Падвялі вынікі работы жывёлаводаў

Важное Сельская гаспадарка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў рэспублікі за мінулы год. Павялічыўся паказчык у малочнай жывёлагадоўлі: у сярэднім ад кожнай каровы атрымана 5043 кілаграмы малака, што на 39 кілаграмаў больш, чым летась. Па гэтым паказчыку Мінская вобласць, як і летась, утрымлівае трэцюю пазіцыю з вынікам 5343 кілаграмы, а па валавой вытворчасці – першую, надоена 1 782 389 тон малака. У агульную скарбонку ўнеслі свой уклад і сельгаспрадпрыемствы нашага раёна. Малочныя цэхі гаспадарак спрацавалі з прыбаўкай, якая склала 223 кілаграмы, а ўсяго атрымана ад каровы 5813 кілаграмаў. Згодна з гэтымі паказчыкамі, стаўбцоўскія жывёлаводы займаюць у рэйтынгу 24-е месца сярод 118 раёнаў рэспублікі. Пазіцыя высокая і пастаянна стабільная. Лідар – Гродзенскі раён, дзе перавышаны васьмітысячны рубеж, надоена 8342 кілаграмы малака, што на 419 кілаграмаў больш, чым у папярэднім годзе. У аўтсайдарах – Чавускі раён, дзе атрымана ад кожнай рагулі толькі 2139 кілаграмаў малака. Яшчэ дванаццаць раёнаў не перасягнулі трохтысячнага рубяжу.

У лік 303 сельскагаспадарчых арганізацый краіны з прадукцыйнасцю дойнага статка звыш шасці тысяч кілаграмаў малака ад каровы ўваходзяць сем гаспадарак нашага раёна. ТАА «СЖК «Налібакі» займае дзевятнаццатую прыступку. ААТ «Каганец» паднялося з 108-га на 69-е месца. ААТ «Вялікі Двор» на 127-й пазіцыі, ААТ «Жацерава» – на 199-й, ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – на 204-й, ААТ «Агранёманскі» – на 218-й, ААТ «Вішнявецкі-агра» – на 241-й. На першым месцы – СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна, дзе надоена ад каровы 11 042 кілаграмы малака. Адзінаццацітысячны рубеж перасягнулі летась і жывёлаводы СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна. Звыш дзесяці тысяч кілаграмаў малака надаілі працаўнікі сямі сельгасарганізацый рэспублікі, перакрылі дзевяцітысячны рубеж васямнаццаць гаспадарак.

Вытворчасць мяса жывёлы і птушкі ў рэспубліцы склала за мінулы год 1 724 689 тон. Лідзіруе па гэтым паказчыку Мінская вобласць – 498 896 тон. Дасягнулі самых высокіх сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе буйной рагатай жывёлы працаўнікі фермаў Нясвіжскага раёна – 800 грамаў. У нашым раёне вынік складае 560 грамаў пры сярэднерэспубліканскім 608 грамаў. Комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Вялікі Двор» знаходзіцца на 16-м месцы сярод 49 падобных падраздзяленняў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *