Здароўе і бяспека – у нашых руках

Адукацыя Важное

Захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей і падлеткаў – адзін са складальнікаў нацыянальнай бяспекі краіны. Што ў гэтым кірунку зроблена і якія планы на будучыню – аб гэтым і многім іншым ішла размова падчас агульнашкольнага бацькоўскага сходу «Работа ўстановы адукацыі па фарміравані культуры здароўя і навыкаў здаровага ладу жыцця ў навучэнцаў», які прайшоў у Дзераўнянскай сярэдняй школе ў студзені.

На бацькоўскі сход былі запрошаны інспектар РАНС В. К. Лісоўскі, участковы інспектар РАУС Р.  І. Пазняк, урач Дзераўнянскай участковай бальніцы Ю. Л. Лукша.

А. А. Сянько, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, у сваім выступленні адзначыла, што асноўнай задачай пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў беражлівых адносін да свайго здароўя, навыкаў культуры здаровага ладу жыцця, бяспечных і адказных паводзін. З гэтай мэтай праводзяцца дні здароўя, спартыўныя эстафеты, спартландыі. У шосты школьны дзень навучэнцы з задавальненнем наведваюць басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Стоўбцах.

З красавіка 2019 года ўстанова адукацыі з’яўляецца ўдзельніцай міжведамаснага інфармацыйнага праекта «Школа – тэрыторыя здароўя». Яго мэта – прапаганда навыкаў здаровага ладу жыцця. У рамках данага праекта кожны класны калектыў запланаваў работу над асобным праектам па гэтай тэме.

Здароўе навучэнца – праблема, якая тычыцца кожнага. Неабходна зрабіць усё, каб наша будучае было здаровым, паспяховым і добранадзейным. Таму нельга не звяртаць увагу на тое, як дзеці карыстаюцца сучаснымі гаджэтамі.

Інтэрнэт уяўляе сабой велізарную  колькасць інфармацыі, прычым далёка не заўсёды бяспечнай. У сувязі з тым, што ўзрост, у якім чалавек пачынае працаваць у інтэрнэце, становіцца ўсё маладзейшым, узнікае праблема бяспекі дзяцей. Сучасныя дзеці  аддаюць перавагу пошуку  інфармацыі ў інтэрнэце, а не ў падручніках. Яны павінны вучыцца выкарыстоўваць яго рэсурсы больш творча, чым проста гуляць або «чаціцца » з сябрамі. Аднак і школа, і бацькі павінны надаць увагу таму, каб навучыць моладзь больш прадукцыйна выкарыстоўваць вэб-магчымасці. Таму Т. М. Арленка, настаўніца геаграфіі і гісторыі, параіла законным прадстаўнікам разам з дзецьмі ўдзельнічаць у анлайн-канферэнцыях або ствараць уласныя сайты, падрабязна расказала і  прадэманстравала на мультыбордзе, як яна ўкараняе інфармацыйныя тэхналогіі і сэрвісы WЕВ 2.0 у сваёй педагагічнай дзейнасці.

Ю. Л. Лукша, урач-педыятр, выказала занепакоенасць станам здароўя навучэнцаў, акцэнтавала ўвагу на парушэннях паставы і зроку, а таксама звярнула ўвагу на правільнае і рацыянальнае харчаванне, ад якога ў многім залежыць фізічнае і інтэлектуальнае развіццё дзіцяці.

З цікавасцю бацькі слухалі інспектара РАНС. В. К. Лісоўскі акцэнтаваў увагу на забароне выкарыстання непаўналетнімі піратэхнічных сродкаў незаводскага вырабу, а таксама папярэдзіў законных прадстаўнікоў аб  адказнасці за выкарыстанне дзецьмі піратэхнічных сродкаў. Ён паведаміў, што на тэрыторыі раёна  зарэгістраваны  выпадкі гібелі дзяцей на пажарах і  падзяліўся канкрэтнымі фактамі.

У сваю чаргу Р. І. Пазняк, участковы інспектар, паведаміў бацькам, што праблема падлеткавай злачыннасці з цягам часу не становіцца менш актуальнай. У мікрараёне вядзецца актыўная прафілактычная работа, аднак калі ў сям’і не надаюць належнай увагі дзіцяці, то ў далейшым з вялікай доляй верагоднасці можна чакаць пэўных негатыўных наступстваў. Ён прывёў статыстычныя даныя па Стаўбцоўскім раёне аб ужыванні і выкарыстанні непаўналетнімі алкагольных і наркатычных сродкаў, у прыватнасці снюсаў, і заклікаў законных прадстаўнікоў  штодзённа цікавіцца жыццём сваіх дзяцей, ведаць, дзе і з кім яны бавяць вольны час, каб своечасова прыняць канкрэтныя меры і не дапусціць бяды. Участковы інспектар засяродзіў увагу на адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці непаўналетніх за здзейсненыя правапарушэнні і злачынствы.

Падчас бацькоўскага сходу бацькі падзяліліся сваім вопытам па фарміраванні здаровага ладу жыцця, зберажэнні і ўмацаванні здароўя школьнікаў.

Наталля ВІЛЬНЯВЕЦ, педагог-псіхолаг ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *