Сярод спажыўцоў ААТ «ТБЗ Нёман» – навукова-практычныя ўстановы і перадавыя арганізацыі, якія на стаўбцоўскім торфе вырошчваюць элітны насенны матэрыял.
Торф як каштоўны арганічны прадукт запатрабаваны НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве, з якім у завода заключаны дагавор на пастаўку 120 тон. Каля 200 тон торфу набыў і Мінскі лясгас – для ўласнага базіснага гадавальніка, у якім вырошчваецца лесапасадачны матэрыял.
Адзін з буйных пакупнікоў торфу знаходзіцца непасрэдна на Стаўбцоўшчыне – СФГ «Сула», якая спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення бульбы. Каб павысіць урадлівасць сваіх палеткаў, «Сула» набыла ў ААТ «ТБЗ Нёман» 620 тон гэтага прадукту.
Не спыняецца на заводзе і вытворчы канвеер. Як адзначыў дырэктар Міхаіл Камейша, з пачатку года адгружана 1200 тон торфабрыкету насельніцтву і 300 тон – цэментным заводам рэспублікі. Летась торфабрыкетчыкамі было выпушчана 45 тысяч тон прадукцыі, у тым ліку рэалізавана яе каля 43 тысяч тон.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара