У Стоўбцах прайшла творчая сустрэча з Анатолем Длускім

Главное Культура

У Стоўбцах прайшла творчая сустрэча  «Я нарадзіўся на гэтай зямлі» з кампазітарам, выканаўцам і акцёрам Анатолем Длускім. Гэта новы праект, прысвечаны Году малой радзімы, які разам з РГА «Белая Русь» пачаў сваю вандроўку па Міншчыне. Адметна, што стартавала яна са Стоўбцаў, з сімвалічнай песні-прысвячэння – «Белая Русь». 

Стоўбцы прымалі Анатоля Длускага вельмі цёпла. Пасля выканання першай, другой аўтарскай песні пад гітару пайшлі апладысменты, воклічы «біс!» і «брава!».

Свае песні Анатоль спявае пранікнёна, з запалам. Яны – пра дарагое і святое для кожнага з нас: пра тую вёсачку, ганак, пясочак, дзе мы нарадзіліся, пра матулю, сяброў, якіх так шмат змяшчае «наш дом – 15 этажей…».  У кожнай песні – свая гісторыя з’яўлення на свет. І хоць многія напісаны даўно, ад іх ідзе такая магутная энергетыка, што слухача прабівае на слязу…

Кранулі залу песні Анатоля Длускага з жаночымі імёнамі, і па просьбе гледачоў аўтар і выканаўца раскрыў тайну іх прысвячэнняў…

Асобная старонка яго творчасці – песні пра спорт. «Я сам з Тучы  (вёска ў Клецкім раёне) і вельмі люблю прыязджаць у малыя гарады. Тут зусім іншы глядач», – прызнаўся Анатоль Длускі. І мы разумеем  сімпатыі таго, каго можна назваць амаль што нашым земляком, якому ў Стоўбцах даводзілася бываць не проста праездам, а калісьці гуляць тут у футбол у складзе адной з каманд.

Гэты вечар у раённым Цэнтры культуры прайшоў вельмі па-сямейнаму. Пабудаваны ў форме гутаркі са слухачамі, вочы ў вочы, ён адкрыў нам Анатоля Длускага не толькі як таленавітага творцу, але і як адданага сына роднай зямлі, які любіць і праслаўляе яе, заклікае жыць па такіх жа запаведзях і нас.

Напрыканцы канцэрта старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Жыбуль уручыла Анатолю Длускаму памятны стаўбцоўскі сувенір.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *