Лёсы розныя, а трагедыя адна. Трое войнаў-афганцаў працуюць у Стаўбцоўскім лясгасе

Главное Соцыум

У калектыве Стаўбцоўскага лясгаса тры чалавекі з’яўляюцца ветэранамі вайны ў Афганістане. Напярэдадні памятнага дня мы сустрэліся з імі на іх рабочых месцах – на лясных пляцоўках.

Вальшчык Хатаўскога лясніцтва Віктар Недзень

Поплеч у Хатаўскім лясніцтве працуюць вальшчык лесу Віктар Недзень і ляснік Рамуальд Садоўскі. Скупа і стрымана расказваюць яны пра службу ў Афганістане. Рамуальд Садоўскі нарадзіўся ў сям’і лесніка Часлава Паўлавіча і даяркі Вольгі Іванаўны, дзе было сямёра дзяцей. Трывога і непакой усяліліся ў сэрцы родных, калі Рамуальд быў закліканы на тэрміновую службу, звязаную з Афганістанам. Паўтара года ён быў у самай гушчы ваенных падзей пад Кабулам. Служыў сувязістам, на «Уралах» былі ўстаноўлены прыёмнікі і перадатчыкі, гэта была служба дня і ночы. Вайна наклала вялікі адбітак на яго свядомасць, на адносіны да жыцця, да людзей. Родныя сустракалі яго пасля дэмабілізацыі са слязамі. Рамуальд Часлававіч застаўся жыць у бацькоўскім доме ў Мешычах, са сваёй сям’ёй нясе клопат пра 84-гадовую маці. 30 гадоў ён працаваў у лясніцтве на трактары, на тралёўцы лесу. Апошнім часам працягвае справу бацькі: заступіў на службу лесніком.

Ляснік Хатаўскога лясніцтва Рамуальд Садоўскі

Памяркоўны вальшчык Віктар Недзень у марозны дзень у расхрыстанай куртцы – загартаваны на працоўным  і баявым франтах. Ён з простай шматдзетнай вясковай сям’і, таксама мясцовы. Яго служба ў Афганістане праходзіла ў 1985 годзе, служыў у дэсантным батальёне. Кулі і снарады абышлі яго, а вось сваіх баявых таварышаў, з якімі служылі разам, даводзілася адпраўляць на радзіму ў цынкавых дамавінах. За ўдзел у цяжкіх баявых аперацыях Віктар Міхайлавіч узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Ляснік Налібацкага лясніцтва Алег Ігнаценя

Ляснік Налібацкага лясніцтва Алег Ігнаценя мае адзнакі выдатніка пагранвойск І і ІІ ступеняў. Служыў ён у Афганістане паўтара года, на вельмі небяспечным участку. Быў інструктарам мінаразведачных сабак. Сапёры ішлі толькі пасля яго, а затым – калоны баявой тэхнікі. На вайне ў Афганістане быў ранены. Дамоў вярнуўся ў апошнія дні снежня, перад самым Новым, 1987 годам, што назаўсёды засталося адным з найярчэйшых момантаў жыцця. З братам Юрыем яны раслі сіротамі. Калі не стала бацькі, Алегу было сем гадоў, а малодшаму брату – толькі тры, маці адна паставіла іх на ногі. У абодвух тэрміновая служба была звязана з Афганістанам. Толькі Юрый служыў пасля вываду савецкіх войск, на мяжы з афганскай граніцай, а Алег – у самай гушчы ваенных падзей. Працоўная біяграфія Юрыя таксама звязана з лясной галіной: у свой час ён быў у штаце леспрамгаса ў Кляцішчы. Алег Віктаравіч у Налібацкім лясніцтве доўгі час працаваў вальшчыкам, а цяпер нясе абавязкі лесніка.

Усе трое воінаў-афганцаў – мясцовыя людзі. Яны гавораць, што засталіся жывымі малітвамі сваіх набожных бацькоў, простых вяскоўцаў, і цяпер стараюцца працягваць славу свайго роду адказнымі адносінамі да жыцця. У іх моцныя паважаныя сем’і. Усе воіны-інтэрнацыяналісты лічацца ў калектыве лепшымі працаўнікамі, іх неаднаразова прадстаўлялі да працоўных узнагарод, а фотаздымак Рамуальда Садоўскага быў занесены на раённую Дошку гонару. Прастата і сціпласць, памяркоўнасць і мірны дух упрыгожваюць кожнага з іх і пакідаюць прыемныя ўражанні ад зносін.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *