Невядомы каранавірус. Што ён сабою ўяўляе?

Важное Медыцына

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Невядомы каранавірус, які бушуе ў Кітаі, – адна з самых злабадзённых тэм, якія абмяркоўваюцца ў сферы сусветнай аховы здароўя сёння. Асаблівая небяспека заключаецца ў тым, што большасць выпадкаў заражэння каранавірусам у Кітаі адбылася паветрана-кропельным шляхам. Гэта значыць, што асабісты кантакт пераносчыка хваробы з патэнцыяльным хворым не адбываўся. Сярод захварэлых ёсць і тыя, хто памёр.

Што такое каранавірус

Каранавірусы – сямейства вірусаў, якія паражаюць чалавека, катоў, птушак, сабак, буйную рагатую жывёлу і свіней. Да цяперашняга часу былі вядомыя два каранавірусы, якія пагражалі чалавеку цяжкімі рэспіраторна-віруснымі захворваннямі.

Пераважнай формай інфекцыі, якую правакуе каранавірус, з’яўляецца рэспіраторная. Кішэчная разнавіднасць сустракаецца значна радзей, у асноўным у дзяцей.

Вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя, якая ўзнікае пад дзеяннем віруса, звычайна доўжыцца на працягу некалькіх дзён і заканчваецца поўным выздараўленнем. Аднак у шэрагу выпадкаў яна можа набываць форму атыповай пнеўманіі або цяжкага вострага рэспіраторнага сіндрому.

Інкубацыйны перыяд захворвання, якое справакавана каранавіруснай інфекцыяй, залежыць ад формы і доўжыцца ад 3 да 14 дзён.

Калі каранавірус працякае ў выглядзе рэспіраторнай інфекцыі, то яго часціцы размнажаюцца ў эпітэліяльных клетках верхніх дыхальных шляхоў. У тым выпадку, калі захворванне набывае форму цяжкага вострага рэспіраторнага сіндрому, узбуджальнік інфекцыйнага працэсу лакалізуецца ў эпітэліяльных клетках альвеол, а таксама ў лёгкіх. Пры атыповай пнеўманіі адбываецца ўзмоцненае паступленне вадкасці ў лёгкія, што правакуе дыхальную недастатковасць. Часціцы віруса таксама паражаюць тканку гэтага органа, што абумоўлівае далучэнне грыбковай або бактэрыяльнай інфекцыі.

Калі захворванне не ўскладнена, то яно доўжыцца каля 5-7 дзён і заканчваецца поўным выздараўленнем. Сімптомамі выступаюць: слабасць без выяўленага пагаршэння агульнага стану, павелічэнне шыйных лімфавузлоў (характэрна для дзяцей, якія хварэюць), боль пры глытанні, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, белы налёт на языку, закладзенасць носа, ацёк слізістай абалонкі носа.

Што сведчыць пра ўскладненне 

Пры лёгкай форме захворвання сімптомы інтаксікацыі не назіраюцца. Калі вірус прабраўся ў кішэчнік, ёсць сімптомы гастраэнтэрыту: выяўленае ўздуцце жывата, моцная млоснасць, зніжэнне апетыту, абязводжванне арганізма, пра што сведчаць пастаянная сухасць у роце і друзласць скуры.

У больш цяжкіх выпадках, калі каранавірус выклікае развіццё атыповай пнеўманіі, паталагічны працэс пачынаецца востра. Пад яго дзеяннем у лёгкіх узнікае кіслароднае галаданне, парушаецца дыхальны рытм.

Перагледзьце неабходнасць замежных паездак

Спецыфічных мер, з дапамогай якіх можна было б засцерагчыся ад інфекцыі, няма. Існуюць рэкамендацыі агульнага характару.  У перыяд эпідэміі неабходна па магчымасці пазбягаць грамадскага транспарту і месцаў, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей, трэба карыстацца марлевымі павязкамі і рэспіратарамі, выконваць правілы гігіены. Рукі заўсёды павінны быць чыстымі: іх неабходна мыць з мылам або выкарыстоўваць антысептычныя сродкі. Калі такой магчымасці няма, варта ўжываць вільготныя сурвэткі з супрацьмікробным дзеяннем.

Рэгулярна праветрывайце жылое або працоўнае памяшканне, рабіце вільготную ўборку. Варта падвяргаць абавязковай тэрмічнай апрацоўцы прадукты харчавання. І, безумоўна, адмовіцца ад паездак у рэгіёны, на тэрыторыі якіх зафіксавана эпідэмія каранавіруса.

Дар’я МАКАТУН, памочнік урача-эпідэміёлага РЦГіЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *