«Коласавы землякі» адзначылі 70-годдзе стварэння калектыву

Важное Культура

У вялікае праваслаўнае свята – Стрэчанне Гасподняе – 15 лютага народны фальклорны ансамбль «Коласавы землякі» запрасіў гледачоў у Любкаўшчынскі дом культуры на юбілейны канцэрт, прысвечаны 70-годдзю стварэння калектыву.

Гэты прыгожы песенны ансамбль нарадзіўся на радзіме Якуба Коласа, і ўсе гады прапагандуе фальклор, народную творчасць і прыцягвае да сябе песенныя таленты. У рэпертуары – музычныя творы на словы славутага земляка, спрадвечныя песенныя здабыткі мікалаеўцаў. У гісторыі песеннага калектыву ёсць такія яркія старонкі, як пастаўленыя вакальна-тэатралізаваныя спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў выкладчыкамі Інстытута культуры Іллёй Сучковым і Аляксандрам Аляхновічам. Да станаўлення і развіцця калектыву маюць адносіны такія вядомыя ў сферы культуры людзі, як рэжысёр Марыя Грэсь, акампаніятар Генадзь Бычко.

З 2006 года кіраўніком «Коласавых землякоў» з’яўляецца Лідзія Варывоцкая. Узяўшы знакаміты калектыў пад сваю апеку, у яе стаяла няпростая задача: патрэбна было беражліва захаваць усе назапашаныя слаўныя традыцыі і пры гэтым знайсці формы развіцця калектыву, прыцягнуць новыя галасы, дапамагчы ансамблю заставацца адметным і непаўторным. На сучасны момант у калектыве спявае яе дачка Аляксандра, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Нязменным акампаніятарам з’яўляецца здатны на прыгожае дэкламаванне твораў Якуба Коласа прафесійны музыкант Міхась Міткевіч. Акрамя іх у сучасным складзе калектыву спяваюць Сяргей Хамко, Вацлаў Найдзён, Таццяна Чэрнік, Марыя Белая, Кацярына Яфімовіч, Дзмітрый Клочка, Людміла Мішкевіч, Софія Кабылінская, Алена Маляўка, Іна Ермаковіч. Ёсць вялікі клопат пра будучае песеннага калектыву, таму праводзіцца праца з юнымі спевакамі з Навасвержанскай сярэдняй школы, якія складаюць малады састаў «Коласавых землякоў».

Творчыя здабыткі калектыву яркія і значныя. Ён з’яўляецца лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, неаднаразовым лаўрэатам фестывалю «З музыкай да Коласа», атрымаў Гран-пры на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Казкі Чорнага мора», з’яўляецца лаўрэатам агляду-конкурсу «Браслаўская харавая асамблея», фестывалю народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй» і іншых конкурсаў. Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ажыццяўляюцца цікавыя творчыя праекты з народным хорам «Нёман» Старасвержанскага цэнтра культуры, народным вакальным ансамблем «Дольніца» Горкаўскага дома культуры, дуэтам «Пяшчота» Вішнявецкага дома культуры.

Прыцягненне да ўдзелу ў калектыве маладых галасоў дае надзею і гарантыі, што «Коласавым землякам» доўга жыць і працвітаць у яркай творчасці Стаўбцоўшчыны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *