«Панямонь». Як Сверынава Радзівілам належала

Главное Панямонь Спецвыпускі «Праменя»

На паўднёвым усходзе Стаўбцоўшчыны, сярод лясных гушчароў і зусім недалёка ад мясцін, дзе магутны бацька Нёман толькі бярэ свой пачатак, раскінулася старажытная і самабытная вёска Сверынава, вядомая яшчэ з 1536 года як сяло маёнтка Магільна (сёння – вёска Уздзенскага раёна).

У XVI стагоддзі Сверынава належала родам Пацаў, Косаў, а з 1602 года, з моманту далучэння вёскі Мікалаем Крыштофам Радзівілам (Сіроткам) да Нясвіжскай ардынацыі. Яна на доўгія стагоддзі стала ўладаннем знакамітага роду, так моцна звязанага са Стаўбцоўшчынай.

Паводле Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў, выдадзенага ў 1890 годзе ў Варшаве, Сверынава апісвалася як месца з ураджайнай глебай, багатымі палямі і вялікімі лясамі ў ваколіцах, чым, безумоўна, прываблівала і паноў Радзівілаў.

Гісторыя вёскі і яе ваколіц налічвае шмат і цікавых, і трагічных старонак. Так, напрыклад, з 1921 па 1939 год Сверынава знаходзілася на самай мяжы: тут заканчвалася Польшча, а на адлегласці выцягнутай рукі, у суседнім Прусінаве (сёння – вёска ў складзе Уздзенскага раёна), дзе засталося шмат сваякоў і знаёмых, ужо пачыналася савецкая дзяржава.

Альбрэхт Радзівіл (сядзіць у цэнтры) разам з прадстаўнікамі біскупства і пагранічнай службы на фоне ўваходу ў сверынаўскую капліцу.
Верасень 1935 года

У тыя часы Нясвіжская ардынацыя (праіснавала да ліпеня 1939 года, калі сейм Польшчы прыняў закон аб скасаванні такой формы землеўладання), а разам з ёй і Сверынава, былі ва ўласнасці Альбрэхта Радзівіла. Буйны землеўласнік, выбітны ваенны, палітычны і грамадскі дзеяч, адзін з апошніх уладальнікаў Нясвіжскага замка нарадзіўся ў 1885 годзе. Адметна, што пан быў прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі, выдатна ведаў беларускую мову, а сваю нацыянальнасць вызначаў як «тутэйшы».

Альбрэхт з’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці. Фінансава падтрымліваў школы, забяспечваў стыпендыяй студэнтаў, фундаваў касцёлы і капліцы.

Адным з яскравых прыкладаў яго дабрачыннай дзейнасці стала будаўніцтва капліцы ў Сверынаве, на стварэнне якой Радзівілам акрамя грошай была ахвяравана таксама і частка бярвення. Будаўніцтва было скончана ў верасні 1935 года. На асвячэнні, нягледзячы на тое, што адчуваў сябе ўжо не надта добра і сам перамяшчацца не мог, прысутнічаў і сам фундатар. Падчас асвячэння князь пачаставаў мясцовых жыхароў, а прыходу ахвяраваў пазалочаны, вялікіх памераў абраз Маці Божай XVII стагоддзя.

Пра ўрачыстую цырымонію асвячэння капліцы пісалі і выданні таго часу. Так, часопіс Przewodnik Katolicki паведамляў пра ўдзел у цырымоніі князя Радзівіла, а таксама адзначаў, што драўляная капліца была асвечана ксяндзом біскупам Каралем Нямірам з Пінска, а дапамогу ў яе будаўніцтве аказаў і мясцовы аддзел Корпуса аховы пагранічча. У артыкуле былі змешчаны два фотаздымкі: на першым з іх – Альбрэхт Радзівіл (сядзіць у цэнтры) разам з прадстаўнікамі біскупства і пагранічнай службы на фоне ўваходу ў капліцу, на другім – узгаданы вышэй абраз, які на пэўны час стаў «сверынаўскім».

Абраз Божай Маці, ахвяраваны
Альбрэхтам Радзівілам
сверынаўскай капліцы

Літаральна праз некалькі месяцаў, у снежні 1935 года, Альбрэхт Радзівіл памёр у Варшаве ад параліча. Князь быў пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі ў радавой спачывальні ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. Паводле газеты Dziennik Kresowy, у дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх, хто прыехаў развітацца з Радзівілам. Перад жалобным картэжам неслі вянкі ад былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, кіраўніка ўрада Італіі і палітыкаў іншых замежных дзяржаў.

Пры сверынаўскай капліцы ў тыя часы дзейнічаў мясцовы хор, а ксёндз Антоні Леўш вучыў моладзь жыццёвай грамаце. На жаль, у 1942 годзе яго жыццё абарвалася ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Не захаваў, не пашкадаваў час і саму капліцу. У1960-я гады яна была расцягнута на бярвенне для гаспадарчых патрэб.

Варта адзначыць, што ў 1910 годзе князь Альбрэхт ажаніўся з брытанкай Дораці Паркер Дзікан, якая ў 1917 годзе ў Лондане нарадзіла дачку Эльжбету. У хуткім часе бацькі развяліся, і маленькая княгіня засталася з маці ў Парыжы, але даволі часта прыязджала да бацькі ў Нясвіж.

Апошні з яе візітаў адбыўся ў 2009 годзе і ўключаў не толькі паездку па былых сямейных уладаннях у Нясвіжы і ваколіцах, але і наведванне Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Княгiнi паказалi вялiкi прыгожы абраз, той самы, што быў ахвяраваны капліцы ў Сверынаве, а цяпер знаходзіцца ў фондах музея. Эльжбета добра ведала гэтую сямейную гісторыю, якая здарылася за некалькі месяцаў да смерці бацькі, і была вельмі расчуленая ад убачанага.

У 1990-я гады намаганнямі мясцовых жыхароў капліца ў Сверынаве была адбудавана нанова. Аб тых падзеях амаль векавой даўніны, аб далёкіх радзівілаўскіх часах, у прыгожых ваколіцах наднёманскага краю сёння памятаюць стары брук на вясковай вуліцы і мясцовыя жыхары, якія перадаюць гэтыя падзеі з пакалення ў пакаленне.

З ГІСТОРЫІ

Сверынава – вёска ў Мікалаеўшчынскім сельсавеце. У 1536 г. у Сверынаве –  12 двароў. У 1592 г. 18 двароў належала Пацам. У канцы ХVІ ст. – уласнасць зямяніна Крыштафа Коса. У 1682 г. – 59 двароў, 35 валокаў зямлі. У ХVІІІ ст. Сверынава адносілася да Навагрудскага ваяводства. У 1700 г. – 20 двароў; у 1777 г. – 46 двароў, у 1795 г. – 16 двароў, 86 жыхароў. У ХІХ ст. – вёска Свержанскай воласці Мінскага павета. У 1880-я гады ў Сверынаве 87 двароў. У 1897 г. – 99 двароў, 557 жыхароў; у пачатку ХХ ст. – засценак, 121 двор, 495 жыхароў. На 01.01.2004 – 57 двароў, 82 жыхары, магазін.

Паводле кнігі «Памяць»

Известны три стоянки каменного и бронзового веков (4–3-е тыс. до н. э.) возле д. Свериново Столбцовского района, памятники археологии. На стоянке-1 обнаружены огнища, выложенные камнями, кремневые скребки, ножи, листообразные наконечники копий, неолитическая остродонная керамика с гребенчатыми оттисками, насечками, прочерченными и проглаженными линиями, полумесячными углублениями в форме семечек (оттиски концом лопатки) и др. Относятся к неманской культуре с влиянием верхнеднепровской культуры. На стоянках-2 и -3 выявлены кремневые орудия труда и керамика неманской культуры.

Энциклопедия «Минская область»

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *