Дар’я Жданко правяла сапраўднае даследаванне па пошуку воінаў-афганцаў

Адукацыя Важное

Нечаканымі аказаліся вынікі анкетавання «Рэха вайны ў Афганістане», прапанаванага школьнікам: маладое пакаленне прызналася, што недастаткова ведае пра падзеі, звязаныя з ваенным канфліктам у Афганістане, не змагло назваць імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія жывуць у іх населеным пункце, але пацвердзіла, што ведаць гэта неабходна. 

Юная даследчыца Дар’я Жданко

Даследаванне правяла чацвёртакласніца 

Анкетаванне было праведзена сярод вучняў 3–9 класаў Навасвержанскай сярэдняй школы ў рамках даследавання «Героі жывуць побач», якое падрыхтавала чацвёртакласніца гэтай школы Дар’я Жданко (кіраўнік – Марына Іосіфаўна Кураш) і выступіла з ім на раённым конкурсе даследчых прац.

Сваёй работай вучаніца пастаралася запоўніць той вакуум, пра які казалі школьнікі ў анкеце. Яна запісала ўспаміны аднавяскоўцаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у Афганістане, расказала пра іх лёс, і ў выніку атрымаўся аповед, што закрануў струны душы кожнага з нас.

Працэс падрыхтоўкі даследчай працы суправаджаўся шэрагам значных сустрэч: у раённым ваенным камісарыяце, раённым аб’яднанні Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, рэдакцыі  газеты «Прамень». Пабывала Дар’я ў Стоўбцах ля помніка ў гонар герояў-землякоў, якія не вярнуліся з той вайны, а яшчэ – у свяшчэнным для кожнага беларуса месцы – на Востраве Слёз у Мінску…

«Усе сустрэчы і знаёмствы сталі для мяне падзеяй», – кажа дзяўчынка. У такім невялікім узросце – такія дарослыя развагі.

А класны кіраўнік Марына Кураш, якая закінула зерне пазнання, натхніла на пошук і карпатлівую працу, падкрэслівае ў адносінах да юнай даследчыцы: «Дар’я зацікавілася гэтай сур’ёзнай тэмай і ўнесла свой уклад, каб захаваць памяць і выклікаць у моладзі павагу да тых, хто выканаў воінскі доўг».

Карысць ад праведзенай даследчай працы (а яна, як бачна, атрымала водгук і за сценамі школы) у тым, што падрастаючае пакаленне выхоўваецца ў духу патрыятызму. Наладжана жывая сувязь пакаленняў, а гэта дарагога каштуе.

Сталі блізкімі афганскія горы…

Воіны-інтэрнацыяналісты сярод аднавяскоўцаў 

Юная даследчыца даведалася ў сельвыканкаме, што ў Новым Свержані пражываюць чатыры воіны-інтэрнацыяналісты, прычым двое сярод іх, Міхаіл і Іван Каробкі, – браты. «Усе тут нарадзіліся, закончылі Навасвержанскую школу, а пазней засталіся жыць і працаваць у роднай вёсцы. Яны сціплыя працаўнікі. Ужо маюць унукаў», – даў кароткую характарыстыку старшыня Анатоль Богдан.

Дар’я падрыхтавала пытанні і адправілася па названых адрасах…

Браты Каробкі – амаль пагодкі, таму і лёсы іх у нечым падобныя. Старэйшы Міхаіл закончыў Клецкае СПТВ № 36 і атрымаў прафесію экскаватаршчыка, малодшы Іван пайшоў па яго слядах. Абодвух у 1978 годзе прызвалі на тэрміновую ваенную службу. Пачыналі ў асобным сапёрным батальёне Ленінградскай ваеннай акругі, а потым па загадзе камандавання трапілі ў Афганістан, а менавіта ў даліну Чарыкар, што за 57 км ад г. Кабула. Міхал быў камандзірам разведкі, брат – старшым сапёрам-разведчыкам.

Міхаіл Каробка – шчаслівы сем’янін

– Пра вайну ніхто не гаварыў, але мы здагадваліся, калі былі ў каранціне ля ракі Амудар’я: будавалі акопы і прывыкалі да сярэднеазіяцкай спёкі, – заўважае Міхаіл Каробка.

Пасля службы ён многія гады працаваў зваршчыкам у райаграсэрвісе. Яго брат Іван быў кавалём і, ведаючы цану жыцця, сотню разоў здаваў донарскую кроў.

Іван Высоцкі ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях па вызваленні гарадоў і раёнаў, якія суседнічалі з г. Шынданам. Прызваны ў 1982 годзе, ён служыў у якасці механіка-вадзіцеля. Стаць вадзіцелем, як і бацька, было яго марай. Іван і сёння працуе вадзіцелем – на міжнародных грузаперавозках.

Іван Высоцкі падчас службы ў Шындане

Працоўныя будні за рулём і ў былога воіна-інтэрнацыяналіста Анатоля Клімовіча, а яго служба на працягу 1980–1981 гадоў праходзіла ў Кабуле, у войсках сувязі.

У расказах былых воінаў-інтэрнацыяналістаў фігуруюць нязвычныя азіяцкія назвы, прысутнічае боль, пераплятаюцца мінулае і сучаснасць… А ці былі ў салдата на вайне радасці?..  – «Радавала, калі ў падраздзяленні не было страт». А чаму навучыла вайна?.. – «Разумець сэнс і каштоўнасць жыцця, цаніць воінскае брацтва і ўзаемавыручку». А пра каго там, у афганскіх гарах, не маглі забыць?.. – «Пра бацькоў, родную вёску, сяброў…»

З інтэрв’ю з мамай

…Здесь нет тополей и берез –

Здесь вечная память о сыне.

Он крикнул, что скоро вернусь,

Но силы оставил в Баграме…

Я низко тебе поклонюсь,

Солдатская добрая мама…

Падчас даследавання высветлілася, што ў Новым Свержані да 2013 года пражываў Аляксандр Касцюк, які таксама з’яўляецца ўдзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане.

Яго матуля Зоя Міхайлаўна расказала пра сына (ён пражывае ў Стоўбцах):

– У 1987 годзе яго, студэнта першага курса Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, прызвалі на тэрміновую ваенную службу. У Афганістане Саша служыў у ахове галоўнай дарогі – Кабул – Кандагар. Суправаджаў калоны машын, аказваў супраціўленне вылазкам душманаў, якія імкнуліся знішчыць савецкія танкі і «бэтээры».

Аляксандр Касцюк ахоўваў дарогу Кабул – Кандагар

Пісьмы ад сына атрымлівала не вельмі часта. Пра службу ён нічога не пісаў, заспакойваў…

Пазней даведалася, што ён гарэў у «бэтээры», быў ранены ў нагу, кантужаны…  У студзені 1989 года мы атрымалі пісьмо за подпісам кіраўніка СССР М. С. Гарбачова – з удзячнасцю за выхаванне сына.

Для Сашы, які бачыў гібель таварышаў, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – асаблівы…

Замест эпілогу

Аляксандр Касцюк атрымаў падчас службы ў Афганістане інваліднасць. Восем жыхароў раёна загінулі. Адзін – прапаў без вестак.

Сёння на тэрыторыі раёна пражывае 90 былых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Многія з іх па добрай традыцыі возьмуць удзел у мітынгу ля помніка ў Стоўбцах, пойдуць на паніхіду, каб ушанаваць памяць загінулых таварышаў. У Навасвержанскай школе, як і ў іншых школах раёна, праходзяць пазакласныя мерапрыемствы, урокі памяці. Матэрыял, сабраны юнай даследчыцай Дар’яй Жданко, – яскравы дапаможнік у гэтай рабоце.

Настаўніцай Марынай Кураш аформлены і фотаальбом – «Няхай памяць гаворыць». Марына Іосіфаўна разам з мужам, былым воінам-інтэрнацыяналістам Віктарам Курашам, падаравала яго раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і маладзёжнаму грамадскаму аб’яднанню «Стаўбцоўскі спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны» на чале з Рыгорам Мамайкам.

Сапраўды, няхай памяць не маўчыць, а заклікае любіць сваю Радзіму і берагчы на зямлі мір.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фотаздымкі перададзены ў рэдакцыю Марынай Кураш



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *