Успамін пра мужа будзе вечны

Важное Соцыум

Час аддаляе нас ад мінулых падзей.  Аднак памяць пра вайну па-ранейшаму болем адгукаецца ў сэрцах родных. Асабліва памяць пра мужа-афганца будзе вечная ў жонак. З адной з іх мне давялося пазнаёміцца. Ванда Кутас расказала пра свайго мужа  і крыху пра сябе.

–       Я нарадзілася 29 кастрычніка 1965 года ў вёсцы Дружная, жонка афганца Васіля Кутаса, які родам з Шашкоў. Пазнаёмілася з мужам у Мінску ў 1982 годзе. Адукацыю атрымлівала ў вучылішчы. З сястрой будучага мужа Аленай была знаёма, бо жылі ў адным інтэрнаце. Васіль прыехаў у госці да яе. Якраз і я там была, добра праводзілі час за чаяваннем. Алена і вырашыла мяне з Васілём пазнаёміць. І з таго часу мы сябравалі шэсць гадоў, а пасля ўзялі шлюб –  14 кастрычніка 1988 года.

Васіль служыў у Афганістане з 1978 па 1980 год. Так атрымалася, што спачатку Васіль аддаваў воінскі абавязак у Ленінградзе. Пасля паднялі па баявой трывозе і паведамілі, што служба будзе працягнута ў Афганістане. Быў паранены ў руку, кантужаны. Я і цяпер памятаю, як ён мне расказваў, што было вельмі цяжка несці воінскі абавязак. На яго вачах гінула шмат саслужыўцаў, было жудасна і балюча глядзець на ўсё гэта. Пісьмаў родным Васіль не пісаў. Яго маці нават не ведала, што сын служыць у Афганістане. Толькі праз шэсць месяцаў ёй сказалі, бо на той час інфармацыя была пад забаронай.

Пасля заканчэння службы ўдастоены медаля «За адвагу», яму ўручана Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета СССР, выдадзена пасведчанне аб праве на льготы (бясплатны праезд аўтобусамі на прыгарадныя і міжгароднія маршруты сельскай мясцовасці).

Ванда Іосіфаўна праз усё сваё жыццё пранесла ў сэрцы памяць пра мужа-афганца. Нягледзячы на тое, што яна зусім маладой засталася адна, змагла сама выгадаваць дваіх дзяцей. Пашана такім жанчынам, якія моцныя духам і не зломленыя жыццёвымі абставінамі.

Марына КУТАС, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *