Дзяніс Колясень правёў прамую телефонную лінію

Афіцыйна Важное

Іх агучылі жыхары Стаўбцоўшчыны падчас прамой тэлефоннай лініі са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзянісам КОЛЯСЕНЕМ.

Паступіла на прамую тэлефонную лінію 11 званкоў. У асноўным агучваліся жыллёва-камунальныя праблемы, пытанні добраўпарадкавання дарог, водазабеспячэння і іншыя.

Жыхара вуліцы Цэнтральнай, 13, г. Стоўбцы хвалявала пытанне падачы гарачай вады ў яго кватэру. Заяўнік расказаў, што вада ў іх награваецца толькі да 26 градусаў, памыцца няма як. Старшыня райвыканкама адразу ж даў даручэнне адпаведным службам выехаць на месца і разабрацца ў сітуацыі.

Пытанне водазабеспячэння паднялі і жыхары аг. Любкаўшчына. Дзяніс Сяргеевіч запэўніў, што ў першым паўгоддзі бягучага года праблема будзе вырашацца, плануецца замяніць воданапорную вежу.

Адно з хвалюючых пытанняў для жыхароў горада і раёна – гэта дарогі і іх добраўпарадкаванне. Яўген Цішулін з г. Стоўбцы ўжо не першы раз падымае пытанне добраўпарадкавання пешаходнай дарожкі па вул. Цэнтральнай каля дамоў № 3-а і № 2.

Уладзімір Грыгаровіч з в. Несцеравічы таксама скардзіўся на дрэнныя дарогі, расказаў, што парушаецца і хуткасны рэжым аўтатранспарту, які рухаецца па іх вёсцы.

Пытанне добраўпарадкавання вуліцы Танкістаў г. Стоўбцы (на ўчастку дарогі ад вул. Свярдлова да вул. Дзяржынскага) агучыў у тэлефоннай размове стаўбчанін Валерый Кульбака, а наконт добраўпарадкавання вуліцы Школьнай у в. Старына звярнуўся Мікалай Варэнік.

Дзяніс Колясень даручыў намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Цываку сумесна з дарожнымі арганізацыямі выехаць на месцы зваротаў, разабрацца ў дарожнай сітуацыі і зрабіць бягучы рамонт дарог.

Жыхар в. Слабодка Канстанцін Пальчык звярнуўся да старшыні райвыканкама з просьбай аказаць садзейнічанне ва ўстаноўцы электрычнага катла ў яго доме. Даны зварот адрасаваны РЭС для аказання кансультацыі грамадзяніну наконт устаноўкі катла.

Жыхар п. Наваколасава патэлефанаваў на прамую лінію з хвалюючымі пытаннямі для ўсіх жыхароў пасёлка: адкрыцця магазіна «Еўраопт»; цэнаўтварэння ў магазінах, якія працуюць у іх пасёлку; забяспечанасці гандлёвых кропак у выхадныя дні малочнымі прадуктамі, хлебам. Былі падняты пытанні правядзення вольнага часу дзяцей і дарослых: у пасёлку не працуюць спартыўная зала ў доме культуры, трэнажорная зала. Усе пытанні, агучаныя падчас тэлефоннай размовы, узяты пад асабісты кантроль старшыні райвыканкама.

Праблему падтоплівання ўчастка падняла жыхарка аг. Шашкі. Камісія ў складзе інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў пачатку тыдня абавязкова разбярэцца ў данай сітуацыі.

Жыхарка в. Найдзёнавічы Вольга Лебедзева звярнулася з просьбай зрабіць пад’езд да яе дома (раней дарога праходзіла праз поле).

Хвалявалі жыхароў Стаўбцоўшчыны і пытанні вывазу цвёрдых бытавых адходаў, удакладнення даты ўтварэння г. Стоўбцы, а таксама – якія мерапрыемствы плануюцца ў раёне да 140-й гадавіны з дня нараджэння Якуба Коласа. Паступіла і прапанова ад Валерыя Кульбякі – пісаць назвы вуліц не толькі на рускай мове, але і на беларускай.

Увогуле, пытанні на прамую лінію паступалі розныя, але злабадзённыя. Некаторыя грамадзяне эмацыянальна выказваліся аб сваіх праблемах, бо часта з імі сутыкаюцца. Большасць пытанняў вырашалася аператыўна, падчас тэлефонных размоў. Некаторыя праблемы патрабуюць больш падрабязнага вывучэння. Радуе, што людзі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, неабыякавыя да лёсу сваёй малой радзімы.

Кожны заяўнік можа мець упэўненасць, што яго пытанне будзе вырашацца з удзелам адпаведных службаў. Пісьмовы адказ атрымаюць усе, хто звярнуўся на прамую лінію.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *