Падтрымаць у складанай сітуацыі

Важное Сельская гаспадарка

Прафсаюзны лідар павінен «гарэць» новымі ідэямі, быць душой калектыву, умець уважліва слухаць і пераканаўча гаварыць. Усе названыя якасці ўласцівы старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Рочавічы» Жанне Навіцкай.

На гэтай грамадскай пасадзе Жанна Антонаўна працуе восем гадоў. Неабыякавая да патрэб работнікаў калектыву, яна стараецца ў складанай сітуацыі падтрымаць чалавека, сказаць яму добрыя словы, па меры магчымасці дапамагчы.

– Фінансавых сродкаў у нас нямнога, бо вынікі работы калектыву невысокія, але мы імкнёмся разнастайваць нялёгкі сялянскі быт работнікаў, абараняць іх сацыяльна-эканамічныя  правы і інтарэсы, заахвочваць матэрыяльна да дзяржаўных свят, юбілеяў, – расказвае Жанна Навіцкая. – У ліку актуальных пытанняў нашай работы – ахова працы, бо няма нічога важнейшага і даражэйшага за чалавечае жыццё. Кожны работнік, які прыйшоў на працу, павінен вярнуцца дадому здаровым. На жаль, у маі мінулага года ў сельгаставарыстве адбыўся выпадак са смяротным зыходам. Шчыра жадаю, каб ні ў адной арганізацыі такога ніколі не здаралася.

Для Жанны Антонаўны як прафсаюзнага лідара важна, каб людзям былі створаны належныя ўмовы для плённай працы. У перыяд масавых палявых работ працаўнікі снедаюць у сталовай, дзе летась праведзены рамонт, на кухні заменена абсталяванне. Для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі ў апошнія гады арганізоўваецца трохразовае харчаванне. Закуплена складная мэбля, для таго каб хлебаробы маглі камфортна паесці ў палявых умовах.

Адрамантавана душавая на мехдвары. У планах кіраўніцтва – правесці рамонт і абсталяваць пакоі для адпачынку і прыёму ежы на фермах.

– У жніўні мінулага года камбайнавыя экіпажы раёна, у тым ліку і з нашага таварыства, аказвалі дапамогу ва ўборцы ўраджаю калегам з Барысаўскага раёна, – працягвае размову старшыня пярвічкі. – Прафсаюзы праявілі клопат аб умовах іх работы і пражывання. На ўліку была кожная тона намалочанага збожжа, якая набліжала наш экіпаж да запаветнай зорачкі камбайнера-тысячніка. Вельмі прыемна, што наш малады спецыяліст Яўгеній Залатар, які працуе ў гаспадарцы тэхнікам-механікам, намалаціў тысячу тон збожжа.

Дзякуючы таму што наймальнік пералічвае на прафсаюзны рахунак грашовыя сродкі ў памеры 0,3 працэнта ад фонду аплаты працы, работнікі таварыства за апошнія гады пабывалі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Белдзяржцырку, Беларускім акадэмічным музычным тэатры, здзейснілі экскурсійныя паездкі ў Мір, Нясвіж, Брэст.

– Наша спартыўная каманда пастаянна ўдзельнічае ў летніх і зімовых спартакіядах, – падкрэслівае прафсаюзны лідар. – Выступаем дастойна і дабіваемся неблагіх вынікаў. Асобна хацелася б сказаць і аб конкурсах «Вясковая прыгажуня» і «Міс Аграпрам». На нашым рахунку – перамога і прыз глядацкіх сімпатый.

Дарэчы, актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца, прымае моладзь таварыства. Зразумела, яе не так многа, на што аказвае ўплыў небагатая сацыяльная інфраструктура і аддаленасць ад райцэнтра. З-за адсутнасці транспарту прафкаму так і не ўдалося арганізаваць паездкі ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У таварыстве сёння працуюць толькі тры маладыя спецыялісты. Кіраўніцтвам раёна, пры непасрэдным удзеле райкама прафсаюза, многае робіцца для замацавання моладзі на вёсцы, але праблема застаецца: адпрацаваўшы два гады, маладыя спецыялісты звальняюцца. І такая тэндэнцыя, на жаль, назіраецца не толькі ў гэтым таварыстве.

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя мае цесныя суадносіны з Рочавіцкай сярэдняй школай, якой аказваецца пасільная дапамога. Кіраўніцтва школы ў сваю чаргу арганізоўвае для работнікаў канцэрты. У апошнія гады дырэкцыяй гаспадаркі, у рамках акцыі «Прафсаюзы – дзецям», практыкуецца закупка канцылярскіх тавараў для школьнікаў 1–8 класаў, а прафкам выдзяляе грошы на падрыхтоўку да школы бацькам старшакласнікаў. Наладжана супрацоўніцтва з Літвенскім сельвыканкамам.

– Зразумела, у нашай рабоце ёсць і недапрацоўкі, але мы стараемся і заўсёды маем у сваіх пачынаннях падтрымку райкама прафсаюза, – падвяла вынік сказанаму Жанна Навіцкая. – І нават самая нязначная пахвала, словы адабрэння з боку вышэйстаячай інстанцыі натхняюць нас на далейшую працу.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *