21 ЛЮТАГА – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

Главное

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам.

Янка Сіпакоў

Кожны раз, калі я бываю ў Полацку, адразу іду да помніка душы і сэрца – помніка Ў. Цікава, што літару «Ў», якая ёсць толькі ў нас, беларусаў, у якасці назвы выкарысталі мінская арт-галерэя і музычны гурт – «У нескладовае».

Яшчэ ў 1956 г. Якуб Колас пісаў: «Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ўжо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму наша задача – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах».

З маленства незвычайнае хараство і гармонія чуюцца нам у родным слове. Ніколі не забыць, як прыгожа гаварыла на дыялектнай мове мая бабуля Таццяна. Дарэчы, слоўнік літаратурнай мовы налічвае каля 500 тыс. слоў, у дыялектнай жа мове – каля 1,5–2 мільёнаў слоў. Мова, якая захавалася ў вёсках, цікавая тым, што яна спрадвечная. Гэта ўнікальная крыніца інфармацыі для філолагаў, сацыёлагаў, філосафаў, псіхолагаў, этнографаў, гісторыкаў.

Задумаемся над словамі Уладзіміра Караткевіча: «Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў». А мова наша распаўсюджана не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. Па-беларуску размаўляюць між сабой эмігранты ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, іншых краінах. Адным словам, у кожным куточку планеты Зямля, дзе б’юцца беларускія сэрцы, жыве матчына мова.

Добра, што ў 1989 г. было заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Прыемна, што 21 лютага, у Сусветны дзень роднай мовы, беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Упершыню яна прайшла 23 сакавіка 2008 г. Многія ўжо сур’ёзна задумаліся над выказваннямі-слоганамі: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Сто ідэй для Беларусі», «Купляйце беларускае!», якія заклікаюць, запрашаюць да вывучэння айчыннай гісторыі, адраджэння маральна-інтэлектуальнай спадчыны. У ХХ стагоддзі ўжыванне беларускай мовы многія лічылі прыкметай вясковасці, а сёння – інтэлігентнасці, нават элітнасці, і гэта не можа не радаваць. Ужо ніхто на цябе не глядзіць са здзіўленнем, калі ты размаўляеш па-беларуску ў транспарце ці ў краме.

Нельга не вітаць і з’яўленне бясплатных курсаў «Мова ці кава», якія збіралі аншлагі ў Мінску, іншых гарадах Бацькаўшчыны. Неўзабаве ўзніклі новыя адметныя курсы – «Мова нанова». Многія заўважылі прыгажосць сацыяльнай рэкламы «Смак беларускай мовы» і «Родныя даты». А гэта ўжо праекты кампаніі «Белзнешрэклама», якая зладзіла сумесна з прадстаўніцтвам Samsung у Беларусі і праект «Багацце-Смак-Прыгажосць беларускай мовы». Цудоўна, што ў нашай краіне адбываюцца фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі (AD.NAK!).

Прыемна, што сёння беларуская мова для многіх суайчыннікаў стала элітарнай: на ёй размаўляюць педагогі, літаратары, мастакі, журналісты, праграмісты, дзеячы навукі і культуры. Хораша, што на Беларускай чыгунцы, у адпаведнасці з рашэннем яе кіраўніцтва, практыкуецца двухмоўнае інфармаванне пасажыраў. Менавіта праз роднае слоўца здольна адраджацца наша душа, душа народа, душа нацыі… А ў свой час Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі шчодра і апантана пасеялі першыя зярняткі, з якіх і нараджалася беларускасць. Неабсяжныя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцяў, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію і псіхалогію.

Упэўнены, што наступныя пакаленні будуць дапаўняць, развіваць мову. Самае ж галоўнае – захаваць яе.

Канстанцін КАРНЯЛЮК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *