«Кожны твор – часцінка сябе». Кацярына Длугозіма падзялілася сваёй творчасцю

Главное Соцыум

У творчай біяграфіі   ёсць такі цікавы факт: вядомая ў нашай краіне кампанія ААТ «Савушкин продукт» зрабіла ёй салідны заказ – звязаць 50 сувенірных кароў па іх эскізах. Яны атрымаліся прыгожыя, пярэстыя, сімпатычныя і збіраюць шматлікіх праглядальнікаў у інтэрнэце. Такія эксклюзіўныя сувеніры прадпрыемству па вытворчасці малочнай прадукцыі спатрэбіліся падчас фестывалю «Облака молока».

У Кацярыны Длугозіма з Новага Свержаня, эканаміста з вышэйшай адукацыяй, такое хобі нарадзілася падчас водпуску па доглядзе дзіцяці. Як і многія іншыя маладзіцы, Кацярына, чакаючы нараджэння дзіцяці, стала займаць свой вольны час творчасцю. Абедзве яе бабулі вязалі, і Кацярына дзякуючы ім мела гэтыя навыкі. Аднак цяпер яна пайшла далей – стала спрабаваць выконваць складаныя мастацкія творы – вязаць кручком лялькі. Што ў яе атрымліваецца, паказала экспазіцыя на справаздачнай выставе «Сонцаварот». Вязаныя цацкі майстрыхі прыцягваюць увагу нейкай утульнасцю, дабрынёю, пацешнасцю. Яны прыдатныя для таго, каб даць іх для забавы маленькім дзецям: мяккія, выкананыя з сертыфікаванага і экалагічна бяспечнага матэрыялу.

На ўрачыстае адкрыццё выставы Кацярына прыйшла са сваім сынам Пятром, равеснікам яе творчых пачынанняў, і бацькам Уладзімірам Шынкоўскім, які, як і ўся сям’я, падтрымлівае яе творчасць і радуецца поспехам.

Для Кацярыны Длугозіма гэта не першая выстава, дзе яна прадстаўляла на суд наведвальнікаў свае работы. Паспяхова паўдзельнічала ў фестывалі аўтарскай мастацкай лялькі ў Слуцку. Усё гэта – добры стымул для далейшых творчых планаў, паспяховага развіцця мастацкага дару.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *