваеш, аднак ёсць магчымасць даць яму неабходную кансультацыю, разам пашукаць прычыны і выйсце.

Зрэшты, прычыны праблем у сям’і часта гучаць з вуснаў дзяцей – варта толькі слухаць. На гэты конт жартам папярэджваю бацькоў: «Не кажыце пры дзіцяці, дзе ў вас захоўваюцца грошы, бо гэтую таямніцу буду ведаць і я».

Як навучыць

– Метад шматразовага паўтарэння – самы дзейсны, – дзеліцца прафесійнымі назіраннямі Алена Пятроўна. – Зразумела, што дзеці любяць асацыяцыі, адгукаюцца на жыццёвыя прыклады… Лепшы прыклад – гэта іх настаўнік. Добразычлівасць, давер, самаадданасць яны прымуць за норму, калі адчуюць гэтыя якасці ў маіх паводзінах. Натуральна, камп’ютар з’яўляецца неабходнасцю для педагога, аднак у цэнтры застаецца камунікацыя паміж вучнем, настаўнікам і бацькамі.

Шчыра скажу: не павышаць голас немагчыма. Некаторыя дзеці прывыклі да дамашніх гучных размоў, а хтосьці губляе канцэнтрацыю ад манатоннага маўлення… Але паступова яны авалодваюць уменнем слухаць і чуць. І тады хапае аднаго позірку…

У пачатковай школе, як правіла, дзеці вучацца з жаданнем. На ўроку – «лес» рук і ўсе гатовы да адказу: «Я! Я! Выклічце мяне!» У такіх выпадках нагадваю ім пра такт: «Я – гэта апошняя літара ў алфавіце». Індывідуальнасць не павінна засланяць інтарэсы іншых.

Мае вучні добра ведаюць, што школа – гэта іх работа. «Вырасту і буду шмат зарабляць», – нярэдка чую ад дзяцей і ведаю, што ім абяцаюць розныя пакупкі ці грошы ў абмен на паспяховае заканчэнне чвэрці. Лічу гэты стымул некарысным. Атрымліваецца, што высокія балы патрэбны бацькам. Адзнакі маюць індывідуальную канвертацыю: для кагосьці і шасцёрка – гэта дасягненне, поспех.

Сельская школа

– Мне падаецца, што ведаю амаль усіх жыхароў Новага Свержаня, хоць жыву ў Стоўбцах, – аналізуе Алена Пятроўна. – З гадамі прывыкла да вёскі. Тут маё першае і адзінае месца працы. Цяпер у мяне навучаецца самы вялікі ў школе клас – 18 вучняў, а ў наступным годзе чакаем больш за 20 першакласнікаў.

Думаю, для навасвержанскіх дзяцей вялікая перавага вучыцца ў сваёй мясцовасці, дзе ўсё ў крокавай даступнасці і якасць адукацыі – на ўзроўні. У Стоўбцы ездзяць з Новага Свержаня лічаныя вучні. Пераканана, што ў настаўніка сельскай школы больш магчымасцяў, каб наладзіць цесныя стасункі з бацькамі, быць бліжэй да кожнага вучня.

Прыемна, калі яны застаюцца жыць на малой радзіме. Адна з маіх першых выпускніц прывяла ў школу свайго сына , і я называла яго  «мой унучак».

Прызванне

– Думаю, ужо маю права сказаць, што быць настаўніцай пачатковых класаў – маё прызванне, – гаворыць Алена Пятроўна, педагог з амаль 30-гадовым стажам. – Аднак, каб адчуць сябе на сваім месцы, спатрэбілася нямала прайсці, перажыць… Дзякуй калегам за падтрымку, маёй першай настаўніцы ў слабадской школе – Ніне Андрэеўне Падчаша. Менавіта з яе пачалася мая захопленасць прафесіяй. І толькі праз гады я зразумела, што своеасаблівая сямейная атмасфера ў класе – гэта вялікая штодзённая праца настаўніка.

Дзеці, асабліва першакласнікі, часта называюць мяне другой мамай. Вось і атрымліваецца, што я – шматдзетная. Таму на ўласнага сына заўсёды не хапае часу. Цяпер ён ставіцца да гэтага з разуменнем. Настаўніцкія дзеці раней становяцца дарослымі.

Плён

– Яшчэ ніхто не пайшоў ад мяне непісьменным, – смяецца Алена Пятроўна. – Але калі сур’ёзна, то навучыць чытаць-пісаць-лічыць – не самая адказная задача. У пачатковай школе найгалоўнейшае – навучыць вучыцца. Не  проста засвойваць матэрыял, але і самастойна шукаць, не бянтэжыцца ў нестандартных сітуацыях. І, безумоўна, усвядоміць, што ёсць дабро, а што – зло.

Бадай ці не кожны год на вечары сустрэчы да мяне прыходзіць той ці іншы юбілейны выпуск. Пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў пасля заканчэння школы… У дарослых людзях я пазнаю ранейшых гарэз… Для мяне гэта свята. І праз дзесяцігоддзі можна бясконца прыгадваць з імі дзяцінства, вясёлыя гісторыі, бо я – іх першая настаўніца. Разам мы пражылі не проста чатыры школьныя гады, а вельмі важны этап у іх жыцці.

Вікторыя ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *