Сэрца трэба берагчы

Важное Медыцына

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Хваробы сістэмы кровазвароту займаюць вядучае месца сярод усіх прычын смерці ў большасці эка-намічна развітых краін свету. Некаторыя хваробы сэрца лячыць бывае позна. Дапамагаюць мець здаровае сэрца і сасуды карысныя звычкі.

Першая – не курыць

Сэрца пакутуе ад курэння не менш, чым лёгкія. Падчас курэння доступ кіслароду да сардэчнай мышцы зніжаецца і ў кроў трапляюць рэчывы, якія разбураюць сценкі сасудаў і спрыяюць з’яўленню на іх крывяных пласцінак. Верагоднасць утварэння тромбаў узрастае. Заўзятыя курыльшчыкі падвяргаюць сябе рызыцы раптоўнай смерці. Адмова ад цыгарэт зніжае ступень верагоднасці сардэчных прыступаў на 70 працэнтаў!

Другая – сачыць за індывідуальнай нормай вагі

Норма, калі індэкс масы цела (ІМЦ) не перавышае 25 (ІМЦ = ваша вага / рост у метрах, узведзеныя ў квадрат). Калі ІМЦ ад 19 да 25 – вага ў норме, ад 25 да 29 – вага залішняя, і сэрцу даводзіцца працаваць з перагрузкай, больш за 30 – атлусценне. Кожны набраны кілаграм выклікае павышэнне ціску на адзін пункт.

Ацаніць рызыку праблем з сэрцам можна і з дапамогай сантыметровай стужкі. Яна высокая, калі акружнасць таліі перавышае 102 см у мужчын і 88 см у жанчын.

Трэцяя – правільна харчавацца

Мы з радасцю ядзім тое, што смачна, але часта не тое, што карысна. Прыкладна палова людзей любяць добра падсоленую ежу, хоць лішак солі затрымлівае ў тканках арганізма ваду, павышае артэрыяльны ціск і стварае дадатковую нагрузку на сэрца і сасуды. Прымаць ежу варта не менш чым тры разы, а лепш – 3-5 разоў у дзень невялікімі порцыямі.

Рэкамендуем такія прадукты харчавання, як раслінны алей (сланечнікавы, аліўкавы, кукурузны, соевы), нятлустыя малако, сыры і тварог, рассыпістыя або паўвязкія кашы. Карысныя стравы з соі, аўсянай, грачанай і прасяной круп. Макаронныя вырабы лепш выбіраць з пшаніцы цвёрдых гатункаў з высокім утрыманнем бялку. Запякайце або адварвайце курыцу і індычку (без шкуры), поснае мяса, рыбу нятлустых гатункаў. Варта абмежаваць ужыванне сметанковага масла, мяснога тлушчу, каўбас, паштэтаў, смятаны, згушчанага малака.

Чацвёртая – стаць дынамічнымі

Тэрмін «гіпадынамія» азначае недахоп актыўнасці, у выніку чаго арганізм не паспявае спаліць усе калорыі, якія мы назапашваем з прадуктамі. Яны адкладваюцца пад скурай і ператвараюцца ў сасудах у атэрасклератычныя бляшкі. 30 хвілін у дзень – той мінімум, які вы проста абавязаны падарыць сэрцу.

Добры адпачынак з’яўляецца залогам паспяховай работы многіх органаў, і сэрца – у першую чаргу. Паўнавартасны сон дапамагае змагацца са стрэсамі.

Правілы здаровага сэрца павінны стаць асноўнымі для любога ўзросту. Чым раней мы пачнём прытрымлівацца іх, тым лягчэй будзе працаваць сэрцу пасля 40 гадоў.

Паліна ВЫСОЦКАЯ, памочнік урача-валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *