ДАІ прэзентавала план дзеянняў «Добрая дарога»

Ахова правапарадку Главное

У воінскай часці 25819 прайшла прэзентацыя адмысловага плана дзеянняў – «Добрая дарога», з якім ДАІ Мінскай вобласці ўступае ў новую пяцігодку.

Як адзначыў у сваім выступленні перад афіцэрамі, прапаршчыкамі і грамадзянскім персаналам старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Віктар Сачук, «Добрая дарога» – назва абласнога плана па зніжэнні дарожна-транспартных здарэнняў і гібелі людзей на дарогах у 2020–2024 гадах. Комплексам яго задач прадугледжана рэалізацыя на дарогах Міншчыны шматлікіх тэхнічных рашэнняў, як, да прыкладу, стварэнне штучных няроўнасцяў у месцах канцэнтрацыі ДТЗ, устаноўка бар’ерных агароджаў і да т. п. Зразумела, у плане ёсць і аб’екты на дарогах Стаўбцоўшчыны.

Сустрэча ў воінскай часці праходзіла ў рамках адзінага Дня бяспекі дарожнага руху, а таксама аб’яўленай прафілактычнай акцыі «Пешаход». Удзел у ёй узялі тыя, хто непасрэдна звязаны з кіраваннем транспартнымі сродкамі, і тыя, хто ажыццяўляе выпуск транспартных сродкаў на лінію.

Віктар Сачук адказаў на пытанні прысутных адносна апошніх змяненняў у правілах дарожнага руху, пазнаёміў з аператыўнай абстаноўкай на дарогах раёна і са статыстыкай, прычынамі ДТЗ у маштабах Мінскай вобласці і рэспублікі.                  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *