«Едуць у Мінск, аднак пасля ўсё роўна вяртаюцца да нас». Пагутарылі з Эдвардам Станкевічам аб сучаснай стаматалогіі

Главное Медыцына

9 лютага адзначаўся Міжнародны дзень стаматолага. Гэта прафесія не з лёгкіх, яна патрабуе пастаяннай увагі, акуратнасці, сабранасці. З гэтай нагоды я сустрэлася з урачом – стаматолагам-артапедам, загадчыкам стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Эдвардам СТАНКЕВІЧАМ.

– Эдвард Міхайлавіч, чаму вы выбралі менавіта стаматалогію?

– Калі я прыйшоў з арміі, то спачатку хацеў стаць хірургам. Аднак мая бабуля тады гаварыла, што лепш быць стаматолагам. Тым самым змог бы ёй падлячыць зубы. Я бабулю і паслухаўся, аб чым і не шкадую.

– Ці памятаеце вы свайго першага пацыента?

– Так. Калі я пераехаў з Мінска ў Стоўбцы, то для мяне было хвалююча прымаць першага пацыента самастойна. Мабыць, таму я і запомніў яго – Кутас Уладзімір Іванавіч з аграгарадка Шашкі, інвалід вайны, які прыйшоў да мяне без чаргі.

– За пачынаючым урачом, інтэрнам адразу ж замацоўваюць настаўніка?

– Усё правільна. У год да нас прыходзяць ад аднаго да трох інтэрнаў. Могуць прыязджаць і інтэрны-чужаземцы. Сёння такі інтэрн у нас працуе, родам ён з Ірана. Улічваючы тое, што мы маем добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, інтэрнам працаваць лёгка, а наша задача – поўнасцю навучыць іх стаматалагічнай справе.

– Цяпер існуе вялікая колькасць месцаў, дзе можна атрымаць стаматалагічную дапамогу – ад прыватных клінік да асобных кабінетаў у жылых дамах. Як не памыліцца пры выбары месца лячэння?

– На цяперашні момант я аддаю перавагу дзяржаўным установам. Як правіла, у прыватных клініках працуюць адзін-два ўрачы вузкага профілю. А ў дзяржаўных установах поўнасцю даступная высокакваліфікаваная дапамога, дзе будзе ўсё – пачынаючы ад прафілактычнага анкалагічнага кабінета і заканчваючы рэнтгенаўстаноўкамі. Ёсць такая практыка: некаторыя едуць на працэдуру пратэзавання ў Мінск, аднак пасля трох-чатырох наведванняў усё роўна вяртаюцца да нас.

– Што новага з’явілася ў стаматалогіі за апошні час?

– З мінулага года ўвялі новую сістэму імпланталогіі – карэйскую. У нас ёсць эндаматоры, з дапамогай якіх мы распламбіроўваем і пламбіруем каналы. Гэтая працэдура праходзіць пад кантролем апекслакатара, які на маніторы паказвае даўжыню канала. Кабінеты абсталяваны ультрагукавымі скейлерамі для прафесіянальнай чысткі зубоў. У аддзяленні адкрыты прафілактычны стаматалагічна-назіральны анкалагічны кабінет, дзе выяўляюцца анкапаталогіі. Таксама мы робім сінус-ліфтынг сківіцы – нарошчванне косці зуба. Дзякуючы галоўнаму ўрачу Святлане Глебка  ў нас атрымалася многае дасягнуць.

– Што вы параіце пацыентам наконт догляду зубоў?

– Два разы на год звяртацца да стаматолага, весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца. Зубы залежаць не ад стаматолага, а ад чалавека, які спецыяліста наведвае. Я раю ўсім: калі вы купляеце новую зубную пасту, шчотку, прыходзьце да нас па кансультацыю, калі ў нечым сумняваецеся.

Заслуга Эдварда Станкевіча ў тым, што ён першы падрыхтаваў урача-імплантолага Мінскай вобласці. У яго заўсёды была мара: у Любкаўшчыне, якая папаўняецца жыхарамі, адкрыць стаматалагічны кабінет. І ёй наканавана было здзейсніцца. Поспехаў Эдварду Міхайлавічу ў яго рабоце!

Гутарыла Марына КУТАС

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *