Справа агульная

Добраўпарадкаванне Нумары

 

Справа агульная

АД ГАСПАДАРА ЗАЛЕЖЫЦЬ

Распараджэннем раённага выканаўчага камітэта вызначаны арганізацыі, якія замацоўваюцца за сельвыканкамамі для аказання дапамогі ў навядзенні парадку на зямлі. Для зносу  безгаспадарных, пустых збудаванняў, рэкультывацыі міні-палігонаў неабходна тэхніка. І яе павінны прадаставіць кожнаму сельсавету, згодна з вызначаным пералікам, пэўныя прадпрыемствы, гаспадаркі, арганізацыі. Дапамога будзе аказана і рабочай сілай.

Добраўпарадкаванне – справа агульная. Кожны з нас у адказе за чысціню і ўтульнасць у нашым горадзе, населеных пунктах раёна.

Старшынёй Мінскага аблвыканкама  асаблівая ўвага ў справе навядзення парадку на зямлі ўдзяляецца жывёлагадоўчым фермам. Даныя вытворчыя аб’екты павінны быць агароджаны,  прыбрана,  акультурана і прылеглая тэрыторыя вакол фермы. Вывезеная на палеткі арганіка – гэта і вонкавы выгляд фермаў, і здароўе жывёлы. Аднак з выкананнем гэтых работ у асобных сельгаставарыствах раёна існуюць сур’ёзныя пытанні. Таму і старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Місько пастаянна  аб’язджае фермы і патрабуе ад спецыялістаў і радавых работнікаў выконваць пастаўленыя  ў справе добраўпарадкавання задачы.

Мы пабывалі на жывёлагадоўчых фермах ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Першая на шляху і акурат пры дарозе  – МТФ «Мешычы». Ферма невялікая і, здавалася б, можна навесці парадак. Першае, што кідаецца ў вочы, – непрыгожая, у некаторых месцах разламаная агароджа. Не прыбрана будаўнічае смецце, акурат пасярод тэрыторыі ляжалі раскрытыя цюкі з травянымі кармамі, раскідана салома. Не прыкрыты каналізацыйны калодзеж.

А вось комплекс у Цеснавой мае больш цывілізаваны вонкавы выгляд. Тут  і  працягваюцца работы па добраўпарадкаванні, у прыватнасці, ставіцца плот непасрэдна на тэрыторыі. Аднак  яшчэ застаецца многа нявырашаных пытанняў. Нясвоечасова вывозіцца арганіка. Калі пройдзе дождж, то жыжка плыве ў кароўнікі. Нам давялі, што існуюць праблемы з трубамі водапаення. Варта адзначыць, што гэтае пытанне актуальнае для ўсіх малочнатаварных фермаў гаспадаркі: на Мешыцкай цякуць паілкі, і ў Слабодцы. Дарэчы, пра МТФ «Слабодка» асобная размова. Жыжка з кароўніка выпірае праз дзверы, расцякаючыся па тамбуры і ля жывёлагадоўчага памяшкання. Па тэрыторыі раскідана салома, не прыбраны металалом. Нездавальняючы санітарны стан і ў даільным памяшканні, дзе патрабуе рамонту бетонная падлога. Прынамсі, праблема з рамонтам падлогі і на комплексе ў Цеснавой, дзе раздойваюць цялушак.

Трэба дадаць, аднак, што нягледзячы на адмоўны бок, ёсць на фермах таварыства і станоўчае. Напрыклад, ладна выглядаюць маленькія цяляткі. Знаходзяцца яны ў спецыяльных для ўтрымання маладняку памяшканнях і ў летніх доміках, а на комплексе – у новых пластмасавых. Добрыя  ўмовы ўтрымання створаны для жывёлы ў тэнтавым памяшканні для сухастойных кароў.

Небеспадстаўна ўвагу прыцягнула і старая Цясноўская ферма, якая размешчана праз дарогу, акурат насупраць комплекса. На гэтую тэрыторыю даўно махнулі рукой, маўляў, ферма ліквідуецца. Тут утварылася сапраўдная несанкцыянаваная звалка. 

Выяўленыя хібы нам паабяцалі выправіць. Не ў тую ж хвіліну зразумела, бо на рэканструкцыю водапаення, напрыклад, неабходны фінансавыя сродкі. Некаторыя недахопы ўхілялі адразу ж. А чаму не падтрымліваць парадак пастаянна, каб не мець нараканняў і не плаціць штрафы? Дзеля гэтага не трэба асаблівых намаганняў, а тым больш вялікіх грашовых укладанняў. Неабходна проста сумленна выконваць свае абавязкі і быць сапраўднымі гаспадарамі, такімі як на сваіх  падворках. Людзі ж праводзяць вялікую частку свайго жыцця на рабоце. А калі чыста вакол, растуць кветкі, то і настрой паднімаецца, і работа ідзе спарней. І ёсць зацікаўленасць  дасягнуць  вышэйшых вынікаў. А прадаецца больш прадукцыі – зарплата павялічваецца. Грошай на рахунку прыбаўляецца – можна вырашаць розныя вытворчыя пытанні. Напрыклад, бягучы рамонт правесці, новы плот паставіць і нават новае памяшканне пабудаваць. І своечасова  выплачваць зарплату таксама (людзі аб гэтым турбаваліся). Адным словам, дабрабыт чалавека залежыць ад самога чалавека – гэта ісціна, якую трэба зразумець і прыняць.

Надзея БАТАЛКА

На здымках Васіля ЗЯНЬКО – «панарама» ўбачанага на фермах ААТ «Радзіма Дзяржынскага»: у Мешычах, Цеснавой і Слабодцы.

 

ЗАЯЎКІ З САДОВЫХ ТАВАРЫСТВАЎ

Напярэдадні дачнага сезона прайшоў сход са старшынямі садовых таварыстваў, каб абмеркаваць самыя злабадзённыя пытанні – санітарыі і ўборкі цвёрдых бытавых адходаў.

Менавіта садовыя таварыствы часцей за ўсё «грашаць» звалкамі ў суседніх лясных масівах, абапал пад’язных дарог, што выклікае да іх шмат абгрунтаваных нараканняў. На Стаўбцоўшчыне налічваецца 48 садовых таварыстваў, і найбольшая канцэнтрацыя іх прыпадае на ваколіцы Засулля. У сувязі з гэтым невыпадкова, што сюды на выязны сход прыехалі прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, лясгаса, міліцыі, пазаведамаснай аховы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і зямельнай службы, Рубяжэвіцкага сельвыканкама. У комплексе  падчас абмеркавання ўзнімаліся не толькі пытанні добраўпарадкавання, а і, да прыкладу, правядзення даследавання вады на хімічны і бактэрыялагічны састаў, апрацоўкі тэрыторыі ад кляшчоў, перасялення баброў і т. п. Былі зададзены пытанні і сельвыканкаму.   

Што датычыць арганізацыі ўборкі смецця ў садовых таварыствах, то, па даных аб’яднання камунальных службаў, дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў заключылі ўсе 48 садовых таварыстваў. Аднак, як акцэнтуе ўвагу ўрач-гігіеніст Наталлля Рык,  у даным выпадку гэта яшчэ не паказчык свядомага і добрасумленнага падыходу да пытанняў добраўпарадкавання. З улікам фактару сезоннасці і наяўнасці на дачах людзей пераважна ў выхадныя дні, тэхніка АКС выязджае ў садовыя таварыствы не па зацверджаным графіку (як гэта наладжана ў горадзе і сельскіх населеных пунктах), а непасрэдна пасля іх заяўкі. На жаль, далёка не заўсёды дагавор з АКС падмацоўваецца на працягу сезона неабходнай колькасцю заявак.      

Каб высветліць сітуацыю, мы звярнуліся да майстра аб’яднання камунальных службаў Андрэя Смаўжа:

– Заяўкі з садовых таварыстваў мы атрымліваем пастаянна. З пачатку бягучага года іх падалі нам такія таварыствы, як «Пралеска», «Усмешка», «Аляксандрава», «Лясное»,»Лівенка», «Аўтасэрвіс»,»Харчавік». Усе яны задаволены. Яшчэ 62 заяўкі пададзены і – па ўзаемнай дамоўленасці, у парадку чаргі, – распісаны на выхадныя дні летніх і іншых месяцаў. Апошняя з пададзеных  заявак датуецца 25 кастрычніка 2014 года. У сярэднім за сезон з кожнага садовага таварыства паступае 5-6 заявак на вываз смецця, што складае каля 20 м3 адходаў.

– Ці ўзнікалі пытанні наконт вывазу смецця з садовых таварыстваў?

– Такіх пытанняў  не ўзнікала. Большасць таварыстваў аддалена ад райцэнтра на 20 і больш кіламетраў, таму за два выхадныя дні тыдня можам абслужыць дзесьці чатыры таварыствы. Тлумачым гэта людзям і просім падаваць свае заяўкі загадзя.

Садовае таварыства, якое зацікаўлена ў чысціні сваёй і прылеглай тэрыторый, цесна супрацоўнічае з АКС, сельвыканкамам і іншымі службамі і не сустракае перашкод на гэтым шляху.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *