Сярод падлеткавай злачыннасці ўзрасла колькасць крадзяжоў

Ахова правапарадку Важное

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Апошнім часам прафілактычнай рабоце з непаўналетнімі нададзены новы вектар:  яе сутнасць пераарыентавана з агульных форм на індывідуальныя, шырока выкарыстоўваюцца прафілактычныя гутаркі як з вынясеннем афіцыйных, так і вусных папярэджанняў.

Папярэдзіць распаўсюджванне п’янства і наркаманіі ў падлеткавым асяроддзі, учынення падлеткамі правапарушэнняў і злачынстваў – гэта турбуе грамадства. У сучаснай моладзі шмат не толькі магчымасцяў, але і выклікаў, спакус. Асаблівая ўвага – да падлеткаў, якія ўжо парушылі закон і трапілі ў поле зроку міліцыі. Іх у раёне 34, і з кожным праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Эфект ад яе пакідае жадаць лепшага: у 2019 годзе падлеткавая злачыннасць на тэрыторыі раёна вырасла на 30 працэнтаў (да 13 злачынстваў), і сярод тых, хто «забяспечыў» даны рост, пераважаюць менавіта падлеткі, з якімі ўжо добра знаёмыя інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі.

На адным з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх пад кіраўніцтвам Жанны Лысай былі разгледжаны вынікі правядзення комплексу прафілактычных мерапрыемстваў «Бяспечныя канікулы – «Зіма-2019/2020». Падчас іх акцэнт быў зроблены на занятасць падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

– Істотных недахопаў пры вывучэнні занятасці непаўналетніх не выяўлена, – падсумавала намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько, – але актуальна тое, каб школы матывавалі падлеткаў наведваць гурткі і займацца іншымі відамі грамадска карыснай дзейнасці. Раённаму цэнтру культуры прапанавана больш актыўна працаваць з рабочай моладдзю, а не толькі са школьнікамі.

У ходзе названага вышэй комплексу прафілактычных мерапрыемстваў, як зазначыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч, былі правераны падлеткі, якія асуджаны да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, а таксама амнісціраваныя. У адносінах да аднаго з асуджаных, 17-гадовага падлетка, вынесена афіцыйнае папярэджанне за парушэнне ўмоў адбывання пакарання.

Дарэчы, даны факт афіцыйнага папярэджання быў разгледжаны на пасяджэнні камісіі з удзелам падлетка і яго маці. Падлетак не змог пацвердзіць уважлівасць прычын, па якіх ён не з’явіўся на рэгістрацыю ў РАУС. Маці рэкамендавана ўзяць пад свой кантроль наведванне сынам заняткаў і выкананне ўмоў адбывання пакарання, інакш за парушэнні суд можа накіраваць сына на перавыхаванне ў спецустанову.

Сярод станоўчага ў прафілактычнай рабоце названа ўзаемадзеянне інспекцыі па справах непаўналетніх і ўстаноў адукацыі раёна.  «Калі ў школе здараецца «ЧП», сігнал адразу паступае да нас і мы рэагуем», – канстатуе Міхаіл Азановіч.

Развіваючы тэму, варта сказаць, што на Стаўбцоўшчыне ў 2019 годзе афіцыйна было заяўлена аб знікненні двух падлеткаў. Гэтыя знікненні не былі звязаны з праблемамі безнагляднасці ці сямейнай нядобранадзейнасці, таму іх можна лічыць умоўнымі. Недапрацоўкі назіраюцца ў плане выяўлення фактаў рэалізацыі спіртных напіткаў непаўналетнім. 25 падлеткаў раёна знаходзяцца на ўліку ва ўрача-нарколага.

Летась злачынствы з удзелам непаўналетніх былі ўчынены пераважна ў выхадныя дні, у дзённы або вячэрні (часцей за ўсё) час, у райцэнтры. У структуры падлеткавай злачыннасці ўзрасла колькасць крадзяжоў, і назіраецца групавы склад удзельнікаў гэтых крадзяжоў  (да сямі чалавек).

Падводзячы вынікі разгляду прафілактычных пытанняў, Наталля Хвасько выдзеліла асноўнае: «Для суб’ектаў прафілактыкі надзвычай важна ўзаемадзейнічаць, усведамляць тое, што ўсе мы вырашаем адну задачу».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *