Стаўбчане сталі чэмпіёнамі Мінскай вобласці па міні-футболе

Главное Спорт

У пачатку студзеня ў Стаўбцоўскім фізкультурна- аздараўленчым комплексе прайшлі фінальныя гульні Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд. У турніры прымалі ўдзел каманды Стаўбцоўскага, Любанскага раёнаў, ААТ «Дарбудіндустрыя» г. Фаніпаля, ТАА «Пухавіцкая МПМК-14» і каманда «Мастак» з Барысава.

Каманда Стаўбцоўскага раёна заваявала сваё лідарства ўжо з першай гульні ў турніры, дзе абыграла барысаўчан. Пасля гэтага ўсе матчы для нашых футбалістаў былі паспяховымі. У фінале стаўбчане праявілі яшчэ больш напорыстасці. У выніку стаўбцоўская зборная ўпершыню ў гісторыі стала ўладальніцай Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе.

Другое месца заняла каманда ААТ «Дарбудіндустрыя» з Фаніпаля, трэцяе – барысаўскі «Мастак».

Лепшым іграком турніру стаў Вадзім Уставіч са стаўбцоўскай каманды, а лепшым бамбардзірам быў прызнаны Аляксей Юрага з Фаніпаля.

Прызёры Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе былі ўзнагароджаны граматамі і медалямі ад галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама. Таксама пераможцы атрымалі кубкі і асабістыя прызы ад ГА «Федэрацыя футбола Мінскай вобласці», якія ўручылі Алег Чыкун, старшыня арганізацыі, і Мікалай Мазур, дырэктар ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна».

Трэба заўважыць, што з кожным годам узровень турніру расце, з’яўляецца больш прыхільнікаў. Так і сёлета Федэрацыяй футбола Мінскай вобласці была адзначана добрая арганізацыя мерапрыемства. Яна была б немагчымай без падтрымкі, намаганняў старшыні райвыканкама Дзяніса Колясеня і дырэктара ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» Мікалая Мазура.

P. S. Падчас пасяджэння ў Стаўбцоўскім райвыканкаме Кубак чэмпіёнаў па міні-футболе быў перададзены Дзянісу Колясеню, старшыні райвыканкама.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *