Скарбы Мірскай гары

Важное Год малой родины

Па выніках першага, раённага, этапа  аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама былі адабраны на вобласць дзве фотаработы: «Мірская гара: пясчаны кар’ер» Андрэя Радкевіча і «Гой ты, Нёман, хуткі Нёман, колькі дум ты мне нагнаў!» Лізаветы Цярэшка, абое – навучэнцы Навасвержанскай школы. Творчы куратар падлеткаў – загадчыца Навасвержанскага дома культуры Вольга Капуцкая.

Усяго ад Мінскай вобласці паступіла 79 заявак. У трэці, рэспубліканскі, этап конкурсу прайшлі 19 работ ад 18 непаўналетніх, у тым ліку і работа Андрэя Радкевіча пра Мірскую гару.

Цікава, што сваю назву Мірская гара атрымала за знаходжанне пры старажытным тракце Мінск – Мір. У другой палове XIX стагоддзя побач была пабудавана лінія Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, таму тракт паступова прыйшоў у заняпад. Тым не менш, на працягу многіх стагоддзяў Мірская гара была месцам здабычы пяску і гліны, дзякуючы якім у канцы XVI стагоддзя ў Новым Свержані з’явіліся такія выдатныя творы рэнесанснай архітэктуры, як Петрапаўлаўскі касцёл з агароджай і Успенская царква з брамай і агароджай (аб’екты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь). Таксама існуе легенда, што гліну з гары бралі для вырабу цэглы на будаўніцтва замка ў Міры. Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы звозілі сюды пясок, вапну і гліну для яе далейшай адпраўкі па чыгунцы ў Германію. Маючы такую разнастайную і багатую гісторыю, нядзіўна, што Мірская гара натхніла непаўналетніх на творчую ініцыятыву.

– 17 снежня 2019 года ва УА «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў, на якой Андрэю Радкевічу быў уручаны сертыфікат удзельніка з пажаданнямі далейшых творчых поспехаў, – расказала метадыст ДУ «Стаўбцоўскі РЦК» Вераніка Ярмак. – Фотаконкурс «Мой край родны» праводзіўся пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яго мэта – фарміраваць у падрастаючага пакалення  грамадзянскі светапогляд і патрыятызм сродкамі фотамастацтва, садзейнічаць раскрыццю ў моладзі творчага патэнцыялу праз папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *