Завершаны рамонт помпы, з дапамогай якой у тым ліку функцыянуе інфраструктура пасёлка Нёман і сацыяльных аб’ектаў у аграгарадку Шашкі – дзіцячага сада, школы, дома культуры.

– Помпа выйшла са строю, мы яе аператыўна адрамантавалі (памянялі падшыпнікі) і будзем устанаўліваць на месца – на каналізацыйна-помпавую станцыю, – тлумачыць слесар-сантэхнік ААТ «ТБЗ Нёман» Уладзімір Стонька.
Уладзімір Мікалаевіч працуе на заводзе з 1982 года, таму ўсю гаспадарку ведае як свае пяць пальцаў. Больш таго, ён сам жыве ў пасёлку торфабрыкетчыкаў і зацікаўлены завяршыць усе работы ў максімальна кароткія тэрміны.
У пасёлку Нёман – дзесяць шматпавярховых дамоў, больш за 160 кватэр. Усе іх ААТ «ТБЗ Нёман» забяспечвае цяплом і вадой, аказвае жыльцам паслугі па водаадвядзенні. Цепланосьбіт у кватэры паступае з заводскай кацельні, вада – з заводскай свідравіны.
– Наша кацельня працуе на фрэзерным торфе, які мы самі і здабываем, таму цяпло абыходзіцца людзям танна (да прыкладу, для жыльцоў – работнікаў завода кошт адной гігакалорыі складае 37 рублёў, для неработнікаў завода – 42,5 рубля). Пастаянна мяняем зношаныя ўчасткі цеплатрасы, сочым за яе ўцяпленнем, – падкрэслівае дырэктар завода Міхаіл Камейша.
Пасёлку торфабрыкетчыкаў – больш за 50 гадоў, таму, натуральна, яго інжынерныя сеткі, як і абсталяванне на іх, патрабуюць капітальных укладанняў. Патрабаванне дня – рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў. Невыпадкова, што работу цеплапункта, з якога падаецца цяпло, рэгулюе аўтаматыка.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара