Таймер уключае дыспетчар

Главное Эканомiка

Па кароткім нумары 115 жыхары раёна пападаюць у кантакт-цэнтр жыллёва-камунальнай службы Мінскай вобласці. Там іх заяўкі рэгіструюць і ў рэжыме анлайн перадаюць па адрасе – дыспетчару Стаўбцоўскага АКС.2

– За змену паступае да 20 заявак. Большасць з іх звязана з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг і не носіць экстраннага характару. У залежнасці ад віду заяўкі прапісаны тэрмін яе выканання. На аварыйныя заяўкі, якія нясуць пагрозу, брыгада выязджае неадкладна і ўхіляе няспраўнасці за паўгадзіны-гадзіну, – запэўнівае  старшы аператар адзінай дыспетчарскай службы Стаўбцоўскага АКС Ніна Белавус.

Ніна Васільеўна звяртае ўвагу, што тэрміновыя заяўкі звязаны, як правіла, са збоямі ў рабоце сістэмы ацяплення або каналізацыі, таму ў іх ухіленні не абыходзіцца без спецыялізаванай брыгады пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Касцевіча. Дзякуючы ёй аварыі на сетках удаецца ўхіляць граматна і аператыўна (незалежна ад часу сутак), без нараканняў жыльцоў.

– На кожную заяўку афармляем прэтэнзійны акт. Заяўку «спісваем» толькі тады, калі яна выканана, – знаёміць з асаблівасцямі работы Ніна Белавус.

Старшы аператар адзінай дыспетчарскай службы Ніна Белавус абмяркоўвае вынікі змены з калегам Уладзімірам Лянцэвічам

Са свайго боку яна, як і яе калегі Уладзімір Лянцэвіч, Віталь Хамічонак, Ганна Пяткевіч, якія пазменна нясуць кругласутачнае дзяжурства ў дыспетчарскай Стаўбцоўскага АКС, дае станоўчую ацэнку адзінай дыспетчарскай службе: «У Беларусі яна ўкараняецца з 2018 года, і ўжо відавочна, што працаваць стала лягчэй, прыемней».

Сярод аргументаў – запіс размовы з аператарам, што фактычна дысцыплінуе заяўніка, абмен інфармацыяй наконт адключэнняў сістэм жыццезабеспячэння і рамонтна-прафілактычных работ, што на іх праводзяцца. Яшчэ адзін плюс – звесткі пра заяўніка захоўваюцца ў камп’ютарнай базе, таму пры кожным новым звароце на нумар 115 не трэба губляць час на запіс установачных даных.

– Ніна Васільеўна, а як з якасцю выканання заявак жыхароў раёна?

– Сістэма работы адладжана. Больш таго, кіраўніцтвам ЖКГ Мінскай вобласці адсочваюцца тэрміны выканання заявак, якія нясуць пагрозу здароўю жыхароў. З пачатку 2020 года на адну з заявак такога роду звернута ўвага, хоць намі яна даўно выканана (патрабавалася прабіць каналізацыю і замяніць заглушку ў доме № 31 па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах). Аднак гэтая заяўка ў нас «вісіць» – яе не дазваляе «спісаць» камп’ютарная праграма. Пытанне тэхнічнае і пакуль не прапрацаванае, таму што гэты зварот паступіў не праз тэлефон 115, а праз адпаведны партал.

– Бывае такое, што людзі звяртаюцца са сваімі пытаннямі напрамую, мінуючы службу 115?

– Так. І мы іх не адштурхоўваем. У такім выпадку запісваем заяўку ў журнал, складаем той жа прэтэнзійны акт і аказваем дапамогу.

– Заяўкі якога характару найбольш актуальныя?

– На даны момант сабралася 18 заявак адносна таго, што ў Стоўбцах неабходна замяніць лямпачкі вулічнага асвятлення, што перагарэлі. Рэч у тым, што падобныя заяўкі назапашваюцца на працягу месяца, а потым усе разам перадаюцца ў РЭС для выканання.

Паступаюць сігналы наконт вывазу смецця, галля. Раней былі звароты па бадзяжных сабаках, у прыватнасці на вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах. Усё большую актуальнасць набывае пытанне грэйдзіравання вуліц. Яно праводзіцца згодна з графікам.

У зімовы перыяд працуем у цесным кантакце з аддзелам ДАІ райаддзела міліцыі. Пры неабходнасці на вуліцы выходзіць тэхніка для ачысткі і пасыпання праезджай часці і тратуараў супрацьгалалёднай сумессю. Аўтамабіляў і трактароў, аснашчаных адпаведным навясным абсталяваннем, у Стаўбцоўскім АКС дастаткова, і апошнім часам прадпрыемства набыло шмат новых адзінак тэхнікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *